«Ты заходзіш у храм...»

Дзякуй Віктару Шніпу: сваёй кнігай ён дапамагае нам зазірнуць у нашы душы,  паглядзець навокал, поўнасцю адчуць незвычайна багаты свет, у якім жывём...

Ты заходзіш у храм,

    як у  неба ўзлятаеш, 

Пра якое адзін ты на свеце 

                           і знаеш, 

Бо тваё гэта неба, і там                                

  Божы дом. 

І самота твая, што ў душы                                      

 выспявала,  

Узляцела з табой 

         і малітваю стала. 

І злілася з высокім, як неба,                                    

     Святлом. 

Гэта радкі з новай кнігі “Балада камянёў” беларускага паэта Віктара Шніпа, лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага, творцы надзвычай самабытнага, цікавага, чыя паэзія бы той жыватворны струмень на нашай літаратурнай ніве. 

У кнізе чатыры раздзелы. Першы – балады, у якіх па-свойму цікава і вобразна паэт апавядае пра найбольш важныя этапы шматвяковай гісторыі Беларусі, пра лёсы славутых людзей, якія жылі, працавалі і змагаліся за яе незалежнасць і росквіт. “Дарога да храма” – другі раздзел, ён складаецца з лірыка-філасофскіх мініяцюр і вершаў, у якіх ёсць і слёзы, і любоў, і самота, і смех, цнота і грэх... У трэцім раздзеле – вершы пра каханне, сяброўства і вернасць. Чацвёрты – верлібры і белыя вершы. 

Наш час тлумны і складаны, што, безумоўна, уплывае на жыццё, паво-дзіны, у пэўнай меры маральны воблік кожнага з нас. У паўсядзённых справах, клопатах, мітусні рэдка калі можам задумацца: хто мы такія на гэтай зямлі? А мо саромеемся... 

Дзякуй Віктару Шніпу: сваёй кнігай ён дапамагае нам зазірнуць у нашы душы,  паглядзець навокал, поўнасцю адчуць незвычайна багаты свет, у якім жывём. Гэты свет – наша родная Беларусь з усім слаўным, добрым, цяжкім, што яна мела раней і мае сёння. 

Гутару з паэтам. 

— Віктар Анатольевіч, чаму так незвычайна назвалі сваю кнігу — “Балада камянёў”? 

— Назва сімвалічная. Як ёсць час раскідваць камяні, так і ёсць час іх збіраць. Я збіраю. З камянёў складаецца падмурак, на якім стаялі, стаяць і будуць стаяць нашы вясковыя хаты, адкуль мы амаль усе выйшлі. Камяні – гэта сцены старажытных замкаў і палацаў, сцены сучасных збудаванняў. Камяні – гэта і брукаванка, і жорны, і першая зброя нашых продкаў... А ў кнізе я сабраў вершы, як камяні, і склаў з іх свое-асаблівы храм, куды любы чалавек можа зайсці і адчуць тое, што я адчуваў пры напісанні таго ці іншага верша. 

— Што вы хочаце сказаць людзям? 

— Тое, што Беларусі лёсам наканавана мець сваіх слынных сыноў, якія сталі гонарам і яе, і не толькі. Яны ва ўсе часы былі на нашай зямлі і не толькі думалі пра тую Беларусь, у якой жылі, а ўсімі сваімі памкненнямі і працай стваралі Рэспубліку Беларусь — краіну еўрапейскую, са сваім гераічным мінулым і слаўным сёння. 

— Ваш лірычны герой – хто і які ён? 

— Безумоўна і адназначна чалавек, для якога няма на свеце нічога даражэйшага, чым родная Айчына. Ён часам сумны, часам іранічны, гэтак жа, як і ўсе мы. Ён не абыякавы да ўсяго, што адбываецца побач з ім, але адначасова ён жыве ў сваім уласным свеце, ім створаным. 

Мне часта даводзіцца выступаць у школах, бібліятэках, дамах культуры. У нас растуць разумныя дзеці. Сярод іх шмат таленавітых, якія пішуць вершы. І няхай яны сёння яшчэ школьнікі, студэнты, але пройдзе час, і яны вырастуць, як тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, перад якімі я чытаў свае вершы гадоў дваццаць назад. Сёння некаторыя з іх актыўна выступаюць у рэспубліканскім друку, і гэта не можа не радаваць. Ёсць вельмі маладыя паэты і празаікі, а значыць, ёсць будучыня ў беларускай літаратуры. Ёсць будучыня ва ўсёй нашай краіны Беларусі, якую мы любім і якой ганарымся. Наша моладзь – цудоўная моладзь. 

Безумоўна, найбольш значныя і багатыя на роздум старонкі кнігі — балады. Ужо самі іх назвы гавораць, што, як і дзеля чаго гаворыць паэт. Тут ён і  дасціпны назіральнік, і тонкі лірык, і глыбокі філосаф. Ён умее ўбачыць у звычайным незвычайнае і сваё бачанне перадае нам – па-свойму вобразна, з нечаканым, але ж такім жыццёва мудрым вывадам. І яшчэ адно, уласцівае толькі Віктару Шніпу: свае балады ён напаўняе хвалюючай, асобай таямнічасцю і загадкавасцю, ад чаго яны яшчэ больш прывабныя. 

Талент, дадзены паэту Богам, філасофскі склад розуму, мудрасць, любоў да роднай зямлі, памножаныя на добрае веданне нашай гісторыі, дапамагаюць яму так глыбока разумець, вобразна перадаваць і высока цаніць нашу нацыянальную спадчыну. І зусім натуральна, што размова пра спадчыну арганічна спалучаецца з любоўю да Радзімы. Паэт гаворыць нам: глядзіце і думайце, нічога ў прыродзе няма выпадковага. Кожнае дрэва, кветка, рэчка, сцяжынка, кожны валун, што ляжыць сярод поля з далёкай даўніны, – часцінкі арганічнага цэлага. І ў ім – мы, людзі. Прырода – наш агульны і вечны дом. 

А вось некалькі іншая тэма: паэт быццам прадбачыў няпростую сітуацыю, што склалася сёння ў нашай колісь дружнай і магутнай славянскай сям’і. І сказаў трапна, верна і вобразна: 

Вялікая, самотная Расія, 

Вялікай будзь, як боскія                                                       

                  дамы, 

Не з-за таго, што знікнем                                        

                     мы, “малыя”, 

А з-за таго, што будзем мы! 

Беларуская паэзія даўно займела свой высокамастацкі, чысты і сумленны голас у еўрапейскай паэзіі. Адметнасць яе ў тым, што ў нашай паэзіі заўсёды жыла і жыве добрая душа беларуса, яго гуманізм, светлы вобраз Радзімы. 

Віктар Шніп дастойна працягвае такія святыя традыцыі. Бо, як піша паэт: 

Найлепшая ў свеце краіна 

У сэрцы з табою жыве, 

Нібыта малітва ў царкве, 

Нібыта ля хаты рабіна, 

Ля хаты, дзе ты нарадзіўся, 

Дзе плакаў, смяяўся, 

                          маліўся 

І верыў, што ў свеце краіна 

Найлепшая – гэта твая, 

Бо ёсць каля вокан рабіна, 

Бо сцежка ёсць да ручая. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter