Творы на зямлі

Беларускіх пісьменнікаў Брэстчына ўзбагаціла натхненнем, новымі тэмамі і сюжэтамі

Беларускіх пісьменнікаў Брэстчына ўзбагаціла натхненнем, новымі тэмамі і сюжэтамі

Для трыццаці членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй арганізацыі Мікалаем Чаргінцом двухдзённы азнаямленчы тур па паўднёва-заходнім рэгіёне краіны стаў сапраўднай падзеяй. Тут іх чакалі шматлікія сустрэчы з калегамі, студэнтамі і выкладчыкамі Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна, кіраўнікамі вядучых прадпрыемстваў горада над Бугам і Баранавічаў, а самае галоўнае — з простымі працаўнікамі, якія ствараюць дабрабыт сваёй краіны.

Такія падарожжы пачалі ладзіцца з лёгкай рукі кіраўніка дзяржавы — крыху больш за год таму падчас сустрэчы з пісьмен-нікамі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выязджаць невялікімі групамі творцаў па рэгіёнах, знаёміцца з людзьмі розных прафесій. На гэтым шляху агульнакарысных зносінаў Брэстчына стала пятай вобласцю.

— Мы выдатна разумелі, куды едзем гэтым разам — у перадавы рэгіён, людзі якога паказваюць, што можна стварыць сваёй працай і ў сферы прамысловасці, і сельскай гаспадаркі, і сацыяльных пытанняў, і культуры — нават у сённяшніх няпростых умовах, — адзначае Мікалай Чаргінец. — І што характэрна: з кім бы мы ні размаўлялі, няма ў людзях самахвальства, ёсць звычайны расповед аб сваёй працы з яе цяжкасцямі і праблемамі. Для пісьмен-ніка гэта надзвычай каштоўна. Мы выдатна разумеем: у літаратурных творах трэба паказваць чалавека сённяшняга дня — таго героя, які ўласнай працай заслужыў такое высокае званне... І тым самым мы павінны адшукаць сваю ролю ў выхаванні маладога пакалення.

На Брэсцкай зямлі, дзе знаходзяць падтрымку кіраўніцтва многія творчыя праекты, гасцей шчыра вітаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.

— Лічу, што сваю задачу органы ўлады павінны бачыць найперш у стварэнні ўстойлівай эканамічнай базы. Нездарма ж некалі ў народзе нарадзілася выслоўе: будзе хлеб — будзе і песня, — адзначыў губернатар і распавёў падчас сустрэчы пра тое, што хлеб надзённы здабывае рэгіён досыць паспяхова: Брэстчына не толькі сябе забяспечвае прадуктамі харчавання, але і актыўна прадае іх за мяжу — да прыкладу, за мінулы год экспарт перавысіў 1,2 млрд долараў.

Ажыццяўленне эканамічных планаў, вядома ж, дазваляе на годным узроўні трымаць і культуру. На Брэстчыне і сапраўды шмат робіцца для таго, каб цікавасць да мастацкага слова не гублялася.

У 2006 годзе аблвыканкам заснаваў літаратурную прэмію імя земляка — пісьменніка Уладзіміра Калесніка. Такім чынам штогадова заахвочваецца творчасць рэгіянальных аўтараў і юных талентаў. Дзякуючы абласному бюджэту нядаўна пабачыла свет “Літаратурная карта Брэстчыны” — без перабольшання ўнікальнае выданне, прысвечанае пісьменнікам, якія ў розныя часы жылі ды працавалі і сёння твораць на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці.

Дарэчы, пры аблвыканкаме працуе спецыяльны кансультацыйны савет, што разглядае заяўкі на бюджэтнае фінансаванне кнігадрукарскіх праектаў, якія найперш павінны быць накіраваны на выхаванне грамадзянаў сваёй краіны і захаванне гісторыі роднага краю.

А летась, у Год кнігі, сотні дзетак і дарослых — кіраўнікоў розных структур на чале з губернатарам — сталі ўдзельнікамі акцыі, распачатай па ініцыятыве абласной бібліятэкі імя Горкага, — “Брэст чытае дзецям”. І такія чытанні, запэўніў Канстанцін Сумар, будуць працягнуты. А пісьмен-нікам параіў больш актыўна ісці на кантакт з сучаснай моладдзю, бо ў такіх зносінах можна адшукаць шмат актуальных тэм, якія творца абавязкова павінен прапускаць праз уласнае сэрца, — такая кніга заўсёды знойдзе свайго чытача.

Канстанціну Сумару Мікалай Чаргінец уручыў медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўнёсак у літаратуру”. На што брэсцкі губернатар сціпла зазначыў: “На паперы я дзеля гэтага пакуль нічога не напісаў, але на зямлі мы яшчэ шмат “напішам”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter