Александрия, Европейские игры, «Славянский базар»: лето-2019 для Быковой и Олейника самое насыщенное

У «Аўры» і фанеры нічога агульнага няма і быць не можа

БЕЛАРУСКІ гурт «Аўра» ў землякоў на слыху, асабліва апошнім часам. Таленавітыя і прывабныя аўтары-выканаўцы Юлія БЫКАВА і Яўген АЛЕЙНІК збіраюць аншлагі ў залах, ствараюць хіты артыстам, запісваюць новыя альбомы. Сцэнічная рэалізацыя чарговага з іх — «Куточак Беларусі» — прайшла на адным з топавых фестываляў краіны «Александрыя збірае сяброў». З незабыўных падзей у жыцці Быкавай і Алейніка — прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», якая прысуджаецца самым выбітным асобам культуры, мастацтва і іншых гуманітарных напрамкаў.

Быкава і Алейнік, адказваючы на пытанне, ці пазнаюць іх на вуліцы, адразу расстаўляюць акцэнты: «Мы не медыйныя персоны, мы аўтары, але пазнаюць, асабліва калі разам». Сапраўды, «Аўра» — гурт адмысловы: Юлія піша і спявае песні на музыку Яўгена, і іншага мастацкага вырашэння творчай задумы не ўяўляюць.

Між тым многія хіты Быкава і Алейнік напісалі артыстам айчыннай і замежнай эстрады. Прычым аддавалі лепшае, а свой рэпертуар складалі з непрынятага, што ў іх выкананні таксама стала хітамі. Іх песні спявае Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, Аляксандр Саладуха, народная артыстка Малдовы Нэлі Чабану і нават Надзея Бабкіна…

Лета-2019 для «Аўры» стала самым насычаным на яркія мерапрыемствы. Пад іх песні гасла полымя на закрыцці II Еўрапейскіх гульняў, правялі некалькі «сольнікаў» у Полацку і Мінску. Але найлепшая музычная падзея для іх — купальскае свята ў Александрыі, дзе прадставілі свой альбом, уганараваны прэміяй Прэзідэнта.

— У альбоме 21 песня, бальшыня напісана за гэты Год малой радзімы, а некаторыя — пачынаючы з 2011-га. Генеральная лінія альбома — любоў ва ўсіх яе праявах: да прыроды, Радзімы, людзей, каханне. Некаторыя песні прымеркаваны да міжнародных падзей. Напрыклад, «Мая Беларусь», з якой Анастасія Віннікава прадстаўляла нашу краіну ў 2011 годзе на «Еўрабачанні». Хіт «Синеокая» я напісаў у Кітаі, калі жонка засталася цяжарная ў Мінску, — па паліцах раскладае альбом кампазітар.

— Гэты дыск — не аднамомантнае парыванне, а доўгая праца. Мэта яго — падарыць эмоцыі, — дапаўняе Юля.

— Вельмі рады, што прадставілі яго на галоўным купальскім свяце краіны, атмасфера на якім, скажу без пафасу, асаблівая. Сваім гала-канцэртам стараліся яе абагаціць, а заадно даказалі, што жывы гук песень і музыкі магчымы нават з тэлездымкай на такіх вялізных адкрытых пляцоўках, як у Александрыі. Праўда, на рэпетыцыях крышку перашкаджала надвор’е, ад залевы артыстаў ратавалі 30 прыбіральшчыц, якія ў перапынках выціралі сцэну, каб не паслізнуўся балет. Ручнікамі ўкрывалі інструменты, а на самім канцэрце хмары нібыта хтось развёў рукамі, выступалі, гледзячы на вялізны Месяц і прыгожы заход, — не збаўляе высокую ноту згадак Яўген Алейнік.

Жывы гук — асабліва хвалюючая тэма для «Аўры». Яны ўпэўнены, што фанаграме на сцэне не месца, студыйныя запісы можна паслухаць і дома са смартфона. А гледачоў пра запіс варта папярэджваць, таксама, як вытворцы ставяць дыягназы на пачках цыгарэт.

— Тады як застрахавацца, калі артыст захварэе?

— А як застрахавацца танцору, які зламае нагу? — збянтэжвае Алейнік.

Юля з Жэнем працавалі ў арабскай дзяржаве Бахрэйн, звязвалі сябе кантрактамі з Масквой, прадзюсарскім цэнтрам у Кітаі, куды іх клікалі на дзесяць гадоў. Але Беларусь не прамяняюць, застануцца тут назаўсёды і выступаюць за развіццё айчыннага прадукту.

— Выходзіць на замежны ўзровень трэба найперш для статусу. Жыць — толькі ў Беларусі. Мы ў творчасці знайшлі свой ручаёк, сваю дзялянку, якую якасна апрацоўваем, каб вырасціць вялізнае кавуновае дрэва, — прыдумала метафару «Аўра».

Гэтую метафару можна далучыць і да рэальнасці. Быкава і Алейнік — карэнныя мінчукі — жывуць у вёсцы ля Астрашыцкага Гарадка ў прыватным доме, які дала ў арэнду дзяржава. Абуладжваюць яго, разбілі кветнікі і градкі, за вялікім сталом п’юць духмяную гарбату са сваіх зёлак. Сям’я шчаслівая і багатая. Я не пра фінансавы складнік, хоць дай Бог, каб і ён не адставаў. Юля і Яўген багатыя перш за ўсё на слаўных сыноў Сашу і Вову, якія растуць у творчасці і любові.

— З кім малыя, калі гастралюеце?

— За дзецьмі наглядаюць бабулі. Нянек не запрашаем, бо разлічваем толькі на сябе і радню. У нас дружная сям’я, з мужам абавязкі не раздзяляем. Ён можа карміць дзяцей, а я працую ў агародзе рыдлёўкай. Участак свой даглядаем, клапоцімся. Пакуль ушчыльную займаліся канцэртамі, ён няслаба зарос, таму цяпер па восем гадзін, не разгінаючыся, наганяю ўпушчанае, — гаворыць Юля, гледзячы праз вялізнае, з падлогі да столі, акно, дзе буяюць саджанцы і кветкі.

Усякаму шчасцю папярэднічаюць перашкоды. Перажыла іх і «Аўра». За амбіцыі і схільнасць гаварыць праўду негалосна ім прыкрылі дарогу ў эфір. Высокая прэмія «За духоўнае адраджэнне» пацвердзіла мастацкую вартасць іх працы.

— Своеасаблівы пробліск з’явіўся яшчэ да прэміі, калі шырокую папулярнасць стала заваёўваць песня «Синеокая», якую выконваюць Анатоль Ярмоленка з Вікторыяй Алешка, — прыгадвае зорную ўдачу кампазітар.

Зараз у айчынным шоу-бізнесе «Аўра» пачувае сябе камфортна, у планах — гастрольны тур па Беларусі. Між тым кожны дзень не спыняюцца, ідуць, шукаюць, даказваюць, на што вартыя, і заўсёды адкрытыя для прапаноў. За плячыма багаты вопыт. Яўген стаяў ля вытокаў прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», у розных творчых спецыяльнасцях паспрабаваў сябе на радыёстанцыі «Бі-Эй», а па адукацыі ён банкір, таму без праблем самастойна вядзе ўласны банкаўскі рахунак. Юля — дыпламаваны доктар з 10-гадовым стажам, таму, калі на канцэртах «Аўры» некаму стане дрэнна, набыты прафесіяналізм артыстка ўспомніць.

— Я люблю працай жыць. Бацькі настоялі, каб адукацыя была нятворчай, таму і паступіла ў медуніверсітэт, але заўсёды спявала. І з Жэнем пазнаёміліся, калі прасіла яго напісаць песню для студэнцкай каманды КВЗ. Пасля нараджэння старэйшага сына больш увагі ў дэкрэце стала ўдзяляць музыцы, і назаўсёды зрабіла выбар на яе карысць. У медыцыну больш не вярнулася, — упэўнена ў правільнасці свайго рашэння спявачка.

Многія хіты «Аўры» на роднай мове. Юля да яе прычасцілася з маленства, выступала ў дзіцячым фальклорным ансамблі «Зорачка».

— Мы ў сям’і размаўляем па-руску, але нам падабаецца, што ў нашай краіны ёсць родная мова, з музычнай пазіцыі гучыць яна ўнікальна і свабодная для хітоў. Гэта мова культуры, мастацтва, яна не для тэхнічных тэрмінаў. У нейкай ступені людзі не размаўляюць па-беларуску з-за той самай ашалелай меншасці, якая так актыўна ратуе за мову, а на справе дае адваротны эфект, — дапівае зёлкавую гарбату Яўген Алейнік.

У нечым і песні «Аўры» падобныя да зёлак — такія ж самабытныя, насычаныя і карысныя, слухаюць і любяць іх сапраўдныя гурманы.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter