Тыдзень роднай мовы стартаваў 21 лютага

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН правядзе шэраг круглых сталоў, прэзентацый, інтэрактыўных заняткаў і сустрэч з навукоўцамі, бібліятэкарамі, гісторыкамі, студэнтамі і школьнікамі, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы.

У панядзелак замежныя студэнты БНТУ падчас навукова-папулярнай лекцыі даведаліся, як вітацца і дзякаваць па-беларуску, як правільна вымаўляць і пісаць асобныя словы. Акадэмікі прадэманстравалі аўдыторыі выданні помнікаў старабеларускай пісьменнасці. У гэты ж дзень усе жадаючыя далучыліся да агульнаўніверсітэцкай дыктоўкі «Дыктоўка.бай», якую ладзіць Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка. Сёлета адзначаюцца 140-гадовыя юбілеі класікаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка. Таму выбраны фрагменты з тэкстаў, звязаных з іх творчасцю. Трансляцыя на афіцыйным YouTube-канале БДПУ. Пазней тэкст з'явіўся на слайдзе, можна было самастойна праверыць, колькі зрабілі памылак.

Што яшчэ цікавага? Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў расказаў пра некаторыя інавацыйныя праекты, якія будуць прэзентаваны на тыдні. Гэта корпус беларускай мовы. Такія ёсць у многіх народаў свету, беларускі налічвае адзін мільярд словаўжыванняў і шырока выкарыстоўваецца ў практыцы рэдактарамі і выкладчыкамі. Грамадскасці прадставяць новы электронны рэсурс «Граматычная база беларускай мовы». Калі выбаць яго на паперы, атрымаецца каля 50—60 тамоў. Яшчэ адзін фундаментальны і важны праект — новы тлумачальны слоўнік па беларускай мове. Сучасныя тэхналогіі дазволілі пашырыць базу слоўніка, яго аб'ём.

Для сталічных натарыусаў будуць нала­джаны моўныя лекцыі. На тыдні прэзентуюць інавацыйны праект «Мова маёй прафесіі», падрыхтаваны спецыялістамі IT-сферы і навукоўцамі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН. Сумесная распрацоўка дапаможа набыць ці праверыць моўныя веды прадстаўнікам розных прафесій.

Як складаўся Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас, можна даведацца на круглым стале з навукоўцамі НАН і спецыялістамі ў аўторак. А ў чацвер мовазнаўцы сустрэнуцца са студэнтамі і выкладчыкамі філфака БДУ, абмяркуюць беларускамоўныя выданні-навінкі. У ня­дзелю пройдзе займальная гульня «Гаворым па-беларуску». Завершыць Тыдзень роднай мовы навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!» сярод вучняў 7—11-х класаў Мінска і Мінскай вобласці.

Ігар Капылоў адзначыў, што існуюць і праблемы. Напрыклад, няшмат праграмных прадуктаў маюць пераклад на мову, не ва ўсіх установах адукацыі ёсць сайты на дзвюх дзяржаўных мовах, не хапае электронных рэсурсаў і вучэбных дапаможнікаў для вывучэння нашай мовы іншаземцамі. Навуковец прапанаваў стварыць орган, спецыялісты якога б займаліся распрацоўкай стратэгіі захавання і развіцця беларускай мовы.

ostapchuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter