Творы, вартыя палаца

У Гомель завітала Венера Італійская
У Гомель завітала Венера Італійская.



Гэта прыгажуня і больш за 70 іншых твораў — скульптуры, жывапісныя і графічныя палотны з калекцыі заходнееўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — занялі пачэснае месца ў цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Іх падбор абумовіла тэма выставы — “Біблейскія і міфалагічныя сюжэты ў заходнееўрапейскім мастацтве XVII—XIX стагоддзяў”.

У першай зале наведвальнікаў сустракаюць чорна-белыя малюнкі, сярод якіх “Вадохрышча”, “Сям’я Лота пакідае Садом”, “Святое сямейства са святым Леанардам” і іншыя. Асаблівыя эмоцыі выклікае “Леда з лебедзем” — сюжэт, які натхніў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна на напісанне верша аб гэтай выдатнай красуні. У другой зале ад спакойнай і цудоўнай бронзавай скульптуры “Венера Італійская” італьянскай школы мы пераходзім да “Сатыра, які плача” ці да “Сатыра і німфы”, якія цалуюцца, ужо французскай школы.

— Да XVII стагоддзя ў заходнееўрапейскім мастацтве выразна пазначыліся дзве лініі станковага жывапісу — рэлігійная, якая выконвалася па замове царквы, і карціна на біблейскую тэматыку, якая насіла чыста свецкі характар, — адзначыла куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Пракоп’ева.

Сярод шматлікіх жывапісных палотнаў італьянскай, нямецкай, швейцарскай і іншых школ вылучаецца знакамітая карціна “Дзіцятка Езус з ягняткам”. А каб убачыць і выбраць “сваю” “Мадонну з дзіцем” з некалькіх розных варыянтаў, палюбавацца майстэрствам заходнееўрапейскіх мастакоў і заадно палічыць з дзецьмі анёлаў на карцінах “Анжаліка і Медор” або “Святая Марыя Магдаліна”, прыходзьце ўсёй сям’ёй у палац на гэту выставу — яна будзе працаваць да 13 лістапада.

Алена Парфіяновіч

infong@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter