Творчыя сустрэчы на ​​Чунцінскай зямлі

Група вядомых беларускіх мастакоў на чале з генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым прыняла ўдзел у пленэры
Група вядомых беларускіх мастакоў на чале з генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым прыняла ўдзел у пленэры, арганізаваным камітэтам культуры Чунціна, Чунцінскім мастацкім музеем пры падтрымцы народнага ўрада горада, пасольства КНР у Беларусі і пасольства Беларусі ў Кітаі. На пленэры пабывалі Уладзімір Васюк, Уладзімір Кожух, Васіль Касцючэнка, Мікалай Мішчанка, Канстанцін Качан, Марыя Ісаёнак, Ілона Касабука, Кацярына Сумарава, Павел Пракапцоў.


Мастачкі Ілона Касабука і Кацярына Сумарава на пленэры ў КНР

 Пленэр быў арганізаваны па плане праводзімага ў Беларусі Года культуры, а таксама напярэдадні 25-годдзя з дня ўстанаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносінаў і ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Канфедэрацыяй творчых саюзаў Беларусі і Чунцінскім мастацкім музеем.

На працягу амаль двух тыдняў беларускія мастакі наведалі мясцовыя славутасці і маляўнічыя месцы ў наваколлях горада. Кожны ў сваім індывідуальным стылі ствараў на аснове ўбачанага творы жывапісу. Пераважна карціны былі прысвечаныя тэме прыроды Чунціна.


Завяршыўся пленэр адкрыццём вялікай выставы “Пераменлівасць пейзажа”, на якой і былі прадстаўлены работы.

На цырымоніі адкрыцця выставы з вітальнымі словамі выступілі выканаўчы дырэктар Чунцінскага мастацкага музея Пан Маакунь, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Беларусі, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, саветнік пасольства Беларусі ў Кітаі Сяргей Вяргейчык.


Уладзімір Пракапцоў прэзентуе работы беларускіх мастакоў

Адкрыў выставу прадстаўнік кіраўніцтва народнага ўрада горада Чунцін Лі Шыкуй. Паводле яго слоў, у творах беларускіх удзель­нікаў пленэра кітайскі глядач атрымаў магчымасць убачыць нацыянальныя асаблівасці іх творчасці. У знак умацавання творчага супрацоўніцтва, а таксама распаўсюджвання ў Кітаі традыцый сучаснага беларускага жывапісу кожны з мастакоў перадаў у дар Чунцінскаму мастацкаму музею па адной са сваіх карцін. Сама ж выстава выклікала жывую цікавасць у майстроў кітайскага жывапісу, кітайскіх мастацтвазнаўцаў і звычайных гледачоў.

Акрамя ўсяго, беларуская дэлегацыя мастакоў правяла ў Чунціне лекцыю і брыфінг у Чунцінскім мастацкім музеі, прысвечаныя сучаснаму беларускаму мастацтву, а таксама мастацкую канферэнцыю. Агульнай тэмай культурнай акцыі на чунцінскай зямлі з удзелам беларускіх мастакоў стала ідэя “Адзін пояс, адзін шлях, сумесны росквіт”, якая найбольш ярка адлюстравала тэндэнцыі двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне культуры.


Дэлегацыя беларускіх мастакоў на прыступках Чунцінскага мастацкага музея

Паказальна, што менавіта Чунцін, які знаходзіцца на стыку рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” і стратэгіі развіцця эканамічнага пояса ракі Янцзы, ініцыяваў такі маштабны сумесны праект. На думку саветніка пасольства Беларусі ў Кітаі Сяргея Вяргейчыка, Чунцін стаў своеасаблівым культурным цэнтрам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Адбылася таксама сустрэча Уладзіміра Пракапцова з намеснікам дырэктара Чунцінскага мастацкага музея Дун Цзянцянам. Дасягнута  дамоўленасць да юбілею дып­адносінаў сумесна з “Белпоштай” выпусціць блок паштовых марак і канверт з выявай знакавых твораў з калекцыі Чунцінскага мастацкага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.


На вернісажы панавала атмасфера добразычлівай зацікаўленасці

А майстры жывапісу Чунціна ўжо запрошаны на Шагалаўскі пленэр, які адбудзецца ў ліпені 2017 года ў Віцебскай вобласці і будзе прысвечаны 130-годдзю сусветна вядомага мастака, які доўгі час жыў і працаваў у Беларусі. Акрамя таго, у Нацыянальным мастацкім музеі таксама плануецца выстава карцін удзельнікаў Чунцінскага пленэра.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter