Ці можа рамяство стаць прыбытковым?

У бондара справа ідзе спорна

У пасёлак Зарыца да бондара Міхаіла Куксы людзі едуць з усяго наваколля. Камусьці патрэбна вытанчаная бочачка ручной работы для ўпрыгожвання інтэр’еру, а хтосьці рушыць сюды, каб заказаць моцную бочку для засолу. Слава пра залатыя рукі народнага майстра Беларусі перадаецца з вуснаў у вусны, як гэта было спакон веку.

Гонар Міхаіла Куксы — шыкоўная карэта. Амаль дзесяць год выношваў яе ідэю і паўгода рабіў

— Дзе тут у вас бондар жыве? — заблукаўшы ў катэджным пасёлку, пытаюся ў прахожага.

— Міхалыч? Вунь яго дом, з разнымі парэнчамі, там яшчэ надпіс незвычайны на сцяне, — ахвотна паказвае ён дагледжаны асабняк.

Для пасёлка Зарыца, які яшчэ будуецца і нядаўна быў далучаны да Гродна, такая дасведчанасць пра суседзяў — вялікая рэдкасць. Так што яшчэ да сустрэчы з майстрам пераконваюся, што слава рамесніка знаходзіць сама.

На фасадзе дома здалёк відаць той самы надпіс: “Каб ісці ў будучыню, ніколі не забывайце пра мінулае. Хто забудзе мінулае, не будзе мець будучыні. Беражліва захоўвайце і адраджайце культуру нашай Радзімы”.

На званок брамку адчыняе сам майстар і адразу вядзе ў майстэрню. Адчыніў дзверы, і перад вачыма паўстаў сапраўдны музей рукатворнага бондарскага мастацтва. Бочкі і бочачкі, кубкі і кадкі... А пасярод гэтых шэдэўраў, выкананых без адзінага цвіка, красуецца эксклюзіўная “гармата прымірэння”, якая страляе драўлянымі ядрамі.

— Вы першы з журналістаў, каму карэту маю паказваю. Амаль дзесяць гадоў выношваў яе ідэю, за паўгода зрабіў. Вось яна — мой гонар, — Міхаіл Міхайлавіч выкочвае сваю шэдэўральную работу. Гэта эксклюзіў: вытанчаная карэта з дрэва, якую можна было б смела выстаўляць як музейны экспанат, у побыце паслужыць у якасці бара.

Ён тлумачыць свой падыход да рамяства:

— Я ні адну працу не раблю спусціўшы рукавы. Для сапраўднага бондара нават малы брак — вялікая прыкрасць. Таму не я заказчыкаў шукаю, яны мяне знаходзяць, і рэкламы не трэба.
Пасярод шэдэўраў, выкананых без адзінага цвіка, красуецца эксклюзіўная “гармата прымірэння”, якая страляе драўлянымі ядрамі
Фота аўтара

Бочку Міхаіл Кукса ўжо можа зрабіць з заплюшчанымі вачыма, таму ён, ад прыроды чалавек творчы, ідзе далей. На драўляную калысачку, быццам лялечную, натхніла дзеда ўнучка Сафійка, ёй месяц ад нараджэння. Ідэі аўтарскіх работ Міхалыч чэрпае з жыцця. Распавядае, што неяк паміж сваякамі чорная кошка прабегла. І ён прыдумаў спосаб, каб памірыць іх. Запрасіў у госці блізкіх людзей і пасадзіў за стол побач. Даў у рукі лыжку драўляную з доўгай ручкай, якую зрабіў дзеля такога выпадку, і папрасіў з яе дапамогай з міскі ежу пакаштаваць. Госці зачэрпваць зачэрпвалі, а пакаштаваць ніяк не атрымлівалася — ручка толькі да суседняга рота дастае. Радня задумку гасціннага гаспадара ўмомант разгадала. Пасмяяліся, адзін аднаго накармілі і памірыліся.

“Рукі залатыя” — так казалі людзі пра бацьку і дзеда Міхаіла Міхайлавіча, якія маглі і печ скласці, і дом пабудаваць, і боты пашыць. А бандарнае рамяство было іх “хлебам”. Міхаіл Міхайлавіч прыгадвае, што бацька хоць і прыцягваў сына да такой справы, але асабліва не стараўся, каб перадаць яму гэты “хлеб”.

— Так і казаў: “Вучыся, сынок, каб не стаць пастухом або бондарам”, — успамінае, усміхаючыся, Міхаіл Міхайлавіч. І ён слухаў наказ бацькі: старанна вучыўся ў школе, скончыў ВНУ і... стаў бондарам.

Сваю першую бочачку ён змайстраваў больш за 20 гадоў таму. Жонка задумала засаліць агуркі, а прыдатнага посуду ў хаце не знайшлося. Міхаіл Міхайлавіч успомніў усё, чаму вучыў яго бацька і што засталося ў памяці, калі назіраў за яго працай. Але бочачка пацякла. Раззлаваны, ён спаліў сваю “няўдачу”. І толькі праз пяць гадоў ізноў вырашыў паспрабаваць сябе ў бандарным рамястве. Да таго часу Міхаіл Міхайлавіч ужо шмат гадоў працаваў на заводзе аўтаагрэгатаў, ад радавога канструктара вырас да галоўнага па тэхналагічнай аснастцы. Працоўная кніжка ўся спісана падзякамі за добрасумленную працу. Ён аўтар шматлікіх рацпрапаноў, якія паспяхова ўкараняліся на вытворчасці:

— Але бондар ува мне жыў увесь гэты час.

Аднойчы ён цвёрда вырашыў пайсці з завода, нягледзячы на існуючыя перспектывы, і заняцца той справай, да якой душа па-асабліваму ляжала. А калі пераехаў з сям’ёй ва ўласны дом, з’явілася магчымасць абсталяваць там сваю майстэрню. Тут ён і творыць без адзінага цвіка і клею, па тэхналогіі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Майстар распавядае, што спачатку трэба падрыхтаваць дрэва, яно павінна сушыцца ў натуральных умовах не менш за пяць гадоў. Няпроста і “скруціць” бочку. Каб яна не рассохлася і не трэснула, важна правільна выпарыць у чане з кіпячонай вадой, у сярэднім на гэта ідзе хвілін восем. 

А далей і пачынаецца само майстэрства:

— У гэтым промысле продкамі закладзены глыбінны сэнс. Нездарма яны называлі абруч “дзяржавай” — моцным, значыць, павінен быць.

— А ці можа сёння рамяство стаць прыбытковым? — задаю жыццёвае пытанне.

— Сапраўднаму рамесніку трэба толькі даць вуду, а астатняе ён сам зловіць. Лічу, што такой дапамогай стаў нядаўні ўказ Прэзідэнта адносна рамеснай дзейнасці. Важна, што цяпер не трэба будзе рэгістраваць ІП, прадаваць вырабы дазволена прама ў майстэрнях, можна і рэкламавацца праз інтэрнэт. Для развіцця народных промыслаў крокі зроблены вельмі важныя, і думаю, што для многіх яны стануць вырашальнымі. Але “хлебам” рамесніцтва можа стаць толькі тады, калі заняцца ім грунтоўна і рабіць сваю справу сумленна, укладаючы душу і талент.

Дарэчы, аўтарскія работы народнага майстра Беларусі Міхаіла Куксы пабывалі на розных выставах і ўсюды заслугоўвалі высокую ацэнку. Аднак, трымаючыся традыцый сваіх продкаў, ён не адмаўляецца зрабіць па просьбе суседзяў ці знаёмых і звычайную бочачку для засолу, тым самым зарабляючы на ”хлеб”. Распавядае, што пад агуркі або яблыкі бочкі робіць з дубу, пад мёд — з ліпы, а для кіслай капусты — з асіны. Аднойчы яму паступіў незвычайны заказ: вырабіць драўляны басейн з падагрэвам, разлічаны на 5 тон вады. І з гэтай працай справіўся. Відавочна, што Міхаіл Кукса — адзін з тых майстроў, якіх заслужана называюць рамеснікамі-настаўнікамі:

— Я рады, што змог захаваць традыцыі сваіх продкаў і зрабіў свой унёсак у адраджэнне нашай культуры. Калі б бацька ўбачыў зараз мяне, ён ганарыўся б, што сын — бондар. Але без падтрымкі сям’і нічога ў мяне не атрымалася б.

— А ці знаёміце вы свайго сына з бандарным рамяством? — задаю майстру рытарычнае пытанне.

— Сакрэты майстэрства ведае, але пакуль што яму няма калі займацца гэтай справай, цалкам аддадзены сваёй працы, — адказвае. А пасля хітра ўсміхаецца: — Адчуваю, што і ў ім бондар жыве.

З дна гісторыі

Няма такіх звестак, дзе, як і калі ўпершыню з’явіўся бандарны посуд, але ён быў вядомы ўжо ў Старажытнай Грэцыі і Рымскай імперыі. У вялікіх бочках грэкі і рымляне перавозілі і захоўвалі алей, віно, ваду. Адну такую знайшлі ў Венгрыі, яе клёпкі, зробленыя з хвоі, былі шырынёй 14 см і таўшчынёй 2 см. Бандарны посуд Х—ХV стагоддзяў быў адноўлены па знойдзеных археолагамі ў старажытным Ноўгарадзе дэталях — клёпках, абручах і донцы. Нашы продкі выраблялі бочкі, дзежкі, вёдры, ражкі, збаны, кубкі і іншыя прадметы хатняга ўжытку. Некаторыя старажытныя бандарныя вырабы дайшлі да нас амаль без змен. Верагодна, першапачаткова людзі выкарыстоўвалі для вырабу драўлянага посуду дуплістыя ствалы, затым папярэднікам бандарнага посуду стаў прадмет, выдзеўбаны з цэлага ствала. Паколькі на дуплянках з часам пачыналі з’яўляцца глыбокія расколіны, то для прадухілення разбурэння іх сталі сцягваць жгутамі, вяроўкамі. Так, верагодна, з’явіліся першыя абручы, якімі пазней пачалі сцягваць вырабленыя з драўляных дошчачак розныя пасудзіны. У бандарным посудзе заўсёды шанавалася і шануецца прыгажосць.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter