У беластоцкай “Белавежы” — юбілей

За 50 год Беларускае літаратурнае аб’яднанне выдала болей 200 кніг
За 50 год Беларускае літаратурнае аб’яднанне выдала болей 200 кніг.

На пасяджэнні “Белавежы”. 1970 год8 чэрвеня 1958 года ў рэдакцыі беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” сабраліся пісьменнікі розных пакаленняў Яша Бурш, Уладзімір Гайдук, Пётр Ластаўка, Мар’ян Пецюкевіч, Вінцук Склубоўскі, Ян Чыквін, Зміцер Шатыловіч, Віктар Швед і Сакрат Яновіч і вырашылі аб’яднацца пад папулярнай і ў Беларусі, і ў Польшчы назвай “Белавежа”.

Першай кнігай “Белавежы” з’явіўся невялікі калектыўны зборнік паэзіі пад красамоўнай назвай “Рунь” (1959). За ім пайшлі зборнікі і альманахі “Мой родны кут” (1963), “Белавежа” з узрастаючай нумарацыяй (1965, 1971, 1980, 1989), “Літаратурная Беласточчына” (1973), “Гасцінец” (1992), “Мае песні табе дару” (1993). Кожны год “белавежаўцы” ўдзельнічалі ў выданні папулярных “Беларускіх календароў” кніжнага фармату. Урэшце з’явіліся свая серыйная “Бібліятэчка” і свой часопіс з антычнай назвай “Тэрмапілы”.

І, вядома ж, кожны сябар згуртавання мог пахваліцца сваімі, індывідуальнымі кніжкамі. Амаль кожны год выдаваліся вядомы паэт і літаратуразнавец, прафесар Варшаўскага універсітэта Аляксандр Баршчэўскі (мастацкія творы ён падпісвае псеўданімам Алесь Барскі), папулярны дзіцячы пісьменнік Віктар Швед, элітна-ускладнёны і адначасова масава-даступны празаік і эсэіст Сакрат Яновіч. Хутка прыйшла папулярнасць да паэтэсы лірычнага складу Надзеі Артымовіч. Як вопытны перакладчык праславіўся Ян Максімюк.

Крыху падрабязней спынюся на творчасці і грамадскай дзейнасці цяперашняга старшыні аб’яднання Яна Чыквіна, які жыве ў Бельску Падляскім, а працуе прафесарам Універсітэта ў Беластоку. Вершы пачаў друкаваць паўстагоддзя таму. Выдаў паэтычныя зборнікі “Іду”, “Святая студня”, “Неспакой”, “Сонечная вязь”, “Светлы міг”, “Кругавая чара”. Аўтар даследавання “Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа”. Спрабаваў свае сілы як апавядальнік і драматург. У манаграфіі “Гарыць мая свяча: Творчая індывідуальнасць Яна Чыквіна” (Беласток, 2000) Анатоль Раманчкук назваў творчасць кіраўніка “Белавежы” “арыгінальнай планетай літаратурнага космасу”.

Гаворачы пра Яна Чыквіна, трэба сказаць некалькі добрых слоў і пра спадарожніцу яго жыцця Галіну Тварановіч. Яна доктар філалагічных навук, прафесар Універсітэта ў Беластоку, дзе рэдагуе часопіс “Studia Wschodniosłowiańskie” і даследуе беларуска-сербскія літаратурныя сувязі. Піша таксама вершы, перакладае. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці “Белавежы”.

Кніжкі “белавежцаў” ужо даўно перасягнулі межы Беласточчыны, Падляскага ваяводства. Яны выходзяць у арыгінале ў Мінску і ў польскім перакладзе — у Варшаве. Паасобныя творы перакладзены на англійскую, італьянскую, нямецкую, рускую, сербалужыцкую, украінскую мовы. Некаторыя аўтары “Белавежы” пішуць адначасова на дзвюх мовах, а часам і на гаворцы сваёй мясцовасці, часта выступаюць за межамі Польшчы, у тым ліку і ў Беларусі — Брэсце, Гродне, Мінску.
Наколькі магу меркаваць па друку, найперш па беластоцкай “Ніве”, у Падляскім ваяводстве цяпер праходзяць вечары з нагоды 50-й гадавіны “Белавежы”. На іх прысутнічае творчая інтэлігенцыя, настаўнікі і вучні, прадстаўнікі польскіх уладаў і Пасольства Беларусі ў гэтай суседняй краіне.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter