Мастак і дызайнер Ірына Кузняцова працуе ў розных тэхніках: шкло, жывапіс, фота, камп’ютарная графіка

Творчае бязмежжа

Мастак і дызайнер Ірына Кузняцова працуе ў розных тэхніках: шкло, жывапіс, фота, камп’ютарная графіка... Ёй было што паказаць на сваёй юбілейнай персанальнай выставе “Рытмы часу” ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў.


Ірына Кузняцова (у цэнтры) на адкрыцці сваёй персанальнай выставы

 Мастацкае шкло было прадстаўлена на гэтай выставе вобразнымі работамі з лірычнымі назвамі “Зімовая казка”, “Гарошына для прынцэсы”, “Адліга”. “Гарошына для прынцэсы” — гэта трапнае вырашэнне ўсім вядомай дылемы, адлюстраванай у дэкаратыўнай форме. Аўтар сабраў разам шмат шкляных дыскаў — коўдр, складзеных у піраміду. Вянчае гэтую кампазіцыю маленькая гарошына: як карона, якая збірае ў фокусе ўсе светлавыя промні. Тады ж, некалькі гадоў назад, была створана і кампазіцыя “Паветраны пацалунак”, якая складаецца з пяці бясколерных талерак. Яна выканана ў тэхніцы свабоднага фарміравання. А дэкараваная так званымі налепамі — шклянымі матылькамі. На самай вялікай талерцы адгравіраваны верш:

Всё прекрасно, уезжаю, вся в проблемах и заботах,
Мы друг другу всё сказали, о погоде, о работе.
Но зачем-то сердце тает… Я по памяти рисую,
Как над липами летают, два воздушных поцелуя.

Справа ў тым, што Ірына Кузняцова сама піша вершы, апавяданні. Гэта — частка яе творчай натуры. Адно дапаўняе другое. І дапамагае паўнаце яе аўтарскіх вобразаў.

А з работ, прадстаўленых на выставе, не менш цікавая дэкаратыўная кампазіцыя “Вецер”. Тонкае лірычнае светаадчуванне, метафарычнасць і сімвалізм, дбайная прадуманасць выразных сродкаў, умоўнасць формаў узмацняюць адчуванні ад паэтычнай фантазіі аўтара. Тры пасудзіны, пазбаўленыя колеру, як і належыць глыбокай восенню, пад напорам моцнага ветру губляюць рознакаляровыя — чырвоныя, жоўтыя, блакітныя — лісты-сімвалы. Гэта апошняе любаванне і расставанне з летнімі фарбамі.


Ірына Кузняцова. “Ёлкі”

Лічбавую фатаграфію і камп’ютарную графіку Ірына разглядае як новы мастацкі інструмент для актуальнага мастацтва. У 2010 годзе яна стала лаўрэатам II міжнароднай выставы лічбавага мастацтва “TERRA —VITA” , якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на жорсткую назву фотаработ — напрыклад, “ Урбанізацыя”, — у якіх аўтар паказвае старыя пад’ёмныя краны, што адпрацавалі сваё, іржавы метал, гледачы на цяперашняй выставе змаглі ўбачыць адлюстраваны ў іх час. Час, які не спыняецца.

У жывапісных работах Ірыны Кузняцовай, безумоўна, адчуваецца сённяшні рытм. Яе работа “Геаметрычныя опусы сучаснай харэаграфіі”, якая складаецца з чатырох частак, створана пад уражаннем фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Гэта — своеасаблівыя жывапісныя вітражы, акружаныя белай паветранай прасторай.

А вось дыпціх “Дахі Прагі” пабудаваны на эмацыйных уражаннях пасля паездкі ў гэты цудоўны горад. Усе работы напоўненыя сонечнымі, цёплымі тонамі. Колеры нябёсаў, дахаў, будынкаў, травы, якія перацякаюць у залаты каларыт, — гэта тонкае аўтарскае адчуванне і перадача розных станаў прыроды.


Ірына Кузняцова. “Рытмы джаза”. Палатно

Эскізы гэтых работ, а таксама работ “Рытмы джаза”, “Балтыйскі брыз” зробленыя на камп’ютары, а потым перанесеныя на палатно.

— У камп’ютара свае лініі, свой тэхнічны рытм — ён больш блізкі сучаснаму гледачу, — лічыць Ірына Кузняцова.

Святу Вялікдзень Ірына прысвяціла на выставе канцэптуальную работу, якая складаецца з 40 грампласцінак, распісаных па прынцыпе велікодных яек і падвешаных да столі для стварэння святочнага настрою. На здзіўленне не толькі гледачоў, але і аўтара на адкрыццё “прыляцеў анёл”. Гэты падарунак зрабіў для юбіляра народны маладзёжны тэатр “Кола” з Віцебска.

Ірына Кузняцова — шматгранны мастак, здольны здзіўляць акаляючых. Пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў) яна працавала ў манументальным цэху Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Стварала літыя вітражы, люстры, аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі для такіх грамадскіх памяшканняў у Мінску, як Малая сцэна тэатра Янкі Купалы, рэстаранаў “На ростанях”, “ Рэчанька”, дзіцячага сада “Гномік”, бібліятэкі імя Янкі Купалы, Музея народнай славы ў горадзе Мядзелі.


Ірына Кузняцова. “Іржа 2”. Камп’ютарная графіка

Па спадчыне ад бацькі — архітэктара і мастака Івана Мядзведзева — ёй дасталіся разуменне і любоў да архітэктуры. Ірына ўдзельнічала ў конкурсах архітэктурных канцэпцый і праектаў у Маскве, напрыклад, у конкурсе “Мемарыял”, прысвечанаму ахвярам сталінізму, “Храм — помнік 1000-годдзю Хрысціянства”. Узнагароджана граматай Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Ірына адна з першых пачала займацца абстрактным мастацтвам. Запомніліся такія яе жывапісныя серыі, як “Музыка і музыканты”, “Ад Моцарта да Шнітке”, якія праходзілі ў мінскім Палацы мастацтваў і ў рыжскай галерэі “Вера”, канцэптуальныя праекты “Калыханка для сонца”, “І” пад знакам “РА” — у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, “Аўтограф”, “СтыхіЯ” ў Палацы Мастацтваў. Творчыя работы аўтара знаходзяцца ў музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Расіі, Беларусі, Украіне, Літве, Латвіі, Італіі, Ізраілі, Германіі, ЗША.


Ірына Кузняцова. “Балтыйскі брыз”. Палатно

У 1995 годзе Ірына Кузняцова была ўзнагароджана медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяў-ленчым мастацтве”. У тым жа годзе стала аўтарам канцэпцыі і пастаянным старшынёй аргкамітэта культурнай, міратворчай, дабрачыннай акцыі “Дзіцячы Міжнародны пленэр”, які праходзіў па розных гарадах Беларусі. Праводзіла дабрачынныя акцыі для дзяцей сумесна з Дзіцячым Фондам, Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі. Курыравала выставы і пленэры для адораных дзяцей і творчай моладзі. У 2002 годзе ўзнагароджана граматай Прадстаўніцтва ААН за арганізацыю выставы дзіцячага малюнка “Я, Ты, ЁН для ААН”.

Са студэнцкіх гадоў Ірына супрацоўнічала з прэсай, часта публікуючыся па пытаннях праблем культуры і мастацтва, творчасці моладзі.


Ірына Кузняцова. “Геаметрычны опус сучаснай харэаграфіі ”. Палатно

Займаецца літаратурнай дзейнасцю. У Ірыны выдадзена некалькі зборнікаў вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей. Яе крэда: “Жывапіс, музыка, паэзія — адзіны код мыслення”. Менавіта таму многія свае творчыя работы ў шкле, жывапісе, камп’ютарнай графіцы Ірына падпісвае аўтарскімі вершамі.

— Я нарадзілася ў Вільнюсе, таму для мяне, як і для многіх у Беларусі, культура Літвы вельмі блізкая, — гаворыць Ірына Кузняцова. — Цяпер рыхтуюся да сумеснай групавой экспазіцыі беларускіх і літоўскіх мастакоў. Акрамя таго, пасля паездкі ў Барселону ў мяне выспеў план новай канцэптуальнай выставы. Для мастака вельмі важна шмат падарожнічаць і шмат бачыць. Шматлікія творы мастацтва, убачаныя ў музеях Барселоны, далі своеасаблівы энергетычны штуршок. Так, у цяперашні час мастаку нялёгка. Зрабіць выставу — дарагое задавальненне. Мы рэдка сустракаемся, мала спрачаемся аб мастацтве. Але творчы патэнцыял у мастакоў застаўся. Калі хочаш тварыць, то ўяўленню няма межаў. Матэрыял, а дакладней, яго адсутнасць, не можа быць перашкодай да рэалізацыі творчых ідэй. Асабліва ў сённяшняй прасторы актуальнага мастацтва.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter