У Агрызках не грызуцца...

ВЁСКА з дзіўным, нават смешным імем Агрызкі знаходзіцца на ўскрайку Мастоўскага раёна. Для мясцовых 42 жыхароў яе назва — любімая і звыклая. Мне ж стала цікава, чаму такое недарэчнае імя паселішча. Мо, у ім жывуць тыя, хто агрызаюцца, сварацца адзін з адным? Або Агрызкі — таму што сяляне шчыра любяць есці яблыкі і пакідаюць пасля сябе горы агрызкаў? Ці назвалі так вёску па прозвішчы нейкага пана?

Карэспандэнта «БН» у невялічкай мастоўскай вёсачцы пачаставалі смачнымі яблыкамі і расказалі, як адстаялі імя свайго паселішча

ВЁСКА з дзіўным, нават смешным імем Агрызкі знаходзіцца на ўскрайку Мастоўскага раёна. Для мясцовых 42 жыхароў яе назва — любімая і звыклая. Мне ж стала цікава, чаму такое недарэчнае імя паселішча. Мо, у ім жывуць тыя, хто агрызаюцца, сварацца адзін з адным? Або Агрызкі — таму што сяляне шчыра любяць есці яблыкі і пакідаюць пасля сябе горы агрызкаў? Ці назвалі так вёску па прозвішчы нейкага пана?

Вёска сама ляжыць за паўкіламетры ўбок ад трасы Гродна — Ваўкавыск. Знешне нічым непрыкметная. Ні магазіна, ні пошты, ні ФАПа няма — трэба ехаць у бліжэйшыя Пілкі. Паселішча пабудавана ўздоўж адной толькі вуліцы — хаты справа і злева, то каменныя, то драўляныя.

У некаторых увогуле ніхто не жыве — дзеці з’ехалі адсюль, бацькі памерлі, у большасці хат толькі старыя кабеты жывуць.

— Неперспектыўная наша вёска, — з горыччу ў голасе знаёміць з Агрызкамі карэнная жыхарка Ядвіга Андрэйчык.

Толькі мы паспелі заглушыць матор машыны і стаць каля плота, Ядвіга Ксавер’еўна выбегла на двор, каб паглядзець, хто прыехаў. Кажа, што дзяцей чакала.

— У нас тры дачкі, — падключаецца да размовы муж Ядвігі Ксавер’еўны Аляксей Аляксандравіч. — Старэйшая Святлана і малодшая Вольга ў Гродне жывуць са сваімі сем’ямі. Сярэдняя Валянціна — у вёсцы Парэчча Гродзенскага раёна. Ва ўсіх машыны ёсць. Не кожную нядзелю, але прыязджаюць бацькам дапамагаць. Зяці харошыя ў нас. На жаль, адзін ужо памёр. Унукаў  пяцёра, два праўнукі. На дзяцей мы багатыя, таму і шчаслівыя.

20 верасня наступнага года Андрэйчыкі адзначаць залатое вяселле. І мёд, і палын быў у іх жыцці. Аляксей Аляксандравіч 42 гады адпрацаваў механізатарам у калгасе, Ядвіга Ксавер’еўна 15 гадоў кіравала агрызкаўскай фермай, а потым працавала на хлебазаводзе ў Лунна дыспетчарам-экспедытарам.

Андрэйчыкі самі пабудавалі сабе дом. Цяпер запрашаюць мяне на гарбату. У доме прыбрана, утульна. На восеньскія канікулы прыехала да бабулі з дзядулям васьмігадовая ўнучка Ангеліна.

— Гэта мне Ангелінка дапамагае прыбіраць, — падбадзёрвае ўнучку Ксавер’еўна. — Здароўе ўжо не тое, а яна малайчынка! На жаль, скора дадому ў Гродна паедзе, у школу. Адукацыя ж — гэта вельмі важна. Мне прыйшлося ў свой час за пяць кіламетраў у школу хадзіць у Толсцікі.

Гаспадарка ў сям’і Андрэйчыкаў, па іх словах, невялікая: каровы сваёй няма (хаця аднойчы было нават тры), дзве свінні, дзясятак курэй, раней цяляты былі. Вырошчваюць дзед з бабкай агародніну, саджаюць 40 сотак бульбы. У гэтым годзе пенсіянеры распачалі рамонт — замянілі стары кацёл на новы, каб ацяпленне лепшае было. Усё робіць Аляксей Аляксандравіч сам. Ён, дарэчы, вельмі майстравы чалавек. Калі ішоў на пенсію, купіў у гаспадарцы сабе трактар. Гэта была яго мара. Цяпер сам яго ўжо шаснаццаты год і рамантуе. Аляксандравіч і дровы коле, і косіць, і лісце падграбае апалае. Калі трэба, на пошту ці на ФАП з’ездзіць у Пілкі, або ў царкву ці касцёл у суседнюю Волпу, дык пенсіянеры на веласіпеды садзяцца — і паехалі. І гэта пры тым, што Аляксею Аляксандравічу 71 год, а Ядвізе Ксавер’еўне — 69.

Амаль што гадзіну мы размаўляем з Андрэйчыкамі пра сельскае жыццё-быццё. Іх турбуе, што вёска на вачах вымірае. Яшчэ трынаццаць гадоў таму ў Агрызках жылі 237 чалавек, а цяпер у шэсць разоў менш. Школьнікаў у вёсцы засталося толькі дзевяць, іх возяць на вучобу ў Лунна і Гудзевічы — гэта аграгарадок. Падрабязна ведае Ксавер’еўна пра сваё роднае паселішча, таму што два гады таму сяляне абралі яе старастай вёскі.

— Быў сход. Маю кандыдатуру прапанавалі — я і пагадзілася, таму што Агрызкі свае вельмі люблю. Мала маіх сябровак ужо засталося, але адзін аднаго не забываем, тэлефануем... Два разы на тыдзень сустракаемся, калі прыязджае крама на калёсах. Аўталаўка прывозіць нам усе прадукты — малако, каўбасу… Было раней і такое, што збіраліся на вячоркі песні паспяваць, патанцаваць пад гармонік. А зараз дом, гаспрадарка, вялікі ціск, канапа, тэлевізар… Аджываем свой век, адным словам.

Званне старасты вёскі Ксавер’еўна ўспрымае як удзячную грамадскую работу. Якія абавязкі? Ціск памераць людзям, патэлефанаваць у сельсвает, каб брыкету прывезлі, дроў, майстроў вызваць…

— Жыхароў Агрызак хвалюе пытанее закрыцця аддзялення пошты ў суседніх Пілках. На гэтую тэму былі ў вёсцы сходы. Зачыняць пошту з-за нерэнтабельнасці, — расказвае Ядвіга Ксавер’еўна. — А мне ж трэба за свет заплаціць, на мабільнік пакласці грошы. Дзеці падарылі мабільнік. Ужо дзесяць гадоў ён у мяне. Без яго — нікуды. Дарэчы, мы Прэзідэнту хочам «дзякуй» сказаць, што пенсію заўсёды прыносяць нам. Бо ў гэтым забітым кутку мы прапалі б даўно без яе.

— А я параду хачу даць кіраўніцтву гаспадаркі, — зазначае Аляксей Аляксандравіч. — Каб калгаснікам грошай больш плацілі. Нават каб дзіця ў школу сабраць, трэба добрыя грошы. Зарплата малая. А такія хлопцы добрыя працуюць. Зразумела, тэхніка ў іх «наварочаная» — камбайн з кандыцыянерам! Мы пра такое і не марылі. Але ж трэба, каб людзі ў вёсках заставаліся, каб у пашане былі ўсе аграрыі.

Заўважаюць пенсіянеры новы выгляд беларускіх аграгарадкоў. Вельмі падабаюцца ім суседнія Гудзевічы з насельніцтвам 700 чалавек. Там для камфортнага жыцця ёсць многае: школа, бібліятэка, клуб, пошта, крама з прадуктамі і прамтаварамі, ФАП, сельвыканкам. У рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця вёскі пабудавалі 19 домікаў для спецыялістаў. ЗАТ «Гудзевічы» пастаянна накіроўвае сродкі на падтрымку пенсіянераў, дапамагае з рамонтам адзінокім, ветэранам вайны. Спонсарскую дапамогу ад гаспадаркі адтрымаў у гэтым годзе клуб: туды купілі новую апаратуру, школе — інтэрактыўную дошку. Дапамагалі з будаўніцтвам новага дзіцячага садка ў Гудзевічах. Сёння там 47 дзетак, а кожны год у аграгарадку нараджаюцца па 5—6 немаўлятак. Сумесна са старшынёй сельсавета Пятром Дзенісевічам тут наведваюць шматдзетныя сем’і, бабуль і дзядуль.

— Усё ёсць у нашым аграгарадку для жыцця, — зазначае намеснік старшыні ЗАТ «Гудзевічы» Андрэй Палуйка. — Не хапае толькі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У нас ёсць моцныя валейбольныя каманды — мужчынская і жаночая. Пакуль што трэніруемся ў маленькім спортзале школы.

Яшчэ адна праблема ў Гудзевічах — будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Жыхары вёскі з гэтым пытаннем накіроўваліся да мясцовай улады. Абяцаюць вырашыць пытанне станоўча. Аднак, як заўсёды, не хапае сродкаў.

…80-гадовую Леакадзію Станюкевіч, жыхарку Агрызак, мы сустракаем на адзінай у паселішчы вуліцы. Леакадзія Іосіфаўна крочыць да нас бадзёра, усміхаецца. Тры гады таму застаўся яе дом без гаспадара. Дзеці прыязджаюць адведаць, унукі, праўнукі.

Пра тое, каб пераехаць жыць у горад, бо цяжка адной, і размовы Іосіфаўна не вядзе. Падтрымлівае яе і Ксавер’еўна:

— Унучка кажа мне: «Паехалі ў горад. Купім табе сабачку, намалюем ногці, зробім завіўку — і будзеш з намі ў горадзе». А я не хачу так. Залезці на восьмы паверх і сядзець там у бетонных сценах? Там жа горача. Калі і прыйдзецца пераязджаць, то к сярэдняй дачцэ. Яна ў вёсцы жыве, свая хата ў іх. Гэта — нармальна!

— А чаму вёска ваша так смешна называецца — Агрызкі? — пытаюся ў бабуль.

— Яшчэ калісьці тут праязджала імператрыца Кацярына II. Выкінула тут агрызак ад яблыка. Так і стала паселішча наша называцца, — расказала сваю версію Леакадзія Станюкевіч.

— Не, даражэнькая, ты не так гаворыш, — спрачаецца з сяброўкай Ядвіга Ксавер’еўна. — Паміж Пілкамі і Стругаю цякла раней рэчка Глінянка. Паселішчы гэтыя разбудоўваліся, ім стала ўжо цесна. А наша зямля, дзе Агрызкі цяпер, была нягодная. Так лічылі. Сюды і пачалі сяліць людзей. А назва вёскі — ад прозвішча першага пасяленца Агрызак. Так і сталі тут жыць людзі, а вёска назвалася Агрызкамі.

Нарэшце жанчыны сыходзяцца на адной версіі. Маўляў, тут лесаапрацоўка нейкая была. У Пілках (суседняй вёсцы) пілілі лес, у Струзе стругалі, габлявалі, а ў Агрызках адходы скідвалі — апілкі, стужкі, абрэзкі.

Дарэчы, вельмі ганарацца жыхары Агрызак тым, што ў савецкія часы, калі вёсачцы хацелі надаць новае імя, сяляне адстаялі назву. Быў нейкі чалавек — шляхціч Ярэміч (яго так называлі), ён узняў сялян і выбітныя Агрызкі не сталі Бярозаўкай.

Асабіста я меркавала, што назва вёскі пайшла ад шматлікіх агрызкаў, якія кідалі тут жыхары. Ніводнага агрызка знайсці мне не пашчасціла: дужа чыста. А вось яблыні — памногу і амаль у кожным двары — ёсць! З задавальненнем пачаставала мяне Ксавер’еўна агрызкаўскімі яблыкамі.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter