У Чашніцкім раёне працуюць з пяці раніцы да апоўначы

ПАТЭЛЕФАНАВАЎ учора зранку старшыні Чашніцкага райвыканкама Уладзіміру БУЛАЮ

— Непагадзь, канечне, перашкаджае, — пагадзіўся ён, — але нарыхтоўку кармоў не спыняем. Дзейнічаем у залежнасці ад абстаноўкі. У асноўным рыхтуем сянаж. Зрэдку — сілас з прымяненнем кансервантаў. У касавіцы прымае ўдзел, па сутнасці, увесь раён. З падшэфных арганізацый задзейнічалі 80 адзінак тэхнікі, кадры. Людзі працуюць з пяці раніцы і амаль да апоўначы. Скошана каля трыццаці працэнтаў плошчаў. Лідзіруюць сельгаспрадпрыемствы «Кашчынскае», ААТ «Аграсэрвіс», «Праземле-Агра», «Іванскі-Агра».

У апошняй гаспадарцы, па словах яе дырэктара Віктара Унуковіча, касавіцу пачалі самымі першымі ў раёне, яшчэ 23 мая, і выкарысталі спрыяльнае надвор’е. Звяртае ўвагу і прадуманая арганізацыя працы. Створаны два корманарыхтоўчыя атрады. У першым — касілкі КПР-9 і Дзіска-3,2, два падборшчыкі, чатыры трактаркі з прычэпамі ПІМ і «Днепр» — на адвозцы. За дзень атрад нарыхтоўвае да 350 тон зялёнай масы. Ужо закладзены дзве траншэі сенажу: па тысячы тон кожная. Нарыхтоўка кармоў не перапыняецца ні на дзень.

А як жа дождж? Ён жа — для ўсіх!

Прымяняем кансервант біа-сіл, наш, беларускі: адзін грам на тону зялёнай масы. Вельмі цудоўна дзейнічае. Тэмпература корму пры закрыцці траншэі ўсяго 18—23 градусы.

У «Іванскім», як і вызначана па плану, маюць цвёрды намер завяршыць першы ўкос да 15 чэрвеня.

У цэлым па вобласці, згодна з інфармацыяй камітэта сельскай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама, травы скошаны на 37,2 тысячы гектараў, што складае 16 працэнтаў. На 13,8 тысячы гектараў — убраны. Нарыхтавана 66124 тоны сенажу, 3550 тон сіласу і 688 тон сена.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter