Творцаў ніхто не скарачае

У СУВЯЗІ з аптымізацыяй, якая праводзіцца ва ўстановах культуры Беларусі, ці стане вёска ізаляванай? Гэтае пытанне ад карэспандэнта «БН» атрымаў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню работнікаў культуры.

Міністр культуры Барыс Святлоў лічыць, што вёска падчас аптымізацыі не згубіць духоўныя каштоўнасці

У СУВЯЗІ з аптымізацыяй, якая праводзіцца ва ўстановах культуры Беларусі, ці стане вёска ізаляванай? Гэтае пытанне ад карэспандэнта «БН» атрымаў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню работнікаў культуры.

— Я не лічу, што вёска будзе ізаляванай за кошт аптымізацыі, калі недзе зачыніўся клуб ці бібліятэка. Да таго ж у нас ёсць такія сродкі, як Інтэрнэт. Чаму вы думаеце, што сяло будзе ізалявана? Скарачэнне не прывядзе да таго, што нехта з вёскі згубіць доступ да нейкіх духоўных каштоўнасцей. У першую чаргу размова ідзе пра скарачэнне бюджэтных адзінак і вакантных месцаў штатнага раскладу. Яно закране не творцаў, а кіруючы апарат. Даследаванні Інстытута культуры Беларусі 2012 года паказалі, што ён складаў 19 працэнтаў ад колькасці ўсіх супрацоўнікаў галіны.

З 1 ліпеня 2013 года апарат Мінкульта скарочаны на 25 працэнтаў, ці на 27 адзінак. Скарачалі прапарцыянальна функцыям, якія выконвае на цяперашні час і на перспектыву кожны аддзел, праўленне. Больш за ўсіх «пацярпела» ўпраўленне кінамастацтва, менш — упраўленне мастацтваў. Агульныя падраздзяленні, такія як эканамічнае ўпраўленне — у першую чаргу. Галоўнае тут усё ж — не змяньшэнне штату работнікаў культуры, а аптымізацыя галіны.

Калі яна на нейкім этапе запатрабавала ці запатрабуе скарачэння, то яно будзе адбывацца. У той навіне, якая сёння абмяркоўваецца, не звяртаюць увагу на тое, што размова ідзе менавіта аб рэкамендацыйным характары. Рашэнні прымуць кіраўнікі на месцах.

Аптымізацыя кранула і музеі. Прапанавалася скарачэнне музейных супрацоўнікаў на 20—25 працэнтаў. Пасля доўгіх абмеркаванняў, у тым ліку і на радзе па музейнай справе, прапанавалі мадэль аптымізацыі, згодна з якой літаратурныя музеі аб’ядноўваюцца, ідзе скарачэнне кіруючага апарату і зліццё бухгалтэрый. Такіх буйных устаноў, як музеі імя Якуба Коласа, Янкі Купалы і Нацыянальны мастацкі музей, гэта не закране.  

Сярэдняя заработная плата супрацоўнікаў сферы культуры невысокая. Па галіне складае 61,9 працэнта ад сярэднерэспубліканскай. Напрыклад, у Капыльскім раёне, які наведваў міністр, зарплата гэтых работнікаў — 2 мільёны 800 тысяч рублёў. Дзякуючы аптымізацыі фонд зарплаты застанецца некранутым, і ў будучым можна гаварыць аб яе павышэнні. Сёння ў галіне культуры працуюць амаль што 65 тысяч чалавек, якія прадстаўляюць 8 тысяч арганізацый. Барыс Святлоў павіншаваў супрацоўнікаў культуры, якія шчыра адданы сваёй працы і нясуць культурныя каштоўнасці ад мінулага ў будучыню праз наша сучаснае жыццё, з прафесійным святам.

Вікторыя КОРШУК

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter