У абдымках Палесся

Ельскі раён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гомельшчыны, мяжуе з Украінай.

Ельскі раён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гомельшчыны, мяжуе з Украінай.

Больш за 70 працэнтаў тэрыторыі складаюць хвойныя лясы (адсюль, пэўна, і назва раённага цэнтра). Раён знаходзіцца “на бойкім месцы” — тут  праходзіць чыгунка Санкт-Пецярбург — Адэса, аўтамагістраль Бабруйск — Мазыр — мяжа Украіны з выхадам на міжнародны мытны пункт. Ельск — не адзіная назва тыповага малога горада, вядомага, дарэчы, з XVI cтагоддзя, утульнага і чыстага, са сваім ладам жыцця і ветлівымі жыхарамі. У розныя часы  ён быў вядомы яшчэ як Каралін і нават Нікалаеў. Але ў 1931 годзе назва Ельск замацавалася за паселішчам як адзіная афіцыйная.

Фірмовыя крэслы ад “Чырвонага пільшчыка”

Далёка не часта сустракаюцца ў глыбінцы прадпрыемствы, якія на працягу дзесяцігоддзяў, нягледзячы на змену грамадска-палітычных  фармацый, не толькі не канулі ў вечнасць, але і захавалі свой профіль. Менавіта такі шчаслівы лёс у Ельскай мэблевай фабрыкі (зараз філіял ААТ “Мазырдрэў”), чым тут ганарацца. Вытворчасць была створана ў 1914 годзе ў вёсцы з красамоўнай назвай Піляр  купцамі Маргоўскім і Ліўшыцам. Дзелавыя людзі скарысталіся прыродным багаццем краю, якім і па сённяшні час з’яўляюцца мясцовыя лясы, і наладзілі перапрацоўку драўніны. З пачаткам будаўніцтва чыгункі бізнесмены сталі пастаўляць слупы і шпалы для прыдарожнай сувязі. Непасрэдна мэблю ў адноўленай арцелі пад характэрнай назвай “Чырвоны пільшчык” сталі выпускаць у 1935 годзе ўжо іншыя гаспадары. У 1960 годзе арцель была перайменавана ў мэблевую фабрыку. Крэслы, якія і зараз з’яўляюцца фірменнай прадукцыяй прадпрыемства, выпускаюцца з 1945 года. Іх, як і іншыя вырабы, у прыватнасці сталы пісьмовыя і кухонныя, добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за межамі. Што ні кажы, а традыцыі пры вырабе любой прадукцыі — вялікая справа.

“Ялінка” з палескай глыбінкі

Ансамбль “Ялінка” Ельскага гарадскога дома культуры “Колас” добра ведаюць не толькі на Гомельшчыне. Ён часта  выступае з канцэртамі ў іншых рэгіёнах Беларусі, прымае ўдзел у фестывалях, якія праходзяць у нашых суседзяў у Бранскай і Чарнігаўскай абласцях. Прыкметна, што выканаўцы — людзі розных пакаленняў, якіх аб’ядноўвае захопленасць творчасцю. За свае выразныя выступленні калектыў мае шмат званняў і ўзнагарод. Адна з іх — бронзавая статуэтка “Сусветная сцэна”, атрыманая на фестывалі ў польскай Зялёнай Гуры ў 2008 годзе.

Памяць назаўжды

Гэты мемарыял цудам, канешне, не назавеш. Але калі браць у разлік, што мэта нашага праекта — паказаць у кожным раёне месцы, куды варта заехаць, дзе варта спыніцца, то не напісаць пра мемарыял “Ахвярам ХХ стагоддзя “ проста нельга.  Ён — даніна памяці не толькі аб спаленых вёсках у гады Вялікай Айчыннай, але яшчэ і аб вёсках, якія спынілі сваё існаванне пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тут трэба спыніцца, памаўчаць і даць самому сабе абяцанне зрабіць усё, каб вёскі больш не знікалі гвалтоўна на гэтай шматпакутнай зямлі.

Працоўная слава

На першым свяце горада, якое адбылося ў Ельску ў чэрвені гэтага года, сярод іншых знамянальных падзей было прысваенне звання ганаровога грамадзяніна жыхару Ельска Уладзіміру Скаўрону. Больш за сорак гадоў свайго жыцця Уладзімір Рыгоравіч аддаў мясцовай  чыгунцы. Яго шматгадовая плённая праца ў адной галіне, у адным калектыве была адзначана ордэнамі Працоўнай  Славы трох ступеняў, знакам “Ганаровы чыгуначнік”.

Свята-Траецкая царква

Ельскі край не можа пахваліцца вялікай колькасцю архітэктурных помнікаў. Драўляная царква на ўскраіне райцэнтра, пабудаваная яшчэ ў XVIII стагоддзі, — адзін з самых старажытных аб’ектаў, што захаваліся да нашага часу. Храм мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння. Царква выстаяла ў часы кровапралітных войнаў, зачынялася толькі з 1939 па 1941 год. Яна заўсёды была мясцовым дзівам: строгія архітэктурныя лініі, ззяючыя крыжы, стрыманае ўнутранае ўбранства. Мела царква і свой цудатворны абраз Васькоўскай Божай Маці, але пры нявысветленых абставінах ён знік з царквы, і яго далейшы лёс невядомы. Праўда, засталася яго старажытная копія, якая і сёння знаходзіцца ў царкве.

“Чаша”-абярэг

Гэту “чашу” прырода стварыла ў ствале сасны. У Качышчанскае лясніцтва на дзівосны ствол дрэва  прыязджаюць паглядзець і мясцовыя жыхары, і госці. Не толькі таму, што гэты сапраўдны твор нерукатворнага мастацтва выклікае здзіўленне і захапленне адначасова. Кажуць, знакамітая ельская сасна валодае яшчэ і цудатворнай сілай. Старажылы расказваюць, што падчас вялікага верхавога пажару, як бушаваў шмат гадоў таму на тэрыторыі лясніцтва, літаральна за дзесяць метраў ад ляснога рарытэта полымя спынілі. З таго моманту прыгажуня атрымала статут  мясцовага абярэга. А таму кожны раз людзі, якія аказваюцца побач, імкнуцца прытуліцца да яе ў надзеі забраць з сабою часцінку яе моцы для супрацьстаяння  прыродным стыхіям і іншым непрыемнасцям.

Асалода, ды і толькі!

Сярод сучасных новабудоляў у раёне вылучаюць аграэкатурысцкі аб’ект КСУП “Саўгас “Камуніст”. Заслугоўвае ўвагі той факт, што гаспадарка, якая доўгі час спецыялізавалася на вытворчасці малака і мяса (і зараз працягвае гэтым займацца), звярнулася да новай для сябе галіны — аграэкатурызму. У 50 кіламетрах ад райцэнтра на беразе возера Асалода была ўзведзена гасцініца, зроблена ўсё неабходнае для  рыбнай лоўлі, катання на катамаранах, паходаў у лес. Першыя адпачываючыя ацанілі і аддаленасць ад гарадскога шуму, і добрую рыбалку, і непаўторнасць тутэйшай прыроды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter