У некаторых вёсках Аршанскага раёна яны замяняюць клубы і дамы культуры

У бібліятэку на танцы і паспяваць

Гэтыя ўстановы на Аршаншчыне не даюць чалавеку, як казаў Янка Сіпакоў, расчалавечвацца 

СЁННЯ ў вёсцы Белева Аршанскага раёна каля 170 жыхароў, шасцёра школьнікаў. Калісьці тут былі і дзіцячы садок, і клуб. Але на працягу вось ужо некалькіх гадоў запар цэнтр культуры для вяскоўцаў — бібліятэка. Калі клуб закрылі, яна часткова ўзяла на сябе яго функцыі і таму да сваёй назвы атрымала дадатак — слова “клуб”.  

Дырэктар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана ЖВІКАВА
дэманструе кнігі са спадчыны Янкі Сіпакова.

БЕЛЕЎСКАЯ вясковая бібліятэка-клуб — гэта аднапавярховы будынак, у якім у розныя часы размяшчаліся то кантора, то дзіцячы садок. Зараз асноўныя памяшканні аддадзены пад шафы з кнігамі, а для клуба адведзены вялікі пакой, дзе праходзяць святы і дыскатэкі. З аўторка па пятніцу тут бібліятэка: 270 чытачоў з сямі навакольных вёсак. Па суботах — клуб. Гаспадарыць загадчыца Людміла Кастэнка:

— Канешне ж, людзі збіраюцца. Дзе ж яшчэ бавіць час? Па суботах працуем да 23.00. Падключаем апаратуру, запальваем святламузыку — яе моладзь клубу падарыла — і пачынаюцца танцы. Кантынгент — ад 16 да 30 гадоў. Не толькі белеўскія, але і з суседніх вёсак. Калі 9 чалавек прыйдзе, а калі і ўсе 20. На Новы год дык і ўвогуле не праціснуцца, прыходзяць не толькі маладыя, але і больш сталыя жыхары вёскі. 

Людміла Андрэеўна як “зорка эстрады” — у навагоднюю ноч заўсёды на працоўным месцы. Так павялося, што людзі ў гэтае свята сцякаюцца ў бібліятэку-клуб, таму дзверы тут адчынены да чатырох гадзін раніцы. 

Тут ёсць свая фанатэка, але часта наведвальнікі прыносяць і ўласныя запісы. Музычныя густы ва ўсіх розныя, і загадчыца іх ужо вывучыла. Тыя, каму бліжэй да 30, любяць расійскіх і беларускіх выканаўцаў. Маладзейшыя могуць і замежную музыку папрасіць паставіць. Здараецца, у адзін дзень збіраюцца кампаніі з супрацьлеглымі поглядамі на эстраду, тады Людміла Кастэнка імкнецца чаргаваць кампазіцыі — каб нікому крыўдна не было. 

Прыходзяць у бібліятэку і людзі сталага ўзросту. І не толькі за кнігамі. Напрыклад, Лідзія Дамакурава і Валянціна Бераснева — каб... паспяваць. Разам з Людмілай Андрэеўнай яны развучваюць новыя песні, рэпетыруюць і нават час ад часу выступаюць перад аднавяскоўцамі — на Дзень Перамогі ці свята вёскі... 

Народны калектыў клуба “Надзея” Андрэеўшчынскай бібліятэкі — абавязковы ўдзельнік раённых мерапрыемстваў, распавядае дырэктар Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Жвікава. Народныя святы ці конкурс прафесійнага майстэрства — яны заўсёды на першых ролях. Усяго ж у раёне з 28 вясковых бібліятэк чатыры працуючь яшчэ і як клубы. 

У час урачыстасцяў з нагоды надання Зубрэвіцкай вясковай бібліятэцы імя славутага земляка.

Але не абавязкова быць клубам, каб прыцягваць да сябе людзей. Напрыклад, у мінулым годзе Крапівенская бібліятэка заняла трэцяе месца ў намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю” рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, які праходзіў упершыню. 

БІБЛІЯТЭКА ў вёсцы Зубрэвічы таксама мае сваю адметнасць — літаральна месяц таму ёй было нададзена імя Янкі Сіпакова, славутага земляка-літаратара. І нагода адпаведная — 80-гадовы юбілей паэта і пісьменніка. 

Для Янкі Сіпакова яго малая радзіма заставалася заўсёды крыніцай натхнення. Ён часта бываў як ў Оршы, так і ў Зубрэвічах, прысвячаў свае творы родным мясцінам, часам прататыпамі яго герояў станавіліся аднавяскоўцы. Пісьменнік пайшоў з жыцця пяць гадоў таму, і на малой радзіме яго памятаюць як вельмі добрага і адкрытага чалавека. Тут жывуць яго сябры і былыя суседзі, пляменніца Тамара Шачанок працуе настаўніцай у мясцовай школе. 

Сяброўства пісьменніка з бібліятэкай працягвалася шмат гадоў. Ён прыязджаў на сустрэчы з чытачамі, тут адзначалі яго юбілеі. Аршанскай бібліятэчнай сістэме ён завяшчаў перадаць свой літаратурны фонд, які збіраў усё жыццё. Больш удзячных нашчадкаў аўтар наўрад ці знайшоў бы. Па частках перавезлі з Мінска скрыні з кнігамі і стварылі ў Аршанскай цэнтральнай бібліятэцы імя Пушкіна чытальную залу Янкі Сіпакова. 

На пачэсным месцы — яго словы: “Бібліятэка — гэта сабраны разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы... Яна прыбірае ўсе межы, яднае адлегласці, эпохі, народы... Бібліятэка не дае чалавеку расчалавечвацца...”

bolshakova@sb.by

Фота аўтара і з архіва ГУК «Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter