Ты загинуў у агнi, дзядуля. Я, невялiкi асколак тваёй сям’i, так мала ведаю цябе i так многа

Наблiжаецца юбiлей Вялiкай Перамогi. Мы ведаем iмёны герояў. У кожнай нашай сям’i ёсць што ўспомнiць, адшукаць сведкаў, пакуль яны жывыя, вырваць з небыцця iмёны сваiх родных, закатаваных, спаленых, памерлых ад ран. Аднавiць памяць свайго роду, каб адчуць, якiя ў ёй сiла i моц. Казаў паэт: «Будзем помнiць мы — будуць помнiць i нас».
Наблiжаецца юбiлей Вялiкай Перамогi. Мы ведаем iмёны герояў. У кожнай нашай сям’i ёсць што ўспомнiць, адшукаць сведкаў, пакуль яны жывыя, вырваць з небыцця iмёны сваiх родных, закатаваных, спаленых, памерлых ад ран. Аднавiць памяць свайго роду, каб адчуць, якiя ў ёй сiла i моц. Казаў паэт: «Будзем помнiць мы — будуць помнiць i нас». «Мы нарадзiлiся з табой ля цiхай рэчкi Наратоўкi. Дзе дрэмлюць вербы над вадой i салаўi спяваюць звонка...» Зараз месца, пра якое пiсала паэтка Раiса Савiч, носiць назву Акцябрскi раён, гарадскi пасёлак Акцябрскi. Раней тут былi вёскi Рудабелка, Рудня. I побач твая, дзед, вёска Кавалi. На пачатку Першай сусветнай вайны ў цябе было чатыры сыны i дачка. Вы марылi аб лепшай долi, таму працавалi аддана на зямлi. Але нямецкая акупацыя дакацiлася i да глыбiнкi Палесся. Рабавалi сёлы i маёнткi, забiвалi людзей, вывозiлi нарабаванае. Твае аднавяскоўцы ўзнялiся на барацьбу з гэтым злом. У тваёй хаце збiралiся маладыя дужыя хлопцы-аднавяскоўцы — сябры твайго старэйшага сына Максiма, раiлiся, як згуртавацца, каб, не маючы зброi, даць належны адпор захопнiкам. Спрабавалi абыходзiцца без крывi – спрыяла народная кемлiвасць. Ты, дзед, развешваў лiстоўкi: «Не давайце нямецкiм акупантам вывозiць народнае дабро, раззбройвайце салдат, стварайце партызанскiя атрады!». Атрад твайго сына Максiма захапiў валасны цэнтр. 24 лiстапада 1918 г. у iм была абвешчана свая ўлада. Да свабоднай зоны далучалася вёска за вёскай. Немцаў не забiвалi – забiралi зброю, нарабаванае i выганялi. Iх праводзiлi з пажаданнямi: «Няхай жыве нямецкая рэвалюцыя. Шчаслiвай дарогi!» Так былi ачышчаны Рудабельская i суседнiя воласцi. Створаны Рудабельскi валасны камiтэт. Яго ўзначалiў 20-гадовы Аляксандр Салавей. Твой сын Максiм стаў камiсарам. Гэты раён на палесскай зямлi пачалi называць Рудабельскай рэспублiкай. Дзядуля, у цябе былi залатыя рукi. Ты быў выдатным цесляром. Любiмая твая справа – будаваць. А ў час адпачынку ты сталярнiчаў. Твае рукi рабiлi забаўныя дзiцячыя цацкi. I нават скрыпкi. А як спявала твая Ганначка! Наогул, сям’я была музыкальная, пявучая. Шмат ведалi песень, многа спявалi. А якi ў цябе быў сад! Табе здавалася, што не будзе канца нi вясне, нi iскрыстай расе, нi каханню. Ты вылучаў цяпло, i ўсе гарнулiся да цябе. Паступова адраджалася ад разрухi i расквiтала твая палеская старонка. Павырасталi дзецi, з’явiлiся ўнукi. Твой старэйшы сын працаваў у Мiнску. Раптам у 1937 годзе цябе абвясцiлi бацькам ворага народа. Ты цвёрда ведаў, што гэта няпраўда. Максiма арыштавалi. Ты меў вялiкую сiлу жыць, аднак двое тваiх унукаў асiрацелi. Цябе падтрымлiвалi сапраўдныя сябры, правераныя ў былых баях, i яшчэ — праца. Ты ўсё часцей хадзiў у лес да дуба. Ён быў царом дубоў у пушчы i ўзвышаўся над морам траў. Ён таксама даваў табе сiлы. Навала новай, ужо другой на тваiм вяку, сусветнай вайны — прыход гiтлераўцаў — нiчога не змянiлi ў тваiх поглядах. Ты жыў на сваёй зямлi. Яе трэба было баранiць, як i сваю чалавечую годнасць. Твае землякi таксама не любiлi ўсялякiх захопнiкаў. I таму зноў у тваiм краi збiралiся народныя мсцiўцы, стваралiся партызанскiя атрады лiтаральна з першага дня вайны. Гiсторыя паўтаралася. Ц.Бумажкоў i Ф.Паўлоўскi ўзначалiлi народнае супрацiўленне. Партызанскi рух набываў сiлу. Ужо вясной 1941 года партызанамi былi вызвалены ад фашыстаў Акцябрскi, Глускi, Старобiнскi i iншыя раёны. Паступова ўтварыўся вялiкi партызанскi край, дзе працавалi савецкiя школы, выдавалiся газеты «Звязда», «Чырвоная змена», дзейнiчаў партызанскi аэрадром. Гiтлераўцы не раз намагалiся знiшчыць гэты «галаўны боль». З 20 сакавiка па 4 красавiка 1942 года акупанты правялi аперацыю пад кодавай назвай «Бамберг». 7 дзён iшлi кровапралiтныя баi, варожыя сiлы былi вялiкiя: артылерыйскi полк, кавалерыйскi i авiяцыйны эскадроны, два палiцэйскiя батальёны. Партызаны вымушаны былi адступiць. У Акцябрскi раён прыйшлi немцы. Першага красавiка 1942 года карнiкi ўварвалiся ў тваю вёску Кавалi. На вулiцах паставiлi кулямёты, сабралi ўсiх жыхароў. Гэта былi старыя, нямоглыя i дзецi. Усiх людзей падзялiлi на сотнi, пазаганялi ў хлявы i падпалiлi. Як свечкi па закатаваных палалi 134 двары тваёй вёскi. Тым жудасным днём немцы спалiлi 720 тваiх аднавяскоўцаў. У агнi загiнулi ты, дзядуля, твая сям’я, твае блiзкiя i родзiчы — усяго больш як 20 чалавек. Застаўся ўсё ж напаўжывы адзiны сведка. З прастрэленай галавой ён здолеў дапаўзцi да лесу. Гэта быў твой малодшы сын... Хто скажа, якi боль ты перажыў, зведаў?! Аб чым ты ўспамiнаў у апошнiя хвiлiны свайго жыцця? Можа, аб тым, як ты з сям’ёй святкуеш Купалле? Як па рацэ цiха плывуць чаўны i далёка над вадой разносяцца песнi пад гукi скрыпкi?.. А можа, ты бачыў сваiх дарослых дзяцей такiмi ж немаўлятамi, як i ўнукаў? Дзiцячыя галасы, дзiцячы плач i жаночы лямант – вось што ўрэзалася ў тваю затухаючую прытомнасць у апошнiя хвiлiны твайго жыцця. Стогны – гукi пакут i гора доўга стаялi над былой вёскай, а потым глухiм рэхам затаiлiся-змоўклi ў навакольных лясах. Да гэтага часу дрэвы кожнай вясной сочацца болем. Дзядуля! Я раскажу табе, што было потым, пасля тваёй смерцi. Было многае. Усяго не перакажаш, але ты ведай галоўнае – твае землякi не скарылiся захопнiкам. Яны, як i ты, за перамогу аддалi самае каштоўнае – свае жыццi. Цi ўспамiнаў ты сваiх унукаў, што засталiся сiротамi ў Мiнску? Думаю, успамiнаў, i не аднойчы. Ты не ведаў дакладна, але не сумняваўся ў тым, што яны таксама будуць змагацца з акупантамi. А як жа iначай? Твой унук Анатоль толькi закончыў школу. Але ўжо ў пачатку восенi 1941 года пачаў збiраць аднадумцаў. Вельмi хутка стварыў i ўзначалiў падпольную маладзёжную групу, наладзiў сувязь з iншымi падпольшчыкамi. Толiк Малы – такая была падпольная мянушка твайго ўнука. Ён добра валодаў нямецкай мовай, часта пераапранаўся ў нямецкую афiцэрскую форму. Гэта давала магчымасць прабiрацца на тэрыторыю чыгуначнага вакзала, устанаўлiваць мiны з гадзiннiкавым механiзмам, па падробленых дакументах атрымлiваць у нямецкiх гарнiзонах медыкаменты, а то i зброю, боепрыпасы. Усё гэта перадавалася партызанам. Туды ж выводзiлiся ваеннапалонныя. Маладыя падпольшчыкi былi актыўнымi, смелымi, дзёрзкiмi. Група Анатоля Ляўкова дзейнiчала ў Мiнску больш за два гады. 12 лiстапада 1943 года, у момант арышту, твой Толiк быў цяжка паранены, захоплены гiтлераўцамi i загiнуў у засценках гестапа. Яго сястру, тваю ўнучку Дорачку, немцы павесiлi ў скверы каля Купалаўскага тэатра. Цяпер там шумяць старыя дрэвы... Так загiнулi дзецi «ворага народа», твайго сына Максiма. Адна з вулiц Мiнска носiць iмя твайго ўнука, Анатоля Ляўкова. Дзед, гэта i тваё iмя. Многiя незнаёмыя мне людзi, хто ведаў цябе, казалi: «Ганарыся сваiм дзедам, ён жыў, як герой». Дзед, ты жыў i змагаўся, як усе твае землякi. Ты падзялiў з iмi лёс. Я пiшу гэтае словы пра ўсiх тых, хто не пакарыўся, хто забiты, хто загiнуў у агнi. Дзед, тваё жыццё – кропелька жыцця тваiх землякоў, твайго народа. Мужнасць i памяць iдуць адной дарогай. Я – невялiкi асколачак тваёй вялiкай сям’i. Я так мала ведаю пра цябе i так многа. Па тых зярнятках, якiя ты пасеяў... О, любоў мая, Беларусь! Над туманным начным стаўком Пралятае самотная гусь, Разразаючы люстра крылом... Ты не ведаў гэтых радкоў Караткевiча, але прыняў бы iх усiм сэрцам. Архiп Сямёнавiч! Я помню цябе. Я не забуду цябе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter