Символично, что ярый борец за народную судьбу и известный поэт Максим Танк родился 17 сентября

«Ты ведай, перамога ўжо не за гарамі»

Верш з такім радком Максім Танк напісаў яшчэ ў 1936-м, калі ў Заходняй Беларусі пралетарыят і сялянства каторы год змагалася за незалежнасць, а польскія ўлады разганялі рабоча-сялянскія бунты, садзілі ў турмы камуністаў, выносілі пажыццёвыя прысуды. Нехта скажа: празорлівец. Дакладна не. Танк ведаў і верыў, што «мэта блізка» і «ў бітве мы не згінем», таму што сам быў наперадзе гэтай барацьбы, набліжаў памятнае для ўсіх беларусаў 17 верасня 1939 года. Сёння мы адзначаем 110-ю гадавіну з дня яго нараджэння, і тое, што гэта дата супала са знакавай гістарычнай падзеяй, лічыць дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка кандыдат філалагічных навук Наталля ЗАЯЦ, бачыцца сёння прадвызначанай лёсам заканамернасцю.


— Наталля Віктараўна, даследчыкі называюць Максіма Танка неардынарнай асобай, якая і да гэтага часу прыкоўвае да сябе ўвагу. Выдаюцца яго творы, праходзяць вечарыны памяці. На філфаку БДПУ імя Максіма Танка праводзіцца міжнародная навуковая канферэнцыя «Танкаўскія чытанні». У чым феномен Танка, яго грамадскага прызнання?

— У шматграннасці таленту: тэматычныя і жанравыя абсягі яго паэзіі надзвычай шырокія, у творах можна знайсці тое, што адгукаецца менавіта ў табе і менавіта ў гэты момант. У танкаўскіх вершах, знаёмых нам са школы, за знешняй прастатой скрываецца глыбокі філасофскі сэнс, раскрываецца сутнасць паняццяў, якія чалавек інтуітыўна разумее, але па-тлумачыць не здольны. У паэзіі нашага класіка даюцца простыя адказы на складаныя пытанні, як, напрыклад, у «школьным» вершы «Шчасце»:

Наталля ЗАЯЦ.

Простае шчасце людское,

Так, як і наша з табою,

Пэўна, складаецца з солі,

З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, з дарожнага пылу,

З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,

З песні... І так мне здаецца:

Каб з чаго іншага скласці,

Дык ці было б яно шчасцем?

Інтарэс да асобы Максіма Танка не знікае таму, што ён сапраўдны патрыёт. Нават разважаючы пра такую абстрактную катэгорыю, як шчасце, ён звяртаецца да канкрэтных рэчаў, асноватворных, спрадвеку важных для беларусаў: «хлеб», «песня», «родны небасхіл»… Пра што б паэт ні пісаў, дзе б ні быў — заўсёды імкнуўся вярнуцца да нарачанскіх сосен, у Беларусь, заўсёды заставаўся адданым сынам сваёй Айчыны.
Дата нараджэння Максіма Танка — 17 верасня (па новым стылі) — супала са знакавай гістарычнай падзеяй: уз'яднаннем Беларусі. Сёння гэта бачыцца і цудоўным супадзеннем, і прадвызначанай лёсам заканамернасцю. Максім Танк заўсёды быў у авангардзе змагання заходніх беларусаў за свой шлях, агульны з братамі па крыві з Усходняй Беларусі.
— Танк нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Якія людзі ці падзеі, па-вашаму, аказалі асаблівы ўплыў на станаўленне яго як паэта, выбітнага грамадскага дзеяча, актыўнага ўдзельніка грамадска-патрыятычнага і культурна-адукацыйнага жыцця?

— Вызначальны ўплыў на фарміраванне асобы паэта аказалі час, асяроддзе, лепшыя літаратурныя ўзоры і, безумоўна, людзі. Дні Першай сусветнай вайны, бежанства беларусаў на ўсход. З 1914 па 1922 год Яўген гадаваўся ў Маскве, дзе прачытаў творы рускіх класікаў М. Гогаля, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава… Па вяртанні на радзіму хлопец адкрыў для сябе польскамоўных А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, Э. Ажэшку... Яго «першай беларускай кнігай» стаў «Беларускі каляндар на 1925 год», а першымі беларускімі творамі — вершы Ф. Багушэвіча і Я. Купалы. Менавіта яны і натхнілі Яўгена Скурко на стварэнне вершаў на роднай мове. Аднак варта падкрэсліць, што вёска Пількаўшчына на Мядзельшчыне, малая радзіма сям'і Скурко, у той час ужо стала часткай Польшчы. Падобная літаратурная дзейнасць не толькі не ўхвалялася, але і жорстка каралася. Уціск не скарыў, а толькі загартаваў паэта-пачаткоўца, пра што сведчаць яго псеўданімы Аўгень Бура, А. Граніт, Максім Танк. Апошні з іх, з якім Яўген Іванавіч Скурко ўвойдзе ў гісторыю нацыянальнай літаратуры, з'явіўся ў 1932 годзе ў якасці подпісу да верша «Заштрайкавалі гіганты-коміны», прысвечанага забастоўцы гарнякоў.

Зрэшты, нязломнасць — спадчынная якасць сям'і Скурко. Гаворачы пра выключнасць асобы Максіма Танка, нярэдка згадваюць яго дзядзьку Фадзея Хведаравіча, бацькавага брата. Апісанне яго лёсу магло б стаць асновай гістарычна-прыгодніцкага твора: служба ў царскай арміі ў Расіі, вучоба на ветэрынара ў Чэхаславакіі, удзел у рэвалюцыйным руху і прыгавор да расстрэлу, уцёкі ў Германію, пераезд на параходзе ў Аргенціну, цяжкая праца, вяртанне ў Беларусь (вось ён — патрыятызм!), страта ўсіх заробленых грошай, абранне старшынёй калгаса… Падчас вайны дзядзька Фадзей выратаваў жыхароў вёскі Пількаўшчыны ад знішчэння за сувязь з партызанамі: яму неяк удалося пераканаць нямецкага афіцэра, і землякоў адпусцілі. Дажыў гэты неардынарны чалавек да 80 гадоў. Думаю, пляменніку было чаму ў яго павучыцца.

— Літаратурная спадчына Максіма Танка непарыўна звязана з пераломнымі момантамі гісторыі краіны і набалелымі праблемамі беларускага народа. Дзень нараджэння паэта супадае з Днём народнага адзінства, які сёлета будзем адзначаць другі раз. У той час Танк — малады, дзёрзкі. Як ён прыняў уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі?

— Сёння гэта бачыцца і цудоўным супадзеннем, і прадвызначанай лёсам заканамернасцю. Максім Танк заўсёды быў у авангардзе змагання заходніх беларусаў за свой шлях, агульны з братамі па крыві з Усходняй Беларусі. Ён удзельнічаў у вучнёўскіх забастоўках, за што выключаўся з гімназій у Радашковічах і Вільні, займаўся падпольнай камсамольскай і партыйнай работай, выданнем беларускамоўнай літаратуры. За гэта ў 1932 годзе быў арыштаваны і кінуты ў віленскую турму «Лукішкі», пасля неаднаразова затрымліваўся польскімі ўладамі.

Першы зборнік «На этапах» (1936), якім малады творца заявіў пра сябе свету, якраз і перадае атмасферу барацьбы. Дарэчы, адразу пасля з'яўлення кнігу канфіскавала цэнзура, а супраць аўтара і выдаўца ўзбуджана судовая справа.
Пра тое, як горача Максім Танк вітаў дзень адзінства беларусаў, сведчыць запіс у яго дзённіку ад 17 верасня 1939 года: «Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба — з усходу сонца, якое хоць і дакладна ўзышло па календары, але гэта ўжо быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца.
…Цікава, сама ідэя вызвалення Заходняй Беларусі пры дапамозе нашых усходніх братоў — не была новая. Толькі за дваццаць год акупацыі, я сказаў бы, яна стала літаратурнай тэмай.

I калі запаветная мара здзейснілася, мы ёй не менш здзівіліся, як ажыццяўленню казкі».

— У гады Вялікай Айчыннай вайны Танк не сядзеў у тыле, а ваяваў з ворагам зброяй, якой валодаў у дасканаласці, — словам. Ды і калі ў цэлым казаць, то такой багатай, насычанай, складанай жыццёвай гісторыі не мае, мабыць, ніводны пісьменнік у гісторыі новай беларускай літаратуры.

— Адказ на пытанне, чаму Максім Танк заўсёды быў на перадавой, прагучаў: ён быў патрыётам Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны паэт палымянымі мастацкімі творамі, публіцыстычнымі тэкстамі са старонак газеты «За Савецкую Беларусь», агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» звяртаўся да сваіх землякоў, што баранілі Радзіму, імкнуўся падтрымаць іх родным словам. Паказальна, што хрэстаматыйны верш «Родная мова» быў напісаны ў 1943 годзе:

Максім ТАНК з маці.

З легендаў i казак

былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,

З сузор'яў i сонечных

цёплых праменняў,

З грымучага ззяння

бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету,

шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, —

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Мова выступае сімвалам перамогі жыцця над смерцю, над вайной, і ў гэтай перамозе паэт не сумняваецца, бо верыць у свой народ.

— У які перыяд яго паэзія набыла моц, сілу, твар? Ці ёсць твор, які можна назваць жыццёвым і творчым маніфестам паэта?

Першы зборнік вершаў паэта выйшаў у 1936 годзе.
— Максім Танк пастаянна знаходзіўся ў авангардзе не толькі грамадскага жыцця, але і літаратурнага. Ён ніколі не страчваў сувязі з рэчаіснасцю, не губляў натхнення, не разменьваўся на дробязі — слабыя вершы. Гэты аўтар вядомы і як захавальнік фальклорных традыцый, і як мастак-рэфарматар. Пясняр замацаваў у нашай літаратуры такую з'яву, як верлібр (верш без рыфмы з асаблівым рытмам), выкарыстоўваў узоры лірыкі народаў Блізкага і Сярэдняга Усходу, перанёс на беларускую глебу жанр японскай паэзіі хоку… Максім Танк пашырыў тэматычны дыяпазон і геаграфічныя абсягі лірыкі: у вершах побач з беларускімі сялянскімі рэаліямі, вобразамі сваякоў і аднавяскоўцаў на роўных паўстаюць Гамер, Авідзій, Дантэ, Рэмбрант, Мікеланджэла і іншыя знакавыя для сусветнай культуры асобы.

Яго спадчына ўнікальная. Гэта і бунтарская паэзія змагання, і філасофская лірыка, што выяўляе ў ім знаўцу сусветнай літаратуры і культуры. Падкрэслім: Максім Танк не меў вышэйшай адукацыі, але гэта не перашкодзіла яму стаць адным з галоўных беларускіх паэтаў — інтэлектуалаў і філосафаў.

Сваёй перакладчыцкай працай імкнуўся вырашыць адукацыйную задачу: прадставіць беларускаму чытачу скарбы сусветнай літаратуры на яго роднай мове. Але місія народнага паэта больш шырокая, сугучная ідэям Максіма Багдановіча: не толькі нешта браць з сусветнай культурнай скарбніцы, але і аддаваць. Шматлікія выдатныя творы нашага класіка, перакладзеныя на розныя мовы, знаё-мяць з гісторыяй, каштоўнасцямі, менталітэтам беларусаў. Максім Танк не толькі браў, але і аддаваў — упісваў беларускае ў іншакультурны кантэкст, годна прадстаўляў нашы духоўныя каштоўнасці свету:

Знойдзены:

Невядомая карціна Рафаэля...

Невядомая партытура Бетховена...

Невядомыя строфы Пушкіна...

А на папялішчы купалаўскай хаты —

Яго жалейка...

Нічога дзіўнага!

Каму невядома, што яны жывуць

I твораць вечна!

— Пра жыццёвую і творчую біяграфію Танка, здавалася б, вядома ўсё. Але бывае і так, што да чарговага юбілею выбітных асоб шырокай аўдыторыі становяцца даступнымі тыя ці іншыя новыя акалічнасці. Напрыклад, напісаны Танкам перад вайной сцэнарый мастацкага фільма «Бура над Нараччу» доўгі час лічыўся страчаным, але некалькі гадоў таму быў знойдзены супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва. Магчыма, ёсць чым здзівіць прыхільнікаў ягонай творчасці да 110-годдзя паэта?

Пісьменнікі Б. Сачанка, А. Вярцінскі, І. Шамякін, М. Танк, М. Гамолка, І. Чыгрынаў. Мінск, 3 жніўня 1978 г.

— Здзівіць не здзіўлю, але ўзгадаю тое, што асабіста мяне прываблівае ў асобе Максіма Танка: яго адносіны да сям'і, да жонкі. Сын Максіма Танка, Максім Яўгенавіч Скурко, успамінаў: «Клопат пра сям'ю ў яго быў проста паталагічным. Нехта захварэў, нават на нешта нязначнае, напрыклад на ангіну, дык ён ужо ходзіць, пытаецца пра тэмпературу, звоніць урачам, знаёмым. Ён да гэтага амаль хваравіта адносіўся — не дай бог, каб штосьці здарылася ў сям'і. Вось гэта найперш яго характарызавала». Вядомы найперш як паэт-бунтар, філосаф, інтэлектуал, рэфарматар, Максім Танк быў яшчэ і выдатным лірыкам (узяць хаця б верш «Завушніцы», што ў выкананні «Песняроў» стаў вельмі папулярнай лірычнай песняй). Лепшыя творы пра каханне ён напісаў жонцы Любові Андрэеўне, якую пяшчотна называў Любаша, Лю. У адным з позніх вершаў «Прасвет» (1994) васьмідзесяцідвухгадовы паэт з замілаваннем узгадвае маладосць, калі зараджалася каханне да будучай спадарожніцы жыцця: «Ну як з табой памілавацца?! / У мерзлым віленскім пакойчыку / Сядзіць ля грубкі твая маці / Са сваім неадлучным коцікам / І пераматвае пражу, / Як Пенелопа, / вяжа, / вяжа... / — Глянь, Лю, мароз крапчае хіба, / Замаляваў акно малюнкамі... / І мы адаграем на шыбе / Прасвет сваімі пацалункамі».

Яўген Іванавіч змог зберагчы юнацкае пачуццё да сваёй Любашы на ўсё жыццё. Нават пасля таго, як 17 сакавіка 1995 года яе не стала, захоўваў урну з прахам дома, чакаючы часу з'яднання.

— Дзякуй, Наталля Віктараўна, за цікавую і прадметную размову. 

veselukha@sb.by


Прыслухоўваўся, як пяялі жнеі...

Кніга Максіма Танка «Лісткі календара» пабачыла свет у 1970-м... Той год і мне асабіста памятны: толькі паступіў на журфак БДУ. Але прачытаць выданне давялося праз 14 гадоў, калі рыхтаваўся да рабочай паездкі на Мядзельшчыну. Пры напісанні гэтага артыкула — уважліва перачытаў. Падзялюся некаторымі вытрымкамі з яго і ўспамінамі з камандзіроўкі на радзіму Танка.

У выданні — фрагменты дзённікаў Максіма Танка, якія ён пісаў да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Першыя запісы датуюцца 1932—1934-м, калі аўтар працаваў у падполлі і яго ўтрымлівалі ў віленскай турме «Лукішкі». «Гэтыя сшыткі, — піша Яўген Іванавіч ва ўступным слове, — запоўненыя маімі першымі вершамі, апавяданнямі, нарысамі, народнымі песнямі, пагаворкамі, сабранымі ў часы бясконцых вандровак ад сяла да сяла — пераважна матэрыяламі літаратурнага характару, — згубіліся ў розных судовых актах». Цудам уцалелі старонкі дзённікаў 1935—1939 гадоў. Тады Танк быў на легальным становішчы і па заданні КПЗБ працаваў у беларускіх і польскіх часопісах і газетах Народнага фронту.

У дзённіках часта ўпамінаецца Лю — жонка паэта Любоў Андрэеўна (дзявочае прозвішча — Асаевіч), з якой ён пазнаёміўся яшчэ ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1935—1937 гадах яна працавала ў Варшаве ў ЦК КПЗБ машыністкай і перакладчыцай. У Вільні, у доме, дзе жылі яе бацькі, заўсёды былі падпольныя яўкі, хаваліся многія камуністы. У 1934-м на іх кватэры адбылася нарада рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Адным з арганізатараў сходу быў Валянцін Таўлай. У апошняй рэдакцыі «Лісткоў календара» Танку ўдалося расшыфраваць некаторыя псеўданімы і ініцыялы і дапоўніць іх запісамі, зробленымі ў свой час на палях чарнавікоў вершаў.

Максім ТАНК і Янка СІПАКОЎ на Нарачы, 1968 г.

«Па вядомых прычынах, — падкрэслівае аўтар, — у сваіх дзённіках я не мог запісаць усяго, аб чым тады гаварылася на падпольных сустрэчах, якія прымаліся рашэнні, якія чыталіся і вывучаліся партыйныя дакументы. Найбольш цяжкімі для нас, камуністаў, былі 1938—1939 гады, калі па несправядлівым абвінавачванні былі распушчаны кампартыя Польшчы, КПЗУ і КПЗБ. Цяжка ўявіць сабе ўвесь трагізм тых год і асабліва трагедыю таварышаў, якія знаходзіліся ў падполлі і ў турмах». Вядома, што вызваленне Заходняй Беларусі ў верасні 1939-га Максім Танк сустрэў з радасцю і энтузіязмам.

Падчас ужо згаданай камандзіроўкі ў Мядзельскі раён у ліпені 1984 года мне пашчасціла сустрэць Максіма Танка. Размова больш тычылася творчасці. Напярэдадні на Нарачы праходзіў рэспубліканскі фальклорны фестываль. У складзе журы быў Максім Танк, які актыўна і плённа збіраў і запісваў фальклор. Я пацікавіўся: «Яўген Іванавіч, усе свае вершы запамінаеце?» — «Раней запамінаў, лічыце, усё. Пазней — выбраныя. Іншы твор спецыяльна стараўся вывучыць. Што пра народныя, фальклорныя, дык яны самі пасяляюцца ў галаве і ў душы і жывуць там, быццам у роднай хаце. Гадоў пяць таму выдавецтва «Вышэйшая школа» выпусціла хрэстаматыю нашага фальклору. Во гэта, я вам скажу, кніжачка! Прачытайце і ніколі ўжо з беларускага курсу не збочыце! Тое-сёе і з маіх дум увайшло».
Тую «кніжачку» потым купіў і прачытаў Танкава «тое-сёе». Яно пра глыбокія ўражанні, якія заўсёды пакідала ў ягонай душы народная песня. Ён піша, што «яшчэ будучы малым, не раз прыслухоўваўся, як пяялі жнеі: доўга, працяжна, быццам нашы нізінныя рэкі, звонячы нізка звісаючай лазой, алешнікам, чаротам, калышучы срабрыстыя россыпы сонца, пераліваючыся цёплымі перламі летніх зораў». Спевы-рэкі «плылі, шырока разліваючыся вясеннім разлівам, парываючы сваёй бязмернай глыбінёй пачуццяў». «І не ведаю, — дадае Танк, — чаму, пачуўшы народную песню, не толькі заслухоўваюся, але мне хочацца глянуць вачыма ў яе...»
Тады, як я прызнаўся, што пішу вершы, вялікі паэт сказаў: «Я ўжо недзе пісаў пра гэта: да фальклору звяртайцеся часцяком. Звяртайцеся, як да крыніцы, і каб вусны асвяжыць, і каб розны бруд змыць з твару. Але ведайце — доўга затрымлівацца ля згаданай крыніцы не варта. Імкніцеся адкрываць нешта новае, дзе і ў чым толькі можаце».

Уладзімір БАРЫСЕНКА.

Фота з архіва аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter