У агні і ГАЗ гарыць

Абгарэўшы ў машыне вадзіцель знаходзіцца ў рэанімацыі

Вадзіцель, машына якога загарэлася ў час руху, знаходзіцца ў рэанімацыі магілёўскай бальніцы № 1.

Першую аперацыю яму зрабілі адразу ж пасля здарэння. Дактары кажуць, што стан мужчыны па-ранейшаму цяжкі. Больш за 50 % яго цела пашкоджана глыбокімі апёкамі. Маюцца яны і на дыхальных шляхах, што значна ўскладняе сітуацыю. Зараз дыхаць ён можа толькі з дапамогай спецыяльнага апарата, а сэрца трымаецца на стымулятарах.

Нагадаем: у чацвер магілёўскія выратавальнікі атрымалі паведамленне ад прахожых аб тым, што на вуліцы Ленінскай гарыць мікрааўтобус. Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, аднаўляе храналогію падзей: «Заўважыўшы, што салон пачаў гарэць, вадзіцель ГАЗ 27-05 звярнуў на бліжэйшую стаянку. Самастойна выбрацца з кабіны ён не змог — заклініла дзверы». Першымі на дапамогу кінуліся супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы КДБ — будынак іх упраўлення знаходзіцца побач з месцам пажару. Дзякуючы іх аператыўнасці агонь не дабраўся да газавага абсталявання машыны. Калі выратавальнікі прыбылі на месца, пажар быў патушаны. Салон машыны, якая, дарэчы, належыць пацярпеламу, поўнасцю выгараў. Каб дастаць з мікрааўтобуса вадзіцеля, дзверцы ГАЗа ўскрылі бензарэзам.

Прычына пажару пакуль высвятляецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter