«Твайму лету — крылатая песня…»

Сёння – дзень нараджэння дацэнта Ангелiны Аляксандраўны Рудэнкi

Чэрвень ва унiверсiтэцкiм жыццi на журфаку вылучаецца iнтэлектуальнай напружанасцю: выкладчыкi пасля прачытаных лекцый заклапочаны напiсаннем рэцэнзiй на дыпломныя працы, падвядзеннем вынiкаў у складана-турботнай рэйтынгавай сiстэме; студэнты становяцца мiтуслiвымi i надзвычай ветлiвымi. У гэты час журфак нагадвае рой, дзе замест планамернага запаўнення аўдыторый, што звяраецца нават па хвiлiнах, назiраецца, на першы погляд, хаатычнае “хаджэнне па муках”. Аднак калi прыгледзецца, то кожны мае свой крок: цi “здаваць” веды, цi “прымаць” iх. У бурлiвым вiры нараджаюцца лёсы людзей – будучых тэлезорак, галоўных рэдактараў, рэвалюцыянераў у медыйным Iнтэрнэце, мэтраў журналiстыкi. Гэта пакуль яны першакурснiкi, другакурснiкi…

У чэрвеньскi час можна быць i незаўважаным, настолькi ён напоўнены энергiяй, якая, здаецца, б’е праз край. Аднак адно чэрвеньскае свята для кафедры стылiстыкi i лiтаратурнага рэдагавання асаблiва важнае, бо напоўнена вялiкай павагай, любоўю i аберагальнай сiлай. Iмя кафедральнаму святу, а сёння i унiверсiтэцкаму – дзень нараджэння дацэнта Ангелiны Аляксандраўны Рудэнкi (на здымку). Учытаемся ў вiншавальныя словы:

Ружовая ружа ўранку

У небе свiтальным плыла.

Дзень цiха спяваў калыханку,

Эпоха табой прарасла...

На свет нараджалася песня,

Кацiўся дарожны клубок,

Арлiў у святым паднябессi

Анёльскi — твой першы дзянёк.

Нiбыта грацыя-таполя,

Гармонiя ўcix дзiўных чар —

Ежэ-eci! — па божай волi

Люляеш сонечны абшар!

Iмкнуць удалеч днi, гады,

Нязведаных дарожак многа...

Ангелься, век твой малады,

Малiтвай нашаю да Бога:

Жыццё ў велiчнай красе

Пад сонцам велiчна красуе,

Хай ружа ў Heбeci плыве,

Хай божы свет Цябе мiлуе!..

Так пiсаў легендарны Мiкола Рыгоравiч Каваленка. Яго акраверш умясцiў уласцiвую яму летуценнасць i невычэрпныя сяброўскiя пачуццi, услаўленне выкладчыцкага таленту, замацаваў, “выбiў” у слове iмя i прозвiшча сваёй любай калегi.

Калi б сабраць юбiлейныя словы ўдзячнасцi ад вучняў на адрас Ангелiны Аляксандраўны, то яны загучалi б мiлагучнымi званiцамi ў кожнай рэдакцыi радыё i тэлебачання, зазiхацелi б чыстай росiцай у кожным газетным радку. Аўтарытэт, кампетэнтнасць, высокi прафесiяналiзм, прыцягальная сiла майстэрства ствараць тэкст i пры гэтым захоўваць адмысловую культуру яго арганiзацыi – тое, што перш за ўсё прыцягвае студэнтаў у асобе свайго настаўнiка.

Амаль пяцьдзесят гадоў аддадзена працы са студэнтамi. Рабiлася гэта i робiцца зараз з вялiкiм пачуццём годнасцi. Ангелiна Аляксандраўна для сваiх маладзейшых калег з’яўляецца ўзорам прызвання i выканання свайго грамадзянскага абавязку. За яе чатырнаццацiгадовы час працы намеснiкам дэкана была закладзена новая метадычная база падрыхтоўкi журналiстаў: створана новае пакаленне адукацыйных стандартаў, адкрыты новыя спецыяльнасцi. Яна гартавала поспех кожнага дэкана, намеснiцай якога была. Навукова-метадычная дзейнасць Ангелiны Аляксандраўны стала трывалым падмуркам паспяховага развiцця сучаснага Iнстытута журналiстыкi.

Уласны метадычны багаж А.А.Рудэнкi за апошнiя гады папоўнiўся комплексам вучэбных дапаможнiкаў па сучаснай рускай мове для студэнтаў-журналiстаў, якi складаецца з трох кнiг i мае вялiкае навукова-метадычнае значэнне для журналiсцкай адукацыi краiны. Ангелiна Аляксандраўна карпатлiва працуе над новай кнiгай…

У кабiнеце Ангелiны Аляксандраўны за час яе намеснiцтва перабывала сотнi людзей. Ад масцiтых прафесараў, якiя раiлiся з ёй, як трэба прыструнiць сваiх выпестанцаў, каб хадзiлi на заняткi, бацькоў абыякавых да вучобы студэнтаў, самiх студэнтаў з часам выдуманымi гiсторыямi (каб толькi дапусцiла да сесii) да рознага рангу правяраючых. Кожнаму з iх яна знаходзiла сваё асаблiвае слова, у якiм утрымлiвалася паразуменне i няўлоўная сiла яе вытанчанага псiхалагiзму. Пад добразычлiвым i ў той жа час пранiзлiвым позiркам рассейвалiся выдуманыя гiсторыi, прасвятлялiся галовы бацькоў наконт сваiх любiмцаў, знаходзiлiся адказы на складаныя i вельмi складаныя пытаннi. Мудрасць Ангелiны Аляксандраўны i сёння мацуе нас…

Дарагая Ангелiна Аляксандраўна, няхай сёння, у дзень Вашага юбiлею, сагрэюць Вас вiншаваннi, пажаданнi, прызнаннi калег i вучняў!

Вiктар IЎЧАНКАЎ, загадчык кафедры стылiстыкi i лiтаратурнага рэдагавання, доктар фiлалагiчных навук, прафесар

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter