У бітве за Чорнае мора

Магілёву перададуць капсулу зямлі з магілы Сяргея Гараўцова

Удзельнікі беларуска-расій­скай акцыі памяці «Марскія крылы Айчыны» перададуць жыхарам Магілёўшчыны капсулу з зямлёй з магілы героя Вялікай Айчыннай Сяргея Гараўцова.

— Падставай для сумеснага праекта стала вяртанне на радзіму астанкаў і рэліквій беларускіх лётчыкаў, якія загінулі ў бітве за Чорнае мора ў гады вайны. Іх знайшлі актывісты атрада «Подзвіг» з Геленджыка ў час пошукавых работ, — гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Вольга Карабан.

Сярод іншых вярнуліся ў Беларусь і астанкі жыхара вёскі Маслакі Горацкага раёна, выхаванца Магілёўскага аэраклуба гвардыі малодшага лейтэнанта Сяргея Гараўцова. Сёння ўдзельнікі акцыі, якая стартавала 14 лютага ў Краснадары, наведаюць Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» і перададуць жыхарам вобласці капсулу з зямлёй з магілы героя. А ў Магілёўскім медыцынскім каледжы, дзе вучыўся лётчык, адбудзецца вечар-партрэт яго памяці. У мерапрыемствах прымуць удзел ветэраны вайны, прадстаўнікі Беларускага саюза афіцэраў, ДТСААФ, БРСМ.

Завершыцца беларуска-расійская акцыя памяці 21 лютага ўрачыстымі мерапрыемствамі ў Быхаве на плошчы Герояў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter