У ажуры.

Чым здзівіць каханых у Дзень святога Валянціна? Паштоўкай з выцінанкай!

Цукеркі, кветкі, духі... Думаеце, гэтымі банальнымі рэчамі насамрэч можна каго ўразіць? Вунь колькі іх у крамах: купляй — не хачу! Разам з народным майстрам Вольгай Бабурынай напярэдадні свята прапануем зрабіць для сваіх каханых падарунак сваімі рукамі, а менавіта паштоўкі з элементамі беларускай выцінанкі. Хутка, проста і, галоўнае, арыгінальна!

Што такое выцінанка і адкуль яна ўзнікла, чытачы “НГ” ужо ведаюць — мы расказвалі пра гэта разам з Вольгай Бабурынай колькі месяцаў таму. Пісалі мы тады і пра шырокія магчымасці выкарыстання выцінанкі. Ёю, аказваецца, можна ўпрыгожыць паліцы, шыбы, вазоны, на яе аснове можна зрабіць вельмі цікавыя карціны, паштоўкі і абярэгі. Якое было маё здзіўленне, калі, завітаўшы да Вольгі Бабурынай праз паўгода, убачыла, што гэта далёка не ўсе спосабы выкарыстання выцінанкі. За гэты час майстар знайшла яшчэ некалькі цікавых формаў.
—  Мне падабаецца эксперыментаваць і ў нейкім сэнсе “выпрабоўваць” выцінанку, — гаворыць Вольга. — Здавалася б, простая папера, што там надта выдумаеш  — паштоўкі ды карціны. Аднак нядаўна адкрыла для сябе, што выцінанку можна клеіць на драўляную аснову і такім чынам рабіць завушніцы ці ёлачныя цацкі — за іх, дарэчы, я атрымала дыплом першай ступені на выставе “Калядныя ўзоры”.
Прыгожыя завушніцы з вожыкамі заўважыла і на пяцігадовай дачцэ Вольгі — Мілаве, якая, уладкаваўшыся побач з матуляй, дапамагала ёй выразаць з паперы. Як прызналася Вольга, яна ніколі не хавала ад дачкі нажніцы, і тая ўжо ў некалькі гадкоў пачала выразаць. Таму ў свае пяць Мілава ўжо досыць умела спраўляецца з інструментам — за хвіліны выходзяць з-пад яе рук папяровыя сняжынкі, усялякія звяркі і тварыкі. Канешне, не такія вычурныя і ажурныя, як у мамы, але ўсё ж...
— Калі вырасту, абавязкова стану выцінаншчыцай, — не адрываючыся ад выразання, расказвае мне Мілава. — Вось бачыце, як прыгожа атрымліваецца.
Калі нават маленькая Мілава выразае з паперы, было б проста сорамна не навучыцца некалькім прыёмам і нам з вамі.

Майстар-клас ад Вольгі БАБУРЫНАЙ:

1. Нам спатрэбяцца аснова паштоўкі (можна ўзяць кардон ці кавалак ватману, складзеныя папалам), аловак, нажніцы, клей і каляровая папера. Традыцыйна выцінанкі выразалі з чорнай паперы. Так рабіла і я напачатку. Аднак пасля перайшла на каляровую — яна дапамагае не толькі лепш раскрыць вобраз, але і эмацыянальна ўздзейнічаць на людзей.

2. Складваем каляровую паперу папалам, малюем паўсэрца, стараючыся прыдаць нашаму малюнку ажурнасць.

 

3. Цяпер выразаем наша сэрца.  Разгортваем — адно сэрца ёсць.  Робім яшчэ некалькі сэрцайкаў — меншага і большага памеру. Каб праца ішла хутчэй, можна ўзяць адразу два кавалкі паперы, скласці іх папалам разам і паўтарыць п. 2.

4. А цяпер спрабуем з сэрцаў стварыць пэўную кампазіцыю на тытульнай старонцы нашай будучай паштоўкі.  Прыклейваем сэрцы.

 

5. Выцінанкі можна змясціць не толькі на тытульнай старонцы паштоўкі, але і на астатніх.

 

6. Каляровай ручкай (лепш за ўсё гелевай) малюем на паштоўцы невялікія кветачкі, сэрцы, кропкі ці іншыя фігуры.

 

7. На паштоўках, нават да Дня святога Валянціна, можна змяшчаць не толькі сэрцы, але і іншыя фігуры, выразаныя з паперы. З сэрцайкаў, якія мы сёння выразалі, можна таксама рабіць падвескі — пад люстру, на акно альбо дзверы. Як мне падаецца, такія падвескі дапамогуць стварыць вельмі рамантычную атмасферу ў кватэры. Вашым каханым павінна спадабацца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter