У бойнях біць або збыць?

ІНДЫВІДУАЛЬНЫ прадпрымальнік з аграгарадка Клепачы Пружанскага раёна Уладзімір МАСКАЛЕВІЧ вырошчваннем свіней на продаж займаецца даўно. Калі пачуў аб прыняцці Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання краіны пастановы «Аб зацвярджэнні ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадуктыўных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», дык адразу ўсхваляваўся. І справа не ў тым, што, згодна з дакументам, набыўшым законную сілу з 1 мая бягучага года, забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней для далейшай рэалізацыі мяса павінен весціся ў арганізацыях, якія займаюцца дзейнасцю па забоі сельскагаспадарчых жывёл. Уладзіміра Васільевіча непакоіць тое, што ў важнай справе пакуль не ўсё адрэгулявана як след.

З такімі пытаннямі ўсё часцей сутыкаюцца жыхары Брэстчыны, якія вырошчваюць жывёлу для рэалізацыі на мяса

ІНДЫВІДУАЛЬНЫ прадпрымальнік з аграгарадка Клепачы Пружанскага раёна Уладзімір МАСКАЛЕВІЧ вырошчваннем свіней на продаж займаецца даўно. Калі пачуў аб прыняцці Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання краіны пастановы «Аб зацвярджэнні ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадуктыўных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», дык адразу ўсхваляваўся. І справа не ў тым, што, згодна з дакументам, набыўшым законную сілу з 1 мая бягучага года, забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней для далейшай рэалізацыі мяса павінен весціся ў арганізацыях, якія займаюцца дзейнасцю па забоі сельскагаспадарчых жывёл. Уладзіміра Васільевіча непакоіць тое, што ў важнай справе пакуль не ўсё адрэгулявана як след.

ЗРАЗУМЕЛА, сітуацыя з захворваннем дамашніх жывёл патрабуе ўдасканалення мер па іх папярэджанні, жорсткім кантролі за рэалізацыяй прадукцыі. На думку індывідуальнага прадпрымальніка, лабараторыі на рынках, куды ён прывозіць сваю прадукцыю для продажу, са сваімі задачамі спраўляюцца някепска. Без сур’ёзнай праверкі тут не рэалізуеш ніводнага кілаграма мяса ці сала. І нараканняў ад пакупнікоў ніколі не было, а цэны задавольвалі людзей. Цяпер, хочаш  не хочаш, кошт гатовай прадукцыі даводзіцца падымаць, а закупачныя цэны, па якіх жывёлу набываеш у насельніцтва, рабіць больш таннымі. Інакш з рэалізацыяй мяса «вылеціш у трубу». Паслуга за забой жывёлы, яе транспарціроўку каштуе нямала. За парсючка вагой у 120 кілаграмаў прадпрыемству, куды звяртаешся, трэба заплаціць каля 500 тысяч рублёў. А большых свіней туды не здасі. Паспрабуй загрузіць двухсоткілаграмовага кабана ў кузаў машыны! Ніякіх сіл не хопіць, нават калі прыкладуць намаганні некалькі чалавек. Ды і не гараць жаданнем у забойным цэху прымаць вялікіх свіней. Між тым на кірмашы сала, атрыманае з іх, карыстаецца найбольшым попытам.

— Пастанову прынялі, а як яна на справе дзейнічае, ніхто не цікавіцца, — гаворыць Уладзімір Маскалевіч. — Гэтак з часам на рынках можа не аказацца ні сала, ні мяса. Магутнасцяў цэхаў забою на ўсіх жадаючых недастаткова. У іх і без нас хапае работы. Са сваімі праблемамі мы вырашылі звяртацца да дэпутатаў раённага і вышэйшых узроўняў. Трэба ўсё належным чынам адпрацаваць, каб людзі не адмаўляліся ад вырошчвання жывёлы на продаж. Некаторыя жыхары нашых вёсак ад безвыходнасці вымушаны прыбягаць да такіх мер.

ЯШЧЭ адно набалелае пытанне, актуальнае ў цяперашні летні час, заключаецца ў тым, што таго ж самага парсючка ад падворка да кірмашу трэба даставіць як мага хутчэй, каб мяса не сапсавалася. У такой сітуацыі ланцужок ферма — забойны цэх — рынак павінен працаваць дакладна, як гадзіннік. Пакуль забойны цэх філіяла Пружанскага раённага спажывецкага таварыства «Прадтавары» з гэтай задачай спраўляецца. Але і кліентаў з ліку індывідуальных прадпрымальнікаў ды ўладальнікаў падсобных гаспадарак тут можна пералічыць па пальцах. Спецыяльна для гэтай катэгорыі людзей  супрацоўнікі цэха наладзілі работу згодна з новымі патрабаваннямі.

Забой жывёлы для грамадзян, якія жадаюць рэалізоўваць сваю прадукцыю на рынках, ажыццяўляецца двойчы ў тыдзень — чацвер і пятніцу. Апошні з гэтых дзён цалкам у распараджэнні індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў і ўладальнікаў асабістых падворкаў. У астатні час цэх, як і раней, працуе з сельгаспрадпрыемствамі раёна.

— Для арганізацыі работы, згодна з патрабаваннямі пастановы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, мы абсталявалі спецыяльныя памяшканні, падрыхтавалі спецыялістаў, якія працуюць з насельніцтвам. Цэх адпавядае ўсім санітарна-ветэрынарным патрабаванням. У тыдзень тут ажыццяўляецца забой у сярэднім 10 галоў жывёлы. Пакуль індывідуальныя прадпрымальнікі і ўладальнікі асабістых гаспадарак прывозяць толькі свіней, але зразумела, што мы можам таксама аказваць паслугі па забоі буйной рагатай жывёлы. Праўда, за іх аказаннем у першы месяц работы па новых правілах ніхто не звяртаўся.

Для смалення свіней у цэху прыстасавалі асобнае памяшканне. Гэтая тэхналагічная аперацыя патрабуе нямала часу, аднак для зручнасці кліентаў на прадпрыемстве стараюцца прадугледзець усё. Цэны на паслугі ўстаноўлены ў такім памеры: за адзін кілаграм забойнай вагі трэба заплаціць 3750 рублёў. Кошт немалы, але кліентаў ён задавольвае. Асаблівага выбару ў іх няма.

Зрэшты, спецыялісты цэха заўважаюць, што працаваць з такой жа эфектыўнасцю будзе праблематычна, калі колькасць паступаючай на забой жывёлы ўзрасце. А такое цалкам мажліва, бо на Пружаншчыне, ды і ў размешчаных побач з ёй рэгіёнах, многія людзі вырошчваюць жывёлу для далейшай рэалізацыі пакупнікам. І калі індывідуальныя прадпрымальнікі яшчэ могуць выдаткаваць пэўную суму на паслугі па забоі, які цяпер не правядзеш на ўласным падворку, знайсці транспарт для перавозкі таго ж парсючка і атрыманага з яго мяса, то ўладальнікам прыватных падворкаў куды складаней.

НЯДАЎНА на цэнтральным рынку ў Брэсце гутарыў з жыхаркай вёскі Страдзеч Брэсцкага раёна, якая гандлявала салам. Яна расказала, што цяпер будзе займацца вырошчваннем жывёлы толькі для ўласных патрэб.

— Лічыце самі! — гаворыць жанчына. — Каб загрузіць двухсоткілаграмовага вепрука на машыну, трэба некалькі чалавек. Потым шукай цэх забою. Пры Брэсцкім райспажыўтаварыстве такога няма. Ва ўсялякім разе, да нядаўняга часу не было — я цікавілася. Звярталася ў Кобрынскі раён. Усё гэта каштуе вялікіх грошай і нерваў. А калі прадасі мяса ці сала, невялікі з гэтага атрымліваецца прыбытак.

У такой сітуацыі многія сяляне здаюць сваю жывёлу на мясакамбінаты. Гэта пазбаўляе ад клопату па далейшым продажы свініны або ялавічыны. На ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» з прыёмкай буйной рагатай жывёлы ад насельніцтва няма ніякіх праблем.

— Здаць карову або цяля людзям выгадна, — заўважае дырэктар прадпрыемства Павел Бухавецкі. — І яны карыстаюцца такой магчымасцю. Перыядычна ўзнікаюць пэўныя праблемы з закупам свіней, але іх мы стараемся аператыўна вырашаць.

Ажыццяўляць паслугі па забоі жывёлы для насельніцтва на мясакамбінаце не могуць. Прычыны зразумелыя. На тэрыторыю прадпрыемства — у забойны цэх — не можа заехаць ніводная машына, акрамя тых транспартных сродкаў, што належаць непасрэдна яму. Сваім транспартам камбінат жывёлу ад прыватнікаў не дастаўляе. Вось і атрымліваецца, што ў Брэсцкім раёне вепрукоў ды кароў лепш здаваць перапрацоўшчыкам жывой вагой, чым шукаць забойны цэх, а потым везці мяса на продаж.

ЗА ПЕРШЫ месяц дзеяння новай пастановы цэны на мяса і сала на кірмашах узняліся нязначна. Выбар гэтай прадукцыі на цэнтральным рынку Брэста крыху паменшаў, аднак кілаграм нармальнага сала са скуркай можна набыць за 40 — 45 тысяч рублёў. «Бачок» каштуе 50 тысяч і вышэй. Шыйка — каля 60 тысяч. У магазіне Брэсцкага райспажыўтаварыства бачыў сала, якое прадавалі па 91 тысячы рублёў за кілаграм. Ніхто яго не браў, але факт застаецца фактам. Каб цэны не ўзляцелі і на рынках, трэба належным чынам адрэгуляваць дзеянне новаўвядзення, якое ў той ці іншай ступені закранула многіх сялян.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter