На сайте Мининформа в бесплатном доступе появились аудиокниги белорусских авторов

Творы, якія хочацца слухаць

Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім афіцыйным сайце аўдыякнігі беларускіх аўтараў. «Мы вылажылі іх у сябе, каб даць доступ як мага большай аўдыторыі: так аўдыякнігамі зможа карыстацца любы школьнік або аматар літаратуры», — увяла ў курс справы начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення міністэрства Надзея Бельская. Падборка твораў мае тры раздзелы: «Беларуская класіка», «Бібліятэка школьніка» і «Сучасная беларуская проза». Карэспандэнт «Р» пабываў у студыі аўдыязапісу выдавецтва «Вышэйшая школа», каб даведацца пра ўсе этапы падрыхтоўкі і стварэння твораў у гукавым фармаце.

З 2011 года аўдыякнігі запісваліся і выходзілі на CD-дысках невялікімі накладамі, гэта значыць, іх змест быў даступны толькі невялікай аўдыторыі.

«Студыя маленькая, затое свая», — пачынае знаёмства начальнік аддзела электронных выданняў і па сумяшчальніцтве гукарэжысёр Аляксей Нячай. Першае, на што падае погляд, — складзены ў форме вігвама чырвоны дыван. Заўважыўшы здзіўленне ў маіх вачах, Аляксей Нячай спяшаецца растлумачыць: «Дыван стаіць спецыяльна, як дэмпфер. Без яго ўзнікае адчуванне прысутнасці на падводнай лодцы, фаніць, што адбіваецца на якасці запісу». Таксама ў студыі размешчаны два крэслы, стол і мікрафон. Здавалася б, памяшканне нічым не адрозніваецца ад любых іншых кабінетаў, калі б не абабітыя сцены — для лепшай шумаізаляцыі. Суседні пакой з рэжысёрскім пультам аддзелены ад студыі шклянымі дзвярыма.

Аляксей НЯЧАЙ займаецца мантажом чарговай аўдыякнігі.

Пасля таго як у выдавецтве вырашаюць, які твор будзе агучвацца, рэдактары даводзяць яго да пэўнай гатоўнасці — таго ўзроўню, калі зразумела, што тэкст гуказапісу мяняцца не будзе. Затым ён перадаецца дыктарам. Апошнія рыхтуюцца некалькі дзён, і нарэшце пачынаецца праца ў студыі. Гук пішацца ў адзін мікрафон на адну дарожку для максімальнай сумяшчальнасці. Калі тэкст змяшчае дыялог двух або больш чытальнікаў, кожны дыктар асобна піша свае фразы. Яны апрацоўваюцца, раўняюцца па гучанні і склейваюцца ў патрэбным парадку.

Мантаж займае больш за 70 працэнтаў часу стварэння аўдыякнігі. Падчас яго гукарэжысёр адзначае недакладнасці, якія выявіў на запісы, а пасля перадае дадзеныя рэдактару. Рэдактар фарміруе пратакол правак, каб дыктары перазапісалі праблемныя моманты. Замяніць на гукавой дарожцы адно слова на іншае амаль немагчыма, таму адбываецца перазапіс фраз. Часам даводзіцца перазапісваць усю дарожку, таму што фразы гучаць па-рознаму: аказваецца, голас чалавека змяняецца не толькі з раніцы да вечара, але і з кожным днём. Таму аўдыякнігі пішуцца невялікімі кавалкамі па 10—20 хвілін у залежнасці ад лагічнага зместу, а потым манціруюцца ў больш буйныя аб’ёмы. Адрэдагавалі — захавалі. Усе файлы збіраюцца і канвертуюцца ў адзін майстар-дыск, які пакуецца і адпраўляецца заказчыку для тыражавання.

Пра пошук чытальнікаў звяртаюся з пытаннем да галоўнага рэдактара Юліі Місюль. «Калі прыйшла ідэя запісваць творы беларускіх пісьменнікаў, то паўстала пытанне пошуку дыктараў. Выдавецтва звярталася да прафесіяналаў тэатра і вядучых радыёперадач, але па сваёй прафесійнай занятасці не ўсе маглі выдзеліць час для запісу ў свой працоўны дзень. Першай адгукнулася на запрашэнне вядучая Фея Дабрадзея — Наталля Кухарава, якая працавала на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. «Матчын» голас Наталлі ідэальна падыходзіў для агучвання твораў для малодшых школьнікаў. На сур’ёзныя творы для старэйшых школьнікаў (Мележ, Шамякін, Караткевіч і інш.) патрэбен быў адпаведны голас. І мы ўдзячны лёсу, які нас звёў з Андрэем Андрэевічам Калядой, педагогам, спецыялістам у галіне навучання чытанню, заснавальнікам тэатра «Жывое слова». Такім чынам, на працягу амаль дзесяці гадоў нашымі памочнікамі і сябрамі з’яўляюцца гэтыя людзі».

«Наогул, студыя гуказапісу была заснавана для падрыхтоўкі матэрыялаў да падручнікаў па замежных мовах, — падхоплівае дырэктар выдавецтва Аляксандр Нячай. — Калі неабходныя файлы былі створаны, прыйшла ідэя запоўніць працу студыі запісам у тым ліку і беларускай класікі, у прыватнасці літаратурных твораў, якія ўключаны ў школьную праграму. Гэтую ініцыятыву падтрымала Міністэрства інфармацыі і прафінансавала выпуск выданняў». З 2011 года аўдыякнігі запісваліся і выходзілі на CD-дысках невялікімі накладамі, гэта значыць, іх змест быў даступны толькі невялікай аўдыторыі. Прапанова выкласці запісы ў інтэрнэт паступіла з Міністэрства інфармацыі. У «Вышэйшай школе» ідэю падтрымалі і размясцілі змест дыскаў на сайтах Нацыянальнага інстытута адукацыі і Міністэрства інфармацыі.

«Вышэйшая школа» не плануе спыняцца на агучванні твораў толькі нашых пісьменнікаў. Напрыклад, восенню чакаецца выпуск аўдыязапісаў з творамі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову: «Тры таварышы» Рэмарка, «Стары чалавек і мора» Хемінгуэя, «Белы клык» Лондана і «Планета людзей» Экзюперы. Зараз яны запісаны і цалкам падрыхтаваны да тыражавання.

Сергей ГРУДНИЦКИЙ

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter