У чаканні «Паўлінкі»

Купалаўцы абжываюць адноўлены рэканструкцыяй будынак тэатра

Купалаўцы абжываюць адноўлены пасля рэканструкцыі будынак тэатра

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы перададзены калектыву, перадае БЕЛТА. Як адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, які прысутнічаў на мерапрыемстве, усе будаўнічыя і аддзелачныя работы завершаны. Інжынерныя сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць будынка, — ацяпленне, каналізацыя, вентыляцыя, сістэма пажаратушэння, — працуюць. «Калектыў тэатра можа спакойна пераязджаць і абжываць памяшканне», — падкрэсліў намеснік міністра.

Павіншаваць купалаўцаў са знамянальнай падзеяй прыехаў і старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Ён адзначыў, што на працягу студзеня—лютага будуць унесены апошнія штрыхі. «Асноўныя работы выкананы, засталося толькі, як гаворыцца, абжыцца. Завезці рэквізіт, давезці мэблю, развесіць карціны, наладзіць абсталяванне сцэны», — сказаў мэр сталіцы.

Ужо пасля навагодніх святаў у тэатры, які набыў сваё гістарычнае аблічча, пачнуцца рэпетыцыі спектакляў. Зараз жа вядзецца наладка абсталявання сцэны: новай механікі, святла і гуку.

Сцэна павялічылася ў глыбіню на 4 метры, пры гэтым колькасць месцаў у глядзельнай зале паменшылася ў сувязі з сучаснымі патрабаваннямі пажарнай бяспекі з 500 да 360. Паміж радамі крэслаў з’явіліся зручныя шырокія праходы. Тэатральны інтэр’ер выкананы ў гістарычнай каляровай гаме — сіне-бірузовай. За сцэнай з’явіліся новыя так званыя кішэні — памяшканні, дзе падрыхтоўваюцца дэкарацыі да спектакля. Вялікай радасцю для купалаўцаў сталі і тры рэпетыцыйныя залы, адна з якіх па памерах цалкам дубліруе асноўную сцэну. Кожная з грымёрак абсталявана душавой кабінай і туалетам.

Урачыстае адкрыццё тэатра адбудзецца ў сакавіку 2013 года. Як адзначыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін, першым спектаклем, пастаўленым на новай сцэне, стане «Паўлінка». «Цяпер зоймемся адаптацыяй да сцэны прыблізна 20 спектакляў, якія ішлі ў нас на розных пляцоўках. А першым новым спектаклем стане «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча», — распавёў Мікалай Пінігін.

Рэканструкцыя Купалаўскага тэатра пачалася ў 2010 годзе. На ёй былі заняты каля тысячы будаўнікоў. Рэканструкцыя прадугледжвала вяртанне будынку яго гістарычнага выгляду, а таксама аснашчэнне самым сучасным абсталяваннем. Сам будынак тэатра быў пабудаваны ў 1890 годзе па праекце польскага архітэктара Караля Казлоўскага. Яго аўтарству належаць будынкі тэатра ў Любліне, кансерваторыі ў Варшаве і іншыя. У 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр’ераў па праекце Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе рэканструяваны галоўны фасад па праекце архітэктара Абрама Духана: былі надбудаваны бакавыя крылы да другога паверха і праведзена перапланіроўка некаторых памяшканняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter