На Брестчине сегодня рассчитывают намолоть миллион тонн зерна

Тысяча да тысячы – будзе мільён!

Засекі ў Брэсцкай вобласці з кожным днём усё паўнейшыя. Пружанскія і баранавіцкія хлебаробы першымі ў рэгіёне сабралі па сто тысяч тон збожжа, працягваючы і далей лідзіраваць па валавым намалоце. На пяткі наступаюць Камянецкі, Кобрынскі і Пінскі раёны, у кожным з якіх таксама маюць намер узяць статысячны рубеж. З гэтых соцень тысяч тон складаюцца мільёны. Да брэсцкага ўжо зусім недалёка: на ўчарашні дзень у рэгіёне намалочана звыш 920 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,8 цэнтнера з гектара. Сёння тут разлічваюць атрымаць першы мільён тон хлеба новага ўраджаю.

Экіпажы паказваюць прыклад

Для Кобрынскага раёна цяперашняе жніво асаблівае, бо менавіта тут пройдуць абласныя «Дажынкі». Пабываць на свяце ўраджаю ў абноўленым аграгарадку Дзівін хочуць многія ўдзельнікі жніва, у тым ліку з суседняга Драгічынскага раёна, што за апошнія гады прыкметна падцягнуўся па ўраджайнасці збожжавых і намалотаў.

— Нашым аграрыям ёсць на каго раўняцца ў сваім раёне, — уводзіць у курс справы старшыня Драгічынскага райвыканкама Аляксандр Дарашэнка. — СВК «Асавецкі» пастаянна ў лідарах па ўраджайнасці на Брэстчыне. Сёлета ўборку збожжавых тут таксама пачалі ўпэўнена, намалочваючы з кожнага гектара па 70 цэнтнераў збожжа. Планку па-ранейшаму трымаюць высока. Камбайнеры Уладзімір Мядзведзь і Мікалай Крывецкі з гэтай гаспадаркі сталі першымі тысячнікамі сярод маладзёжных экіпажаў вобласці. А сёння яны пераадолелі рубеж у 2000 тон. Нядрэнныя вынікі ў ААТ «Аляксеевічы-Агра», КСУП «Племзавод «Заказельскi», ААТ «Агра-Дзеткавічы», ААТ «Ліпніцкі» і іншых сельгаспрадпрыемстваў, дзе збіраюць па 43–49 цэнтнераў збожжа з гектара. На ўзроўні 42 цэнтнераў на круг ідзём і ў сярэднім па раёне. Ураджайнасць у параўнанні з мінулым годам вырасла больш чым на 6 цэнтнераў. Зжаць засталося 40 працэнтаў плошчаў.

Ушанаванне першага маладзёжнага экіпажа-тысячніка ў Брэсцкай вобласці. Камбайнеры Уладзімір МЯДЗВЕДЗЬ і Мікалай КРЫВЕЦКІ з СВК «Асавецкі».

«Ліпніцкі» ідзе на папраўку

Зрэшты, прыбаўку намалотаў у Драгічынскім раёне забяспечылі не толькі такія моцныя гаспадаркі, як «Асавецкі», але і эканамічна не самыя паспяховыя. У ААТ «Ліпніцкі», напрыклад, справы з кожным сезонам ідуць усё лепш. Гэта прыкметна ў тым ліку і па культуры земляробства. Прыехаўшы на пшанічнае поле ў разгар жніва, пераконваемся, што яно чыстае, пустазелля няма. Налітыя каласы месцамі не выстаялі пад непагаддзю. Такія ўчасткі ўбіраюць у першую чаргу і давяраюць іх самым дасведчаным камбайнерам.

Дырэктар ААТ «Ліпніцкі» Барыс Ткачык распавядае, што апошнім часам набылі тэхніку, якая дазваляе больш якасна праводзіць сяўбу, павялічваюць аб’ёмы ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, лепш працуюць са сродкамі абароны раслін. Адсюль і вынік.

— А адкуль грошы? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

— Са сваіх жа рэзерваў. Больш вырабляем збожжа, травяных кармоў — больш стабільна працуе жывёлагадоўчая галіна. Асноўная выручка — ад малака. За мінулы год павялічылі пагалоўе кароў, валавую вытворчасць самага прыбытковага прадукту нарасцілі больш чым на 10 працэнтаў. У гэтым сезоне дынаміку захавалі. Грошы накіравалі ў раслінаводства, ад якога маем аддачу цяпер. Трэба максімальна хутка завяршыць уборку, каб мінімізаваць страты. Бо ўраджай не той, што ў полі, а той, што ў засеках.

Гэта разумеюць усе ўдзельнікі жніва ў «Ліпніцкім». Сямейны экіпаж Юрыя і Сяргея Краўчукоў на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1047 тон збожжа. Хоць яны і не першыя тысячнікі ў раёне, але іх проста ў поле прыехаў павіншаваць старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум. Ён уручыў перадавікам заслужаныя ўзнагароды і пажадаў на дасягнутым не спыняцца.

— У такіх сельгаспрадпрыемствах, як «Ліпніцкі», хлебаробам больш складана выйсці ў абласныя ці нават раённыя лідары, — лічыць Мікалай Шум. — Але яны ўсе больш паспяхова сапернічаюць з тымі гаспадаркамі, дзе тэхналогіі адладжаны гадамі. Каб стымуляваць такіх старанных людзей, мы і наведваем не самыя моцныя эканамічна гаспадаркі.

Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай ШУМ ушаноўвае вадзіцеля ААТ «Ліпніцкі» Драгічынскага раёна Андрэя ШАЙКО, які лідзіруе на адвозцы збожжа.

Бацька і сын

Юрый Краўчук мае салідны хлебаробскі стаж. Летась атрымаў новы камбайн КЗС-1218, які паспеў апрабаваць у працы і намалаціць на ім амаль тысячу тон збожжа. Юрый Васільевіч даўно марыў, што яго памочнікам на ўборцы стане сын Сяргей. Спачатку не склалася: Краўчук-малодшы абраў працу ў горадзе. Аднак не так даўно вырашыў вярнуцца на малую радзіму, у Ліпнікі. Бацька прапанаваў разам папрацаваць на новым камбайне. І вось сямейны экіпаж папоўніў ганаровы круг абласных камбайнераў-тысячнікаў. На дасягнутым Краўчукі спыняцца не збіраюцца!

З такім жа баявым настроем працуе і лепшы вадзіцель на адвозцы збожжа ААТ «Ліпніцкі» Андрэй Шайко. Першую тысячу тон хлеба ад камбайнаў на дапрацоўку ён даставіў, атрымаўшы з рук Мікалая Шума падзячны ліст Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і каштоўны падарунак. Да фінішу гарачай пары ў гаспадарцы яшчэ досыць далёка. Андрэй разлічвае за гэты перыяд дадаць да свайго выніку яшчэ мінімум 500 тон ураджаю.

Усіх, хто заняты на жніве, у «Ліпніцкім» забяспечваюць гарачай ежай, прыгатаванай работнікамі грамадскага харчавання Драгічынскага райпо. 70 працэнтаў кошту абедаў сельгаспрадпрыемства кампенсуе. Прадугледжаны таксама іншыя меры стымулявання работнікаў.

Намалот Юрыя і Сяргея Краўчукоў, іх калег Мікалая Камінскага, Віталя Бонара, Віктара і Андрэя Міхнюкоў, хлеб, дастаўлены ад камбайнаў Андрэем Шайко, Мікалаем Касяком і іншымі лідарамі жніва невялікай Драгічынскай гаспадаркі, стане важным укладам у агульны каравай Брэстчыны, які ўжо сёння павінен перавысіць мільён тон.

Уборка збожжавых культур у Драгічынскім раёне.

У Камянецкім раёне ўжо два экіпажы намалацілі звыш 3000 тон збожжа. Упэўнена прыбаўляюць муж і жонка Сцяпан і Таццяна Кухта з ААТ «Белавежскі», якія ўзялі на айчынным камбайне КЗС-1624 лідарства з самага пачатку ўборкі. Услед за імі трохтысячнікамі сталі камбайнеры з ААТ «Савушкіна Пушча» Андрэй Кунц і Сцяпан Паўловіч, якія працуюць на машыне «Нью Холанд». Вадзіцель Сцяпан Царук з «Белавежскага» на МАЗе перавёз 3770 тон ураджаю. Рубеж у 3000 тон пераадолеў вадзіцель з гэтай жа гаспадаркі.

Сто экіпажаў камбайнераў і столькі ж вадзіцеляў папоўнілі ганаровы круг тысячнікаў на ўборцы і перавозцы ўраджаю.

На ўчарашні дзень у Брэсцкай вобласці ўбралі амаль дзве трэці з 337,6 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур. З пачатку жніва рэгіён набраў самыя высокія тэмпы. Нядаўна сталі ўбіраць больш чым па 5 працэнтаў плошчаў за дзень.


Першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый Рабкавец лічыць, што да канца першай дэкады жніўня масавая ўборка збожжавых і зернебабовых культур у вобласці будзе ў асноўным завершана:

— Больш часу, верагодна, спатрэбіцца Ганцавіцкаму, Лунінецкаму, Пінскаму раёнам, дзе тэмпы ніжэйшыя з-за асаблівасцей надвор’я. Ураджайнасць збожжавых у рэгіёне на 5,7 цэнтнера перавышае леташнюю, а гэта значыць, што засекі сёння будуць поўнымі.

kurets@sb.by

Фота Паўла МАЛЫШЧЫЦКАГА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter