75-летие со дня своего освобождения Могилев отметит масштабным концертом с реконструкцией событий Великой Отечественной войны

У чэрвені 1944-га

28 чэрвеня для магіляўчан — дзень асаблівы. 75 гадоў таму Чырвоная Армія прарвала аж тры мяжы абароны ворага, і Магілёў скінуў амаль трохгадовае ярмо фашысцкай акупацыі. У васямнаццаць гадзін камендант горада генерал фон Эрдмансдорф быў узяты ў палон, і гараджане нарэшце змаглі адзначыць сваё вызваленне. Што перажылі яны ў гады вайны? Як абаранялі родны горад і змагаліся з фашыстамі падчас акупацыі? Каб нагадаць аб гэтым, у Магілёве вырашылі ўзнавіць кар­ціну незабыўнага міну­лага ў маштабнай тэатралізаванай рэканструкцыі «Сал­датамі былі ўсе». Ацаніць яе гледачы змогуць сёння вечарам. А напярэдадні мы на свае вочы паба­чылі, як горад рыхтуецца да пастаноўкі, у якой задзейнічана каля чатырох тысяч (!) чалавек.

Усяго ў пастаноўцы задзейнічана пяць самалётаў, восем танкаў, савецкія і нямецкія матацыклы, машыны ваеннага перыяду.

Дакрануцца да гісторыі

Месца рэпетыцыі знайсці няцяжка: імправізаваная сцэна на левым беразе Дняпра добра бачна і з шашы, і з моста цераз рэчку. Чым бліжэй тры гадзіны дня, тым больш пасажыраў выходзіць на прыпынку ля гандлёвага цэнтра. Аж тры сцэны і дэкарацыі на пары-тройцы гектараў навокал — двухпавярховыя дамы, КПП, дарога з драўляным насцілам, танкі, зеніткі. Кожны з самадзейных артыстаў займае зададзеную пазіцыю, і прагон пачынаецца. Каманды амаль што ваенныя:

— Левы фланг, трэба падцягнуцца! Правы, не адстаём, трымаем тэмп! 

Пакуль адны маршыруюць на падмостках, другія нясуць сцягі. Педагог-арганізатар магілёўскай СШ № 12 Ірына Рэвуцкая ўдакладніла, што ў асноўным сцяганосцы — вучні старэйшых класаў:

— Што тычыцца непасрэдна нашай школы, то яна якраз і робіць акцэнт на ваенна-патрыятычным выхаванні. Гісторыя Магілёва для іх не пусты гук. Дакрануцца да яе такім вось чынам, стаць часткай рэканструкцыі ваеннага «дзённіка» для нас — вялікі гонар. 

Падчас прэм’еры пранясуць чырвоныя палотнішчы.

Агульная справа

Адны з самых маленькіх артыстаў — выхаванцы сёмай дзіцячай школы мастацтваў горада — перапынак у рэпетыцыі праводзілі ля палаткі. Дзяўчынкі і хлопчыкі такім чынам хаваліся ад спякоты. Калі б быў дождж, то брызент выратаваў бы і ад яго. Выкладчык Святлана Ложачнік паведаміла, што ўсяго ў пастаноўцы задзейнічана 25 выхаванцаў школы:

Быць часткай маштабнага спектакля — ганарова.
— Яны ўвасабляюць дзяцей вайны. Рэпеціруем з пачатку чэрвеня — па чатыры гадзіны штодзень. Скаргаў на тое, што нехта стаміўся, пакуль не было. Наадварот, дзеці ставяцца да спектакля з цікавасцю і адказнасцю.

Тым часам з боку моста цераз Днепр на зялёную «сцэну» прыбылі дзве павозкі. Конюх Міхаіл Механік ахвотна растлумачыў:

— Нашы скакуны — з Магілёў­скага цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і. Аднак гэта не спартыўныя коні, а гаспадарчыя. Па задумцы Дульсінея і Мускат будуць перевозіць і дзяцей, і раненых, і рабочых. 

На дальнім плане бачны двухпавярховыя дамы — менавіта такія ў асноўным і былі ў Магілёве да вайны. З другога боку — звычайныя хаты. Паставілі іх сіламі работнікаў ЖРЭУ Ленінскага раёна. Мастаку Уладзіміру Гапееву засталося нанесці ўсяго некалькі штрыхоў для таго, каб дэкарацыі мелі закончаны выгляд. Рабочы Міхаіл Паўлючкоў таксама ўнёс сваю лепту ў добрую справу — маляваў бярвенні. У такім праекце, адзначылі абодва, раней удзельнічаць ім яшчэ не даводзілася. Тым з большай цікавасцю, прызналіся, будуць глядзець прэм’еру. 

На дальнім плане з’явіліся двухпавярховыя дамы.

«Па машынах!»

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава ўдакладніла, што ідэю маштабнага тэатралізаванага прадстаўлення рэалізуюць дзесяць рэжысёраў. Спачатку ішлі лакальныя рэпетыцыі розных сцэн, а ў апошні тыдзень перад прэм’ерай пачаліся агульныя прагоны. 

Апошні тыдзень самы напружаны.
— Усе мы — ад аўтараў задумкі да людзей, якія яе ўвасабляюць (а сярод іх — магіляўчане самых розных прафесій і ўзросту), — аддалі пастаноўцы частку свайго сэрца. Абыякавым да таго, што перажылі горад і магіляўчане падчас вайны і нямецкай акупацыі, насамрэч застацца цяжка.

Ірына Валер’еўна адзначыла, што рэканструкцыя закране шмат эпізодаў з жыцця Магілёва 1940-х гадоў. Мірны час, бамбёжкі, акупацыя, вызваленне, Перамога. Упершыню гледачам будзе прадэманстраваны танкавы бой — аднавіць такія баталіі дапаможа тэхніка, якую прадаставіў «Беларусьфільм», а таксама нашы і рускія рэканструктары. Акрамя таго, запланаваны сюжэт паветранага бою з высадкай нямецкага дэсанту. Усяго ў пастаноўцы задзейнічана пяць самалётаў, восем танкаў, савецкія і нямецкія матацыклы, машыны ваеннага перыяду. 

— Асаблівасць пастаноўкі яшчэ і ў тым, што ў ёй будуць гучаць сучасныя музыка, песні, вершы. І яны адпавядаюць падзеям, эмоцыям і перажыванням таго часу, — расказала Ірына Жабарава. 

Арганізатары падкрэслілі: месца для незвычайнага спектакля абрана так, каб назіраць за ім маглі як мага больш магіляўчан. Для зручнасці гледачоў батальныя і іншыя сцэны будуць трансліраваць на светадыёдныя экраны ў дзесяць метраў вышынёй. «Мы маем намер паказаць трагізм тых падзей і гераізм савецкіх людзей, якія адстаялі незалежнасць нашай краіны. Нагадаць, якой цаной было здабыта самае каштоўнае, што ў нас ёсць, — мірнае неба над галавой, — падкрэсліла Ірына Жабарава. — Спадзяёмся, што рэканструкцыя нікога не пакіне абыякавым». 

markova@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter