У будучыню праз мінулае

Мінчане змогуць трапіць у СССР і навучыцца танцаваць вальс

З 17-га на 18 мая мінчанам прапануюць трапіць у СССР і навучыцца танцаваць вальс.

Ва ўсім свеце пройдзе акцыя «Ноч музеяў». У час яе, напрыклад, наведвальнікі Музея гісторыі Мінска «перанясуцца» ў 1940—1980-я гады. Для іх падрыхтавана экспазіцыя «Back in USSR/Зноў у СССР». Тут жа гасцей пачастуюць чорным, зялёным, белым, жоўтым і травяным чаем.

Тых, хто завітае ў Нацыянальны гістарычны музей, з 19.00 да 2.00 чакае сустрэча з мімамі і артыстамі на хадулях. Тут падрыхтавалі шоу мыльных бурбалак.

У Доме-музеі І з’езда РСДРП з 19.00 да 22.00 пакажуць анімацыйныя казкі ГДР, створаныя кінакампаніяй «DEFA». У гэты ж час у музеі прэзентуюць выставу «OSTальгія», прысвечаную сяброўству паміж жыхарамі ГДР і СССР.

Падтрымаюць акцыю «Ноч музеяў» і ў абласных цэнтрах. У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі можна будзе пасядзець у французскім кафэ, зазірнуць у італьянскі дворык, паслухаць джаз.

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі пройдуць рыцарскія турніры, а ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава навучаць рабіць керамічныя цацкі-свістулькі.

Дарэчы, на наступны дзень — 18 мая ўсе музеі краіны будуць працаваць бясплатна. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter