Что готовят католики накануне Рождества

У чаканні Пана

Сёння вечарам католікі збяруцца за вігілійным сталом, каб сустрэць надыход вялікага свята

У святочны вечар напярэдадні Божага Нараджэння родныя і блізкія, нягледзячы на кіламетры, стараюцца аказацца побач — каб разам памаліцца і паламацца аплаткай. На жаль, у разгар пандэміі многім прыйдзецца парушыць шматгадовую традыцыю, каб зберагчы здароўе адзін аднаго. Але гэта не павінна нас засмучаць — і ў маленькім сямейным коле можна адчуць вялікую радасць ад прыйсця Збаўцы. А дапамогуць у гэтым святочныя рытуалы,  сімвалы і стравы.


У некаторых каталіцкіх сем’ях перад Божым Нараджэннем прынята ладзіць святочныя яслі з выявай маленькага Езуса, Марыі і Юзафа. Як правіла, яны ставяцца на бачнае месца ў доме. Стол засцілаецца белым абрусам, а пад яго кладзецца крыху сена — напамін аб убостве віфлеемскага грота, дзе Марыя нарадзіла Сына. У некаторых сем’ях на стол ставяць свечку — сімвал Езуса і яго Святла, а таксама фігурку нованароджанага Збаўцы. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладуць аплатку і Евангелле.

Сёння няма строгіх прадпісанняў адносна захавання посту і ўстрымання ад мяса напярэдадні Божага Нараджэння. Аднак многія беларускія католікі па-ранейшаму посцяць 24 снежня і на вігілійны стол падаюць выключна посныя стравы. Гэта крупяная каша куцця, разнастайныя рыбныя стравы, булачкі з макам і іншымі начынкамі, макавае малачко з баранкамі, кісель, грыбы і гэтак далей.

За стол сядаюць, калі на небе засвеціцца першая зорка — сімвал Віфлеемскай зоркі. Па даўняй традыцыі адно месца пакідаюць свабодным — як памяць аб памерлых родных, а таксама вандроўніках, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

Пачынаецца святочная вячэра з прачытання ўрыўка з Евангелля аб нараджэнні Хрыста і сумеснай малітвы. Пасля ўсе прысутныя за сталом дзеляцца аплаткай — тонкім прэсным хлебам, які выкарыстоўваецца ў святой Імшы. Адломваючы невялікі кавалачак ад чужой аплаткі, блізкія выказваюць адзін аднаму пажаданні, а потым прымаюцца за святочныя стравы.

Пасля вячэры ў многіх сем’ях прынята збірацца на пастарку (ад лацінскага слова pastor — «пастух»). Так называюць урачыстае набажэнства, якое звычайна адбываецца ў храмах бліжэй да поўначы. Сёлета, напэўна, многія з-за пандэміі пажадаюць застацца дома. Але і ў хатніх умовах можна будзе далучыцца да сумеснай малітвы — трансляцыі службаў будуць весціся і на беларускім ­тэлебачанні, і на сайтах ­парафій.

У ТЭМУ 

Вігілія ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «чуванне». У Беларусі вечар напярэдадні Божага Нараджэння называюць таксам Куццёю — па аналогіі з аднайменнай крупяной кашай, якая прысутнічае на стале ў гэты святочны вечар.

ШТО ПРЫГАТАВАЦЬ

Запечаны карп

Вам спатрэбяцца: карп свежы (1—2 кг), 2 лімоны, чабор, базілік, пятрушка, 7—8 зубчыкаў часнаку, аліўкавы алей, буйная соль, перац, памідоры чэры.


Карпа пачысціце і выпатрашыце, пакінуўшы галаву. Натрыце соллю і перцам. Здрабніце ўсю зеляніну і змяшайце з парэзанным часнаком. Гэтай сумессю напоўніце брушка рыбы. Пакладзіце карпа на пергамент, у скурцы зрабіце надрэзы і запраўце туды долькі лімона, для мацнейшага водару паліце рыбу зверху лімонным сокам. Апошні крок — раскладзіце вакол карпа памідоры і змажце рыбу алеем. Выпякайце пры 200 °C з разліку 25—30 хвілін на кілаграм карпа.

Мядовы кісель

Вам спатрэбяцца: 150 г мёду, 0,5 л вады, 2 ст. л. бульбянога крухмалу, 4 бутоны гваздзікі, 3 ст. л. лімоннага соку, цэдра лімона.


У ваду дадайце цэдру лімона і гваздзіку, давядзіце да кіпення. Дайце настаяцца і працадзіце. Зноў давядзіце да кіпення, увядзіце разведзены халоднай вадой ­крухмал, размяшайце і зноў давядзіце да кіпення. Астудзіце крыху, дадайце мёд і змяшайце. У халодны кісель дадайце сок лімона.

Коска з карыцай і макам

Вам спатрэбяцца: для цеста — 300 г мукі, 120 мл цёплага малака, 1 яйка, 30 г сметанковага масла, 1 ст. л. цукру, 0,5 ч. л. солі, 1,5 ч. л. дражджэй; для начынкі — 2 ст. л. карыцы, 1 ст. л. маку, 100 г цукру, 70 г сметанковага масла. 


Змяшайце малако, 1 ч. л. цукру і дрожджы, пакіньце на 5—10 мінут. Дадайце муку, соль і астатні цукар, перамяшайце, дадайце яйка. Замясіце цеста так, каб не прыліпала да рук. Умяшайце размякчанае масла, замясіце цеста, накрыйце і дайце яму адпачыць 10 мінут. У гэты час падрыхтуйце начынку — змяшайце карыцу, цукар і размякчанае масла. Тонка раскатайце цеста — павінен атрымацца прамавугольнік прыкладна 30 х 40 см. Размяркуйце раўнамерна начынку, пасыпце макам, зрабіце шчыльны рулет. Разрэжце яго ўздоўж на дзве часткі, крыху адступіўшы ад пачатку, каб палавінкі былі злучаны. Перапляціце іх паміж сабой так, каб зрэзы аказаліся зверху, злучыце канцы коскі паміж сабой — атрымаецца вяночак. Перакладзіце ў форму, засланую пергаментам. Выпякайце 25 мінут пры 180 °C.

mila@sb.by

Фота аўтара, yandex.ru, medaboutme.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter