У “Альтанку” — з любоўю сэрца.

Няма такога паняцця “рэгіянальная”, ёсць проста беларуская літаратура, вельмі багатая на таленты.

Як не ўспомніць верш класіка нашай паэзіі Пімена Панчанкі “Край паэтаў”, дзе літаральна з кожным радком пагаджаешся. Так... Мы вельмі спеўны і чуйны да мастацкага слова народ, пра што сведчыць тое, што гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам кнігі, а яшчэ, безумоўна, і тыя шматлікія лісты з вашымі творамі, шаноўныя чытачы, якія ледзь не штодня прыходзяць на адрас “НГ”. Дзякуючы гэтаму і ўзнік наш праект “Літаратурная альтанка”, іншымі словамі, тое месца, дзе могуць сабрацца добрыя сябры, блізкія ў сваіх памкненнях людзі, якіх аб’ядноўвае ў дадзеным выпадку, творчасць, любоў душы і сэрца: да роднага краю, да людзей, да нашай гісторыі і сучаснасці, да ўсіх тых праяў жыцця, што абуджаюць у нас самыя прыгожыя пачуцці, каб мы неслі ў свет і сваю дабрыню, і плён сваёй працы, сваю мудрасць і памяркоўнасць, усё тое ўзвышанае і светлае, што спрадвеку жыве сярод нас, беларусаў.
Знаёмячыся з літаратурнай поштай “НГ”, я з радасцю адзначала, што многія імёны добра ведаю, і разам з тым спадзяюся, што кола сяброў нашай “Альтанкі” будзе пашырацца, што са сваімі творамі на гэтую старонку прыйдзе наша таленавітая літаратурная моладзь. Помню, як аднойчы давялося пачуць ад некага з нашых пісьменнікаў, маўляў, мы ж трошкі ў баку ад цэнтра літаратурнага жыцця, чаго хацець, мы — рэгіянальная літаратура... Я міжволі задумалася над такім вызначэннем і ў душы з ім катэгарычна не пагадзілася. Няма такога паняцця “рэгіянальная”, ёсць проста беларуская літаратура, вельмі багатая на таленты, якія нараджаюцца і выспяваюць якраз у нашых рэгіёнах: на Берасцейшчыне, Гомельшчыне, Гродзеншчыне... Гэтак было спрадвеку, у глыбінцы надзвычай ярка гучыць нашае прыгожае беларускае слова, адтуль бяруць выток тыя срэбныя крынічкі, што з часам робяцца залатымі старонкамі нашай паэзіі ці прозы. І я вельмі спадзяюся, што,  як і сама “НГ” — газета для народа, такой жа стане і наша “Літаратурная альтанка”, дзе будуць друкавацца таленавітыя творы з самых розных куточкаў нашай Беларусі. Дзе безумоўна ж будуць і свае адкрыцці — да нас прыйдзе творчая моладзь, якая гартуе свае таленты ў шматлікіх літаб’яднаннях і школах “Маладога літаратара”. Таму што яны — будучыня нашай літаратуры, той наш працяг, які апяе і па-свойму раскажа свету пра Беларусь — зямлю, якую назваў Уладзімір Караткевіч “зямлёй пад белымі крыламі”, надзей і любові.
Сёння я не раблю агляду дасланых у рэдакцыю твораў, гэта проста ўступнае слова да новага праекта, пра які падрабязна расказала ў сваім нядаўнім інтэрв’ю “НГ”. Але яшчэ раз хацела б нагадаць пра наш літаратурны конкурс “Краіна таемных адкрыццяў”, які можа стаць прыкметнай з’явай, таму што праз паданні і легенды ёсць магчымасць расказаць пра асаблівае хараство і непаўторнасць нашай зямлі. А калі з лепшых твораў народзіцца кніжка, дык яна стане хоць каму тым добрым спадарожнікам у шматлікіх турыстычных маршрутах, які раскажа пра Беларусь таямнічую, а значыцца, прывабную і вельмі прыцягальную.
Шаноўныя сябры, “Літаратурная альтанка” чакае вашых новых твораў у самых розных жанрах, напісаных з любоўю сэрца, таму што ўсё добрае ў жыцці ідзе ад нашых добрых пачуццяў. Спадзяюся, што новы праект “НГ” у Год кнігі толькі паглыбіць нашу цікавасць і далучанасць да яе, а значыць, і да нашага Слова, праз якое развінаецца талент. Жадаю творчага плёну!

З найлепшымі пачуццямі — Раіса БАРАВІКОВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter