Тысяча і адна задумка

Фірма “БАРРО” — значная фігура на прамысловай карце Бабруйска

Дырэктар вытворчай фірмы «БАРРО» Васіль БАРАНЧУК па сваім падыходзе да справы і жыццёвай філасофіі апярэджвае час

Фірма “БАРРО” — значная фігура на прамысловай карце Бабруйска. Яе кіраўнік Васіль Баранчук станавіўся лепшым у сферы бізнесу і прадпрымальніцтва, а фірма — пераможцай гарадскога і абласнога спаборніцтваў. Але, калі б яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму Васілю Анатольевічу сказалі, што ён будзе дырэктарам, не паверыў бы. Ён, падпалкоўнік, кіраўнік папраўчай калоніі, мог вышэй узняцца па службовай лесвіцы. Але адбылося па-іншаму: падаў рапарт аб звальненні з органаў МУС, узяўся рэалізоўваць спружынныя блокі, матрацы, якія вырабляліся на прадпрыемствах Бабруйска, Светлагорска. Потым вырашыў разам са сваімі памочнікамі закупіць станок па навіванні спружын і самім вырабляць спружынныя блокі. Адкрылі малое прадпрыемства “Пралеска”. Пасля таго як павялічыўся аб’ём прадукцыі, задумаліся аб выпуску матрацаў. Закупілі пустуючыя памяшканні адной з будаўнічых арганізацый, паставілі абсталяванне, інвентар, набылі некалькі аўтамашын. Пасля абжылі яшчэ адну будыніну. Да спраў падключыўся стрыечны брат Васіля Анатольевіча Андрэй, які пражываў у Маскве. Фірму перайменавалі ў “БАРРО”.

Iдэя, яшчэ ідэя!

Разам з матрацамі пачалі выпускаць артапедычныя асновы пад іх, шыць падушкі, пасцельныя рэчы, чахлы для матрацаў.

Васіль Баранчук ажыццявіў яшчэ адну задумку — пачаў выпускаць ложкі на аснове натуральных сыравінных матэрыялаў высокай якасці. Яшчэ адна ініцыятыва дырэктара — цеплапанелі на аснове клінкернай пліткі. Мнагапрофільнасць прадпрыемства дазваляе бязбоязна “веславаць” па бязмежнай вытворчай прасторы, вытрымліваць усялякія штормы і буры.

А яшчэ Васіль Анатольевіч плануе здабываць артэзіянскую ваду, якая пойдзе як на ўласныя патрэбы (калі адкрыюць буфет-сталоўку і новы лазневы комплекс), так і на рэалізацыю бліжэйшым прад­прыемствам і арганізацыям. Пачнеш размаўляць з Баранчуком — у яго тысяча і адна задумка.

Жыццёвая філасофія

“БАРРО” сёння на ўздыме. Здаецца, крызісы ёй хоць бы што. Можа, збавіць хаду? Баранчук і думкі такой не дапускае, прасоўвае наперад вытворчасць, поўны творчых пошукаў. У яго працуе больш за чатыры сотні чалавек. “Люблю, калі людзі, ідучы на работу ці з яе, усміхаюцца, гэта для мяне — найвялікшае задавальненне, — кажа Васіль Анатольевіч. — Хаця бывае ўсякае, пад кожнага не падладзішся…”

Ніколі не зняважыць, а калі і даводзіцца размаўляць на “высокіх танах”, то абавязкова папросіць у свайго суразмоўцы прабачэння. Высокая яго рэпутацыя як у калектыве, так і ў сваіх калег, ва ўладных структурах.

Двойчы дырэктар…

Васіль Баранчук займаецца адраджэннем праваслаўных храмаў, іншых духоўных устаноў, за што адзначаны ордэнам Кірылы Тураўскага. У праекце па стварэнні філіяла гарадской гімназіі з праваслаўным ухілам Васіль Анатольевіч прыняў самы зацікаўлены ўдзел. Давялося, па сутнасці, вяртаць да жыцця двухпавярховую будыніну, якая была выдзелена, наладжваць работу ўстановы: падбіраць кадры, арганізоўваць навучальна-выхаваўчы працэс. Баранчуку, які быў прызначаны дырэктарам, давялося патраціць нямала сіл. Ужо адбыўся першы выпуск школы, папулярнасць яе ўзрастае. Тут спадзяюцца, што неўзабаве яна ператворыцца ў праваслаўную гімназію.

З якой злеплены «гліны»?

Бацькі Баранчука, пра якіх, праўда, ужо даводзіцца казаць у мінулым часе, звычайныя сельскія жыхары з вёскі Следзюкі Быхаўскага раёна. Сям’я была шматдзетная. Васіль змалку зведаў нялёгкай працы, быў, як зазначалі вяскоўцы, старанным, годным хлапцом. Да вучобы здатны. Атрымаўшы трывалыя веды ў школе, паступіў у прэстыжны па тым часе Магілёўскі тэхналагічны інстытут. Выйшаў з яго эканаміст па адукацыі. Аднак так атрымалася, што працаваць пачаў у сістэме папраўчых устаноў. Па­спрабаваў сябе ў яе кiраўнiцкiх структурах, затым быў галоўным інжынерам дзіцячай калоніі ў Бабруйску, дырэктарам прадпрыемства дарослай калоніі. Да гэтага часу займеў яшчэ і юрыдычную адукацыю, скончыўшы Акадэмію МУС СССР. Васіль Анатольевіч мае цудоўную фізічную падрыхтоўку, абараняў гонар вобласці, свайго міністэрства па лыжных гонках, між іншым, майстар спорту па біятлоне. Аднак жа на першае месца заўжды ставіў сям’ю, дзяцей, усё ў яго атрымлівалася так, як хацеў. У гэтым годзе Васіль Баранчук адзначае сваё 55-годдзе.

------------------------------------------

На здымку: Васіль БАРАНЧУК (злева) са сваім стрыечным братам Андрэем за абмеркаваннем вытворчых спраў.

Фота: Мiалай ДАВIДОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter