«Добра, што вы да мяне завiталi»: Як мы павіншавалi адзінокіх пенсіянераў з Новым Годам

Ты не адзін дома

Сотні званкоў і пісем прыняла рэдакцыя ў снежні: на нашу просьбу паўдзельнічаць у добрай пераднавагодняй акцыі людзі адгукнуліся адразу. Задумка банальная, але зачапіла многіх: адведаць і павіншаваць старых, якія цёмныя зімовыя вечары бавяць адны дома. Прывезці і ўпрыгожыць агнямі прыгажуню ёлку, накрыць святочны стол, пажадаць ім доўгіх гадоў. Увогуле зрабіць іх будні трохі радасней. Гэта нам удалося!

Раіса ВАРАБ’ЁВА была прыемна здзіўлена падарункам і нават расплакалася: такой увагі ёй даўно ніхто не ўдзяляў

Хто,  калі  не  мы?

Чаму стараліся менавіта для старых? Яны таксама маюць патрэбу ў дапамозе і ўвазе. Лёс ва ўсіх розны, але аб’ядноўвае іх адно: пенсіянеры сядзяць у чатырох сценах, сумуюць… Усё таму, што ў доме даўно няма гасцей, дзеці не тэлефануюць, а другія палавіны ўжо пакінулі гэты свет.

Шмат хто з нас шчыра хоча дапамагчы адзінокім старым, але не ведае, як. Мы прапанавалі: прывезці або даслаць па пошце ў рэдакцыю тое нямногае, што дапаможа зрабіць жыццё састарэлых больш радасным. Расказалі пра акцыю «Адны дома» ў інтэрнэце: як аказалася, неабыякавых людзей у нас нямала. Літаральна за пару дзён мы сабралі дзясяткі вялікіх і маленькіх прэзентаў.

— Ёсць абрус, посуд, ручнікі з вышыўкай — усё новае. Спатрэбіцца? — такiя паведамленні атрымлівалі кожны дзень.

Многія занятыя людзі не маглі знайсці час на шопінг, але ад добрай справы не стараніліся: прапаноўвалі дапамагчы грашыма. На гэтыя ахвяраванні мы купілі іглічныя дрэвы і навагоднія ўпры­гажэнні — яркія цацкі, сярэбраны дожджык і шапаткія гірлянды. Загрузілі машыну пад завязку, «уключылі» добры настрой і паехалі віншаваць. Спіс адрасоў склалі ў Ленінскім РУУС Мінска — участковыя інспектары міліцыі добра ведаюць жыхароў, ды і самі стараюцца як мага часцей праведваць адзінокіх пенсіянераў.

На  гэты  раз — слёзы  радасці

Мінск, вуліца Сонечная. 82-гадовая Раіса Вараб’ёва нікога не чакае: як звычайна, глядзіць тэлевізар. Ад стуку ў дзверы ўздрыгвае. Крадзецца да «вочка» і з асцярогай пытаецца: «Хто там?» Пенсіянерка цяпер увесь час напагатове — не так даўно з-за сваёй бестурботнасці пацярпела. Даверлівая бабуля ўпусціла ў хату незнаёмку. Тая, з выгляду ветлівая дама, абакрала бабульку. Забрала ўсе грошы, што тая прыхавала на «чорны дзень».

— А вы дакладна да мяне? — Раіса Канстанцінаўна адразу не паверыла, убачыўшы гасцей з падарункамі. Мы прадставіліся, прад’явілі пасвед­чанні — упусціла.

Я, валанцёры і старшы ўчастковы інспектар міліцыі Ленін­­скага РУУС Мінска Аляксей Драцкі прысаджваемся на канапу: бабулі ёсць што нам расказаць. Лёс, прызнаецца, у яе няпросты. Вырасла ў вялікай сям’і — было сем родных братоў і сясцёр. Дзяцінства было галоднае, ня­лёгкае.

— Яшчэ маладой дзяўчынкай уладкавалася на Мінскі камвольны камбінат, так і прапрацавала там 40 гадоў, — успамінае, а на вочы наварочваюцца слёзы. — Так жыццё склалася, што засталася зусім адна. Ніхто не наведвае, толькі пляменніца зрэдку заходзіць.

Анастасіі МОЛАКАВАЙ амаль 90, але бабулька як дзіця радуецца ўпрыгожанай навагодняй ёлцы

Бабуля з сумам пляцецца да шафы, дзе яшчэ нядаўна захоўваліся ўсе зберажэнні — грошы доўгія гады адкладвала з пенсіі. Зладзюжка скрала амаль 4 тысячы долараў. Цяпер пенсіянерка з цяжкасцю зводзіць канцы з канцамі — трэба зноў папаўняць скарбонку. Але жыве годна: дома чыста, акуратна, а на пліце гатуецца абед.

— Вы зайшлі, і неяк радасней адразу стала, — усміхаецца. — А то зусім я нешта панікла. Цяпер усё: не буду сумаваць!

Шрамы  на  сэрцы

Пераступаем парог кватэры яшчэ адной бабулькі, і нос адразу казытае прыемны пах хатняй ежы. Анастасія Молакава кулінарыць кожны дзень: гатуе першае, другое і кампот. Чакае гасцей, але ніхто не прыходзіць... Так, у адзіноце, 88-гадовая пенсіянерка і бавіць кожны дзень. Чытае, глядзіць тэлеперадачы, да бляску прыбірае кватэру.

Анастасія Уладзіміраўна спрабуе ўспомніць, у якім годзе апошні раз ставіла дома ёлку. Даўно — гадоў 20 таму. Адкрываем каробкі і пакеты з яркімі ўпрыгажэннямі, а ў бабулькі аж вочы гараць: якая прыгажосць! Выклікаецца камандаваць: бан­цікі хаатычна, а шарыкі трэба сіметрычна вешаць. А пухнатай гірляндай абгар­нуць усе галінкі, і на ўпрыгожванне вядра яшчэ пакінуць. Гатова! 

Бабуля ўдзячна глядзіць на нас, гасцей, і нарадавацца не можа: няўжо яна камусьці яшчэ патрэбна! Не хавае ўсмешку і запрашае прысесці за стол. А там фотаальбом і шмат успамінаў.

— Мне было 13, калі пачалася вайна. Маладзенькая яшчэ, а столькі давялося пакутаваць, — выдыхае і пасля працягвае аповед. — Усю сям’ю нашу забілі: бацькоў, бабуль і дзядуль, цётак і дзядзяў, сясцёр і братоў...

Змахвае слёзы і пераварочвае старонку альбома. На фота помнік, а там 36 імёнаў. І надпіс: «1942 год. Вёскі Гаравіца і Радастава. Фашысты расстралялі мірных жыхароў за дапамогу партызанам і сувязь з імі». Анастасія Молакава ніколі не забудзе той жудасны дзень:

— Усіх забралі: старых, дзяцей. Не ведаю, як я прымудрылася схавацца. Залезла на гарышча і замерла: сэрца ад страху з грудзей вырывалася, я не магла паварушыцца. Немцы былі ў метры ад мяне, шукалі. Але ім не ўдалося мяне забіць.

Напалоханая Насця потым яшчэ доўга бадзялася па вёсках і лясах — неяк выжыла. Вырасла, стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей. Але сёння яна зусім адна: муж памёр, дачкі таксама не стала, а сын наведвае рэдка…

Картачны  домік

Надзея Васільеўна жыве пад Мінскам. Бабуля яна актыўная: пенсіянерка разбіла вялікі агарод, трымае хатнюю жывёлу, яшчэ і падпрацоўваць паспявае. Спраў безліч, але і сумаваць таксама даводзіцца: адзінота грызе.

— Якая ў нас сям’я дружная была! Усе зайздросцілі: дачка ўдала выйшла замуж, унукі нарадзіліся. Муж мой моцна не хварэў. Мы жылі, не тужылі. І тут раптам сям’я рассыпалася, як картачны домік, — расказвае, што адбылося пару гадоў таму.

З маналогу зразумела: зяць сышоў да іншай жанчыны, сваіх родных без капейкі пакінуў. Дачка зноў выйшла замуж, з’ехала далёка, за мяжу. Унукі таксама сталі жыць асобна. Потым муж Надзеі Васільеўны раптоўна памёр. 

— Так, унукі наведваюць мяне. Але і сваіх спраў у іх хапае — вучоба, праца, — Надзея Васільеўна хоць і застанецца сустракаць Новы год адна, святочны стол накрываць будзе. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам: гладзіць вышыты абрус, марынуе мяса, размарожвае ягады для пірага.

Мы з задавальненнем далучаемся — выгружаем з сумак кансервы, прысмакі, садавіну, што загадзя падрыхтавалі для бабулі. Але гэта яшчэ не ўсё: на памяць аб нашым візіце ёй застануцца і іншыя падарункі: набор посуду, кнігі, касметыка і многае іншае.

...Навагодняя акцыя «Адны дома» — гэта сотні добрых сэрцаў, якія адгукнуліся на наш заклік аб зборы сувеніраў для старых. Мінчане падтрымалі ідэю, і ў выніку мы сабралі падарункаў не на адзін дом. Неабыякавыя людзі працягваюць несці рэчы для пенсіянераў, якія засталіся адны. 

Ідэяй натхніліся і жыхары іншых рэгіёнаў краіны: пенсіянераў віншуюць у Гродне, Лідзе, Шчучыне, Паставах і іншых гарадах. Святы толькі пачынаюцца: яшчэ не позна падзяліцца чароўным настроем з адзінокімі старымі. 

ДАРЭЧЫ 

Стаць удзельнікам акцыі «Адны дома» цяпер можа кожны. Для гэтага трэба сабраць пакет з падарункамі і асабіста або праз нас цi валанцёраў яго ўручыць.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter