Ты — сонца жыцця майго

Мая мама любiць светлыя фарбы. Магчыма, таму, што працуе ў рэанiмацыйным аддзяленнi нашай расонскай цэнтральнай бальнiцы i часам бачыць пакутлiвае крыло цемры. Мама — санiтарка, пасля яе ў аддзяленнi — чысцiня i ўтульнасць. З ёй прыходзiць у палаты да хворых цёплы праменьчык святла. Больш чуллiвага, ласкавага чалавека я i не ведаю. Мама заўсёды прыйдзе на дапамогу ў цяжкую хвiлiну, дасць добрую параду ўсiм. Няма такога сакрэта, якiм бы я не падзялiлася са сваёй матуляй. Мы з ёй — лепшыя сяброўкi.

Дома ў нас заўсёды ўтульна i светла, незалежна ад надвор’я, i гэта мамiна заслуга. Яна любiць чысцiню, i мяне да парадку прывучыла. Нават пасля начнога дзяжурства яна знаходзiць час, каб прыбраць у доме, напячы пiражкоў i дагледзець кветкi ў двары. З усiх кветак яна, канешне, выбера палявыя, магчыма, таму, што нарадзiлася ў вёсцы. Ад бабулi навучылася i шыць, i вышываць, i вязаць. У мамiных рукавiчках зiмой асаблiва цёпла. Здаецца, грэюць не толькi ваўняныя нiткi, але i мамiны цёплыя рукi. Яна нарадзiла i выхавала разам з татам траiх дзяцей. Я — малодшая. Цяпер яна клапоцiцца яшчэ i аб сваiх унуках.  Сваёй маме я прысвяцiла наступныя радкi:
У цемры халоднай бясконцых
нябёс
Палае гарачае сонца,
Каб промень пяшчоту i ласку
прынёс
У наша з табою аконца.
Падобная сонцу, ты дорыш 
цяпло, —
I сэрцу майму не замерзнуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter