Творчы дэсант прызямліўся ў Гародні...

– ДА КНІГІ і да пісьменніка было і будзе заўсёды асобае стаўленне, — падкрэсліў у сваім выступленні на сустрэчы старшыня аблвыканкама Сямён ШАПІРА. — Таму мы з гонарам прымаем дэлегацыю і шчыра спадзяёмся, што нашы майстры пяра знойдуць тут, на Гродзеншчыне, герояў новых сваіх твораў. Такімі, да прыкладу, могуць стаць і таленавітыя маладыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў вобласці. А гэта — цэлы шэраг імёнаў. Іх у кожным раёне Гродзеншчыны можна знайсці.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра ўчора сустрэўся з дэлегацыяй беларускіх пісьменнікаў. У гэтыя дні яны знаходзяцца ў рэгіёне.

– ДА КНІГІ і да пісьменніка было і будзе заўсёды асобае стаўленне, — падкрэсліў у сваім выступленні на сустрэчы старшыня аблвыканкама Сямён ШАПІРА. — Таму мы з гонарам прымаем дэлегацыю і шчыра спадзяёмся, што нашы майстры пяра знойдуць тут, на Гродзеншчыне, герояў новых сваіх твораў. Такімі, да прыкладу, могуць стаць і таленавітыя маладыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў вобласці. А гэта — цэлы шэраг імёнаў. Іх у кожным раёне Гродзеншчыны можна знайсці.

На сустрэчы з Сямёнам Шапірам пісьменнікі ўздымалі самыя розныя пытанні. Вялася гаворка пра будаўніцтва Нёманскай ГРЭС, развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці Гродзеншчыны, кансервацыю і аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры рэгіёна.

У першы дзень дэлегацыя пісьменнікаў (а ў ёй — 30 чалавек) наведала Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, сустрэлася з творчай грамадскасцю, пабывала ў Доме-музеі Максіма Багдановіча і Доме-музеі Элаізы Ажэшкі.

А сёння пісьменнікі наведаюць легендарны СПК «Прагрэс-Верцялішкі». Старшыня адной з самых моцных гаспадарак краіны Васіль Равяка пазнаёміць гасцей з вопытам работы сельгаскааператыву. Адбудзецца таксама і сустрэча з творчымі калектывамі аграгарадка Верцялішкі.

— Для мяне асабіста самай важнай часткай праграмы будзе сустрэча з чытачамі, — расказала карэспандэнту «БН» малады беларускі празаік Кацярына Хадасевіч-Лісавая. — Мне давядзецца браць слова перад вучнямі сярэдняй школы № 3 горада Гродна. Таму я лічу, што гэтая паездка па Гродзенскай вобласці для нас, пісьменнікаў, — унікальная магчымасць адарвацца ад сталіцы і пагля- дзець, што цікава чытачу ў рэгіёнах. Упэўнена, пасля акцыі з’явяцца сюжэты для новых твораў.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая — маладая пісьменніца, настаўніца пачатковых класаў. Яе першая кніга «На ўзлёце шчасця» (раман) выйшла ў свет у 2004 годзе, другая «Падарожжы ў Чароўны лес» (для дзяцей) яшчэ праз чатыры гады. Чарговае выданне — казачная аповесць «Касмічная Адысея хлопчыка Стасіка» — пабачыла свет у Год кнігі.

Нагадаю, што падобныя азнаямляльныя паездкі пісьменнікаў ужо прайшлі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях. Плануецца, што да канца года з падобнымі «візітамі» паэты і празаікі наведаюць Брэсцкую, Віцебскую і Гомельскую вобласці.

Арганізатарамі гэтай, асабліва актуальнай ў Год кнігі, акцыі выступілі Гродзенскі аблвыканкам, Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter