Сезон «большой клубники» начинается с опозданием: как это повлияет на цену?

У чаканні чырвонай спёкі

Першыя клубніцы, вырашчаныя ў цяпліцах, з’явіліся на рынках паўднёвых рэгіёнаў краіны ў пачатку мая. Каштавалі яны больш за 20 рублёў за кілаграм. Зараз у Брэсце цэны на клубніцы пачынаюцца з 8 і даходзяць да 15 рублёў за кіло. Кошт на ягады зніжаецца павольна. Вытворцы кажуць, што ўсяму віной халоднае надвор’е. Чаго чакаць у чэрвені — ніхто не бярэцца прагназіраваць.

На рынках можна купіць грэцкую, украінскую, сербскую ягаду, але многія прынцыпова шукаюць беларускую.

«Ураджай павінен быць нядрэнны, але…»

Пра такіх, як Мікалай Устымчук з вёскі Рудск Іванаўскага раёна, на Захадзе кажуць: self-made man — усяго дасягнуў сам. Яго фермерская гаспадарка — адна з лепшых не толькі на Брэстчыне, але і ў краіне. На 340 гектарах Устымчук вырошчвае збожжавыя, бульбу, цыбулю, буракі, моркву, яблыкі, буякі. Дванаццаць гектараў займаюць клубніцы. Ягады растуць у адкрытым грунце:

— Ураджай павінен быць нядрэнны, шмат завязі. Але вось надвор’е падводзіць: холадна, ветрана. У нашай гаспадарцы пяском задзьмула 15 гектараў цыбулі. Што з ёй будзе — незразумела. Клубніцы з-за нізкіх тэмператур растуць павольна, даводзіцца падкормліваць. Калі кусты пачалі цвісці, іх вышыня ледзь дасягала 10 сантыметраў, хоць яны павінны быць як мінімум у два разы вышэй.

Галоўны спажывец фермерскіх ягад — расійскія перакупшчыкі. За чвэрць стагоддзя ў Мікалая Устымчука сфарміравалася вялікая кліенцкая база. У вёску Рудск за гароднінай, садавінай і ягадамі прыязджалі аптавікі з розных рэгіёнаў краіны-суседкі. Што будзе ў чэрвені, Мікалай Мікалаевіч не ведае:

— Па вялікім рахунку, патрэбы ўнутранага рынку нашай краіны можа закрыць адзін Драгічынскі раён. А куды дзець ягады астатнім? Таму важна, каб у нас была магчымасць пастаўляць сваю прадукцыю ў Расію. У ранейшыя гады да нас прыязджала шмат перакупшчыкаў. Ці паедуць яны зараз — цікавае пытанне. Закрытыя межы прывядуць да лішкаў ягад на ўнутраным рынку. Кошт абваліцца. Спажывец ад гэтага выйграе, але вось фермеры панясуць страты.

Дванаццаць гектараў у гаспадарцы Мікалая УСТЫМЧУКА займаюць клубніцы.

Першыя ягады карыстаюцца попытам

Аляксандр Раманюк з вёскі Лунін Лунінецкага раёна таксама займаецца вырошчваннем клубніц. Праўда, стаж у яго невялікі — усяго два гады. Да справы Аляксандр падышоў сур’ёзна: вывучае вопыт замежных фермераў, эксперыментуе з еўрапейскімі сартамі, укараніў малааб’ёмную тэхналогію вырошчвання. Пад ягады ў яго уласнай падсобнай гаспадарцы адведзена 75 сотак. Дваццаць сотак займаюць цяпліцы. Першыя клубніцы тут сабралі ўжо ў пачатку мая.

Селянін знаёміць з асаблівасцямі малааб’ёмнай тэхналогіі:

— Адзін куст займае мінімальную плошчу. Ён расце ў 2—3 літрах грунту. Атрымліваецца, што на 20 сотках мы высадзілі столькі ж кустоў, колькі звычайна высаджваюць на 50 сотках. Зразумела, пры такой шчыльнасці кошт кожнай дапушчанай памылкі ўзрастае мнагакратна.

Аляксандр расказвае, што з-за вялікага перападу сутачных тэмператур ягады растуць слаба:

— Днём у цяпліцах можа быць да +30, а ўначы — каля нуля. Для клубніц гэта стрэс, яны проста перастаюць расці. Спрабуем з дапамогай спецыяльных метадаў гэты стрэс мінімізаваць. Калі ягад мала, яны, натуральна, каштуюць даражэй. Да таго ж попыт цяпер нядрэнны. Як толькі пачнецца масавы сезон, цана пойдзе ўніз. Некалькі дзён таму мы прадавалі клубніцы па 12 рублёў, сёння аддаём за 10. Пастаўляем яе ў Мінск, у Баранавічы, у Пінск.

Аляксандр расказвае, што на рынках можна купіць грэцкую, украінскую, сербскую ягаду, але многія прынцыпова шукаюць беларускую. Хоць бы таму, што яна будзе больш свежай, чым прывезеная з-за краю свету.

— Спадзяёмся, што, нягледзячы на ўсе складанасці, сезон будзе ўдалым, — працягвае Аляксандр. — Больш за ўсё перажываем нават не за надвор’е, а за тое, ці будзе ў нас магчымасць пастаўляць клубніцы за межы краіны. А сюрпрызы надвор’я — гэта таксама вопыт. У канцы сезона падвядзем вынікі, прааналізуем, завострым увагу на дапушчаных памылках і зробім высновы на будучыню.

Спелая ягада — любімы летні ласунак.

Навіны з Дварца

На галоўным рынку Брэста клубніцамі гандлююць некалькі прадаўцоў. Цана ва ўсіх аднолькавая. За дробныя ягады просяць 8 рублёў. Буйныя і прыгожыя каштуюць 13. Усе як адзін сцвярджаюць, што клубніцы вырашчаны ў Беларусі.

— Глядзіце, якая прыгажосць! І смак — ачмурэць! Бярыце, не пашкадуеце! Наша ягадка, не імпартная, з Камянецкага раёна, — нахвальвае тавар прадавец. Цікаўлюся сёлетнім ураджаем. Адказ аказаўся зусім процілеглым таму, які я чакаў пачуць:

— Выдатныя сёлета клубніцы. Паглядзіце, якія буйныя, сакавітыя. Мы вельмі задаволеныя.

— А дзе менавіта ў Камянецкім раёне вы вырошчваеце? — удакладняю.

— У Дзівіне.

— Але Дзівін знаходзіцца ў Кобрынскім раёне…

— Дык я і кажу пра Кобрынскі.

Увогуле, пытанне аб паходжанні тых ці кобрынскіх, ці камянецкіх клубніц так і застаўся адкрытым…

На галоўнай клубнічнай біржы Брэстчыны — аптовым рынку вёскі Дварэц Лунінецкага раёна — усё гатова да пачатку «вялікага сезона». Сёлета з-за халоднага надвор’я ён перамесціцца прыкладна на 10 дзён.

— Летась сезон пачаўся 25 мая. Цяпер чакаем наплыву пакупнікоў і прадаўцоў дзесьці з 5 чэрвеня, — распавядае заснавальнік і дырэктар дварэцкай «камароўкі» Ігар Пракаповіч. — Мы ўжо размаўлялі з прадпрымальнікамі з Мінска, Віцебска, якія пастаянна закупляюць у нас ягады. Яны пацвердзілі, што гатовыя ехаць у Дварэц і сёлета. Зразумела, намі выкананы ўсе рэкамендацыі санітарных службаў. Гэта і наяўнасць сродкаў дэзынфекцыі для наведвальнікаў, і зоны сацыяльнай дыстанцыі, і абавязковае выкарыстанне закупшчыкамі масак і пальчатак. Індывідуальныя сродкі аховы можна набыць на рынку. Так што да сезона мы гатовыя і спадзяёмся, што для ўсіх ён складзецца ўдала.

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter