Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі. У кастрычніку 1939 года Мінск канчаткова быў зацверджаны ў якасці сталіцы рэспублікі, хаця яшчэ ў верасні сталіцу збіраліся пераносіць у Магілёў.

Але ўз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву паставіла ўсё на свае месцы. Менавіта таму падзеі восені 1939 года – лёсавызначальныя. У той час сфарміравалася сучасная тэрыторыя Айчыны – ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Гомеля, з архітэктурнымі жамчужынамі, унесенымі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, – Мірам, Нясвіжам. У 1991 годзе БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Несумненна, калі б не было ўз’яднання 1939 года, наша дзяржава на карце Еўропы сёння мела б зусім іншыя межы.

«Навсегда миновали черные годы унижения белорусского народа»

17 верасня 1939 года пачаўся паход Чырвонай Арміі на землі, якія ў той час уваходзілі ў склад Польскай Рэспублікі. «Усходнія крэсы» – так яшчэ называліся гэтыя тэрыторыі з гарадамі Вільня, Гродна, Навагрудак, Брэст, Львоў. Заходнебеларускія, заходнеўкраінскія і ўсходнелітоўскія тэрыторыі трапілі ў склад Польшчы 18 сакавіка 1921 года – тады ў Рызе было падпісана мірнае пагадненне паміж Польшчай і РСФСР, паводле якога Усходняя Еўропа і наша бацькаўшчына былі падзелены на дзве часткі. Якуб Колас тады напісаў:
Нас падзялілі... Хто? –
Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы!
К чорту граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
У 1939 годзе Беларусь стала зноў адзінай: заходняя частка злучылася з рэштай краіны – Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай.
29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі на пасяджэнні ў Беластоку прыняў дэкларацыю аб уз’яднанні. У дакуменце, арыгінал якога захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (на фота), між іншым гаворыцца: «Навсегда миновали черные годы унижения белорусского народа под игом польских панов, попиравших элементарные права и национальное достоинство белорусского народа... Трудящиеся Западной Белоруссии решительно требуют воссоединения доныне расчлененных двух частей единого белорусского народа, единой белорусской земли. Считая волю белорусского народа высшим законом, Белорусское Народное Собрание постановляет: «Просить Верховный Совет Союза Советских Социалистических Республик и Верховный Совет Белорусской Советской Социалистической Республики принять Западную Белоруссию в состав Советского Союза и Белорусской Советской Социалистической Республики, воссоединить белорусский народ в едином государстве и положить тем самым конец разобщению белорусского народа».
Затым пачаўся доўгі працэс «прыціркі» Захаду і Усходу адной краіны – палавінак родных, але і розных. Рассакрэчаныя дакументы з Нацыянальнага архіва, якія прапануюцца вашай увазе, раскрываюць малавядомыя дэталі працэсу ўз’яднання бацькаўшчыны. Сведчанні, з якімі вы пазнаёміцеся, – тыя прыступкі пакручастага шляху, па якіх Заходняя Беларусь ішла да свайго адзінства з Усходняй. Арфаграфія дакументаў захоўваецца без змен.

«Оставив столицей БССР г.Минск»

14 кастрычніка 1939 года члены Бюро ЦК КП(б)Б сабраліся на незвычайнае пасяджэнне. Ім давялося слухаць пытанне «Аб сталіцы Беларускай ССР». Пратакол, падпісаны першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам, зафіксаваў гістарычную пастанову: «Просить ЦК ВКП(б) пересмотреть решение от 19.IV.–1938 г. о переводе столицы из г. Минска в г. Могилев, оставив столицей БССР г. Минск». А між тым у Магілёве ўжо быў узведзены новы Дом урада. 5 верасня 1939 года Савет народных камісараў СССР пастанавіў перадаць будынкі мінскага Дома ўрада, а таксама Акадэміі навук пад памяшканні Беларускай ваеннай акругі...
Пасля 17 верасня Мінск перастаў быць памежным горадам, апынуўшыся ў сэрцы Беларусі, як і належала яму воляй гісторыі. Адпала адпаведна патрэба змены сталіцы. На вышэйзгаданым пасяджэнні беларускія кіраўнікі прасілі маскоўскіх таварышаў аб «переносе строительства дома ЦК КП(б)Б и не начатых жилых домов наркоматов из г. Могилева в г. Минск». Дом ЦК КП(б)Б неўзабаве пачалі будаваць на вуліцы Карла Маркса: цяпер ён мае нумар
38 – тут працуе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

«Кнігі Радзівілаў прадстаўляюць сабою рэдкасць»

Ці можна ўявіць сённяшнюю Беларусь без Нясвіжа, яго замка? Культурнае багацце сталіцы Радзівілаў прадстаўляе нашу краіну ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Каштоўнасць калекцый знакамітага роду ўсведамлялі айчынныя вучоныя даўно. Пасля ўз’яднання паны Радзівілы пакінулі сваю сядзібу – ім не было месца ў сацыялістычнай дзяржаве, іх маёмасць нацыяналізавалі. Нясвіж пачалі наведваць вучоныя з Мінска. 29 кастрычнніка 1940 года прэзідэнт Акадэміі навук БССР К.В.Гораў звярнуўся да сакратара ЦК КП(б)Б таварыша Маліна: «Бібліятэка Несвіжскага замка ў колькасці 10 245 кніг састаіць ў большасці сваёй з кніг на францускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах... У ёй ёсць кнігі выдання XV, XVI, XVII стагоддзяў, з часу ўтварэння самога рода Радзівілаў, якія прадстаўляюць сабою рэдкасць... Кнігі стаяць у асобных, зробленых для гэтага шафах, так што кнігі і шафы, па сутнасці, неад-
дзялімы. Ёсць два бібліятэчных сталы, даўняй работы і некалькі крэслаў... Бібліятэка Несвіжскага замка прадстаўляе вялікую каштоўнасць для людзей навукі і павінна быць імі выкарыстана цалкам». Прэзідыум АН хадайнічаў аб перадачы кнігазбору ў Мінск, «у веданне Акадэміі Навук БССР».
Перад гэтым, 23 ліпеня, акадэмік Гораў звяртаўся да пінскага абкама КП(б)Б па дазвол на вываз у Мінск бібліятэкі і архіва Пінскай каталіцкай духоўнай семінарыі – 20–30 тысяч тамоў, бібліятэкі з Манькавіч – 2 тысячы кніг. (Заўважым цікавую акалічнасць: у афіцыйным пісьме ўдакладнялася, што Манькавічы знаходзяцца «в 1 клм от Сталино», затым літара «а» ў назве перабіта на «о», але ўсё адно памылка не да канца выпраўлена, бо меўся на ўвазе проста Столін, які ў эпоху культу асобы машыністка, мабыць, прыняла за паселішча ў гонар Сталіна!) Гораў даводзіў, што пінская і манькавіцкая біб-ліятэкі «не могут быть использованы на месте. Передача этих библиотек полностью дает возможность Академии наук пополнить книжный фонд своей библиотеки иностранной литературой, представленной в б-ке сравнительно мало».
Аднак што да пінскіх кніг, то ў колькасці 33 тысяч экземпляраў яны былі вывезены... у Маскву – у антырэлігійны музей. Тамтэйшыя супрацоўнікі аказаліся спрытнейшыя за мінскіх акадэмікаў. Нясвіжскі ж кнігазбор трапіў у Мінск – цяпер рарытэты захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН.
А ліст Горава ў ЦК трэба лічыць адной з першых ластавак прызнання заслуг Радзівілаў перад Беларуссю.

«Основная масса писателей в западных областях – еврейские писатели»

15 снежня 1939 года старшыня праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі Міхась Лынькоў паведамляў у ЦК, што ў «западных областях Белоруссии имеется сейчас около ста писателей-беженцев из б. Польши и б. Виленской области». Сярод «значительных» беларускамоўных аўтараў стваральнік «Міколкі-паравоза» называў Максіма Танка («наиболее талантливый из всей группы западных писателей»), «Филиппа Пестряка» («хороший лирик»). Між польскамоўных творцаў пералічаны тыя, чые кнігі «после некоторой очистки от навязанных цензурой мест могут быть перепечатаны у нас». Аднак, як адзначаў Лынькоў «наверх», «основная масса писателей в западных областях Белоруссии – еврейские писатели». І ўсіх майстроў пяра, нягледзячы на нацыянальнасць, трэба было праверыць на прадмет «политического лица». Лідэр пісьменнікаў БССР раіў «ускорить эту проверку или указать Госиздату БССР и редакциям, чтобы отсутствие подобной проверки не служило непреодолимым препятствием для печатания, а местным органам для принятия на работу».
А праца, грошы, ежа, апрача хлеба духоўнага, турбавалі кожнага пісьменніка. Лынькоў паведамляў, што, па-першае, сярод калег па цэху «не знающих русского и белорусского языка... все же много». Па-другое, у Беластоку жыве 46 пісьменнікаў, якія ўцяклі з акупіраванай немцамі Польшчы, «находятся в общежитии вместе с женами и детьми, в одной большой и холодной комнате, сплошь уставленной кроватями (быв. танц-зал)». Саюз пісьменнікаў планаваў 15–20 чалавек накіраваць у санаторый у Пухавічах, некага перавесці на работу ў Мінск, камусьці выдаць аднаразовую дапамогу. Але патрабавалася большая ўвага дзяржавы да творчых людзей: кіраўнік саюза літаратараў прасіў пашырыць аб’ёмы і колькасць выданняў на польскай і яўрэйскай мовах, пасылаць пісьменнікаў «на ту или другую работу», карацей, не даць людзям памерці з голаду.

«Основная масса школ должны быть белорусскими»

1–2 снежня 1939 года Панамарэнка падпісаў прынцыповую пастанову ЦК КП(б)Б – «Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР». Школы аб’яўляліся дзяржаўнымі, навучанне бясплатным, патрабавалася «ввести совместное обучение учащихся, ликвидировав деление школ на мужские и женские», «прекратить преподавание религии и исполнение религиозных обрядов во всех школах». Што да апошняга пункта, то яго выканаўцам, партыйным арганізацыям, рэкамендавалася «обеспечить глубокую раз’яснительную работу, исключающую всякое администрирование и грубость, могущее оскорбить чувство верующих».
Але, як адзначала народны камісар асветы Уралава, «очень характерным является то, что еще никогда такого большого посещения костелов не было, как сейчас».
Выкладанне ў школах Заходняй Беларусі да верасня 1939 года па-беларуску не вялося. Пасля ўз’яднання ўсё кардынальна змянілася. Прадпісвалася «считать, что основная масса школ в западных областях БССР должны быть белорусскими. Переход на белорусские школы не затягивать, однако осуществлять его постепенно, по мере снабжения школ учебниками и квалифицированными преподавателями белоруссами».

«Прошло время, и «энтузиазм» остыл»

Паводле Уралавай, «в период времени с октября 1939 г. по ноябрь–декабрь 1940 г. сразу видно, что почти все учительство, за очень редким исключением, быстро овладевало методами обучения в Советской школе, принялось за организацию пионерских отрядов» і г.д. «Но прошло некоторое время, – пісала ў красавіку 1941 года Уралава Панамарэнку, – и этот «энтузиазм» остыл... Сейчас бросается в глаза совершенно иная картина. Об’яснения этому найти пока трудно: то ли это связано с международной обстановкой, или просто потому, что правильное исправление ошибок в области национальной политики реакционные элементы польского учительства использовали в своих интересах».
А сітуацыя складвалася зусім не ідылічная. У верасні 1939 года многія віталі Чырвоную Армію як вызваліцельніцу, а праз год пэўная частка грамадства ўжо настальгавала па польскіх часах. Уралава разумела, што выхаваць савецкі патрыятызм не так проста: «Мне пришлось бывать в Гродненской гор. библиотеке тогда, когда производилась выдача книг гражданам. В этой библиотеке имеются два отдела: отдел Советской русской и белорусской литературы и отдел старой польской книги. В первом отделе за весь вечер только четыре товарища взяли книги художественной классической русской литературы, за то в польском отделении для получения книги стояла очередь не менее 100 чел.».
Між тым «молодежь старших классов не вступает в комсомол», «начался выход детей из пионерских отрядов». Яшчэ горш справа была ў Брэсце: «Все учителя заявляют, что они ждут возвращения старой власти».
Відаць, для многіх жыхароў Заходняй Беларусі дабрабыт, шчасце і камунізм стаялі на розных полюсах. Некаторых увогуле турбавалі занадта высокія матэрыі, далёкія ад прозы жыцця. У 7-й польскай яўрэйскай школе Брэста ў верасні 1940 года старшакласнікі разам з настаўнікам хіміі Шарэцкім стварылі гурток рэалістаў (шукальнікаў ісціны): «Кружок рассматривал такие вопросы: алхимия, умирающее солнце, история помещения души (локализация ее) и др. вопросы».
Так, у пошуках сябе і свайго месца ў аб’яднанай Радзіме, пачалася для дзесяцімільённага народа Беларусі новая эпоха. 17 верасня 1939 года стаіць у адным радзе з такімі датамі, як 3 ліпеня 1944 года – Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 27 ліпеня 1990 года, калі была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Усе гэтыя падзеі прывялі да з’яўлення на карце Еўропы цалкам незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

На свае вочы

Як гэта было

Рассакрэчаныя архіўныя дакументы, газеты, рэдкія карты Еўропы, СССР, Беларусі, уніформа польскага, савецкага і нямецкага салдатаў, транспаранты ўдзельнікаў мітынгаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, радыёпрыёмнік – з гэтых і іншых “дробязей” склалася выстава, прысвечаная ўз’яднанню краіны. Экспазіцыя да канца кастрычніка працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі і перадае дух незвычайнага часу ў нашым мінулым – векапомнай восені 1939 года. Творы заходнебеларускіх жывапісцаў і графікаў экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі на выставе, якая адкрыецца сёння а 17-й гадзіне.

Без каментарыяў

Школы ў Заходняй Беларусі да 1939 года

Польскіх – 5932, яўрэйскіх – 263, рускіх – 3, нямецкіх – 3,
беларускіх – 0.
Крыніца даных: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter