Чаму мы нічога не ведаем пра сучасные беларускае кіно?

У чаканні Феліні. Нашага

Вось ужо некалькі гадоў, з таго часу, як на фестывалі “Лістапад” з’явіўся конкурс нацыянальнага кіно, з задавальненнем наведваю яго паказы з нясмелай надзеяй на тое, што ўбачу першыя работы тых, каго потым назавуць беларускім Феліні або Вісконці. І ведаеце, усё не так безнадзейна, як часам нам спрабуюць прадставіць.

Наша кінематаграфічная моладзь здымае, нягледзячы на тое, што Міністэрства культуры пакуль так і не выпрацавала пэўную стратэгію развіцця нацыянальнага кіно без прэтэнзіі на вялікі бюджэт. Няхай гэтае кіно не бездакорнае, мае пэўныя мастацкія і тэхнічныя агрэхі, але падкупляе яго шчырасць. Галоўнае, што ёсць у такога кіно, — увага гледачоў.

У мінулым годзе былі арганізаваны дадатковыя сеансы на кінафільм “ГараШ”, таму што зала кінатэатра “Мір” не змясціла ўсіх жадаючых убачыць гэтую сацыяльную трагікамедыю. І гэта пра нешта ды гаворыць.

Вось і ў гэтым годзе я зноў аддаў сваё сэрца нацыянальнаму конкурсу, выпускаючы з=пад увагі прызёраў міжнародных кінафестываляў, якімі стракаціць афіша “Лістапада”. Таму што мне перш за ўсё цікава ўбачыць на экране наша жыццё і нашы праблемы. Убачаныя гульнявыя кароткаметражкі “Души мертвые”, “Счетчик счастья”, “Консьерж”, “Хомут”, “Двадцатьшестнадцать”, на мой погляд, лёгка могуць прадстаўляць нашу краіну на розных кінафестывалях. У іх ёсць свежае дыханне і навізна погляду. А пераможца леташняга конкурсу Мікіта Лаўрэцкі прадставіў ужо новую работу “Любовь и партнерство”. І зноў прыемна здзівіў. Спадзяюся, што нашы кіначыноўнікі не пройдуць міма гэтых работ. Бо так важна, каб малады талент заўважылі і ацанілі ў самым пачатку.

Мікалай Паўлевіч, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter