Тварыць сваё палатно

Молодой врач возрождает традиции древнего ткачества

У лідскага ўрача Яўгена Маркевіча незвычайнае хобі — ён тчэ ручнікі, посцілкі  і палатно. Ды так па-майстэрску, што слава ідзе ўжо далёка за межы Беларусі. А хлопец загарэўся гэтым рамяством, будучы школьнікам, у 12 гадоў склаў свой першы ткацкі станок з рарытэтных дэталяў. З тых часоў разам з аднадумцамі па крупінках збірае спадчыну ткацтва Лідчыны, узбагачаючы ўласнымі працамі. Праект калекцыі адзення “ Ад мінулага да сучаснага”, у якім ёсць і яго заслуга, стаў лаурэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Фота Аляксандра Кушнера

Колькі выткана ручнікоў для маладых на вянчанне, Яўген ўжо нават не лічыць. Аджартоўваецца, што свой пакуль яшчэ не заснаваў — часу не хапае. Вярнуўшыся пасля заканчэння медуніверсітэта ў родную Ліду, ён працуе акушэрам-гінеколагам у раённай бальніцы, а ў вольны час адводзіць душу ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Тут за рарытэтнымі кроснамі мы яго і засталі.

На вачах вырастае ручнік, майстар выкарыстоўвае складаную пяцініткавую тэхніку белага ўзорнага ткацтва, распаўсюджаную ў 1950—1960 гады і распавядае, як усё пачыналася.

У вёсцы Ачукевічы Навагрудскага раёна ў бабулі Жэня праводзіў амаль кожнае лета. Там дапытлівы хлапчук у пошуках рарытэтаў аблазіў не толькі бабуліна гарышча, але і суседнія. Знайшоў разабраныя кросны, на якіх дзясяткі гадоў ткалі свае ўзоры толькі павукі. Загарэўся што-небудзь выткаць, балазе, ролік аб адраджэнні гэтай традыцыі продкаў напярэдадні ўбачыў па тэлевізары. Пад мудрым кіраўніцтвам дасведчаных у ткацтве сваячак сабраў кросны. Пад “офіс” пачынаючаму ткачу тады бабуля адвяла сваё гарышча. Перш чым прыступіць да ткацтва, хлопцу прыйшлося навучыцца прасці.


— Першы мой ручнік атрымаўся ўвесь у дзірках, але я быў вельмі задаволены, а сваякі, падбадзёрваючы, наперабой хвалілі, — узгадвае Жэня.

Так кожнае лета ён у бабулі ў вёсцы садзіўся за ткацкі станок, а зімой у гарадской кватэры рыхтаваў пражу: ніткі праў на верацяне, сам фарбаваў і апрацоўваў. Успамінае, як лён, ад якога шмат смецця ў кватэры, у горад вазіў схаваным ад мамы ў рукаве, а праў, калі яна была на працы. Калі ж родныя ўбачылі, што ў хлопца прыроджаны ткацкі талент, пайшлі на ўсе саступкі. Час ішоў, а цікавасць да такога незвычайнага занятку толькі мацнела, нават вучоба ў медуніверсітэце гэтаму не перашкаджала. Дарэчы, свой ткацкі станок ён умудрыўся на час студэнцтва паставіць нават у здымнай кватэры.

Новы этап такой незвычайнай творчасці пачаўся для Яўгена ў 2010 годзе, калі ён аднойчы зайшоў у Лідскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці і ўбачыў там кросны. Станок разам з не датканай матуляй посцілкай перадаў цэнтру адзін з мясцовых жыхароў. Гэты музейны экспанат і загарэўся ажывіць Яўген.

— Мы, вядома, здзівіліся, што хлопец умее па-майстэрску ткаць, і вельмі ўзрадаваліся яго прапанове адрадзіць гэта рамяство ў сценах цэнтра. З яго лёгкай рукі пачалася і рэканструкцыя традыцыйнага сялянскага адзення нашага рэгіёна, — распавядае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры цэнтра Ірына Дыдышка.


Потым Яўген навучыў старажытнаму рамяству і дзвюх сваіх супрацоўніц — Дар’ю Маташук і Валянціну Сільвановіч. З такой камандай можна было замахнуцца і ўжо на нешта больш маштабнае. У цэнтры пры іх непасрэдным удзеле сталі ствараць калекцыі традыцыйнага сялянскага адзення рэгіёна. Ведаў і навыкаў, сабраных па крупінках, Яўгену дадалі этнаэкспедыцыі.

— Мы ўсе разам акунуліся ў гэтую займальную працу, важна было зафіксаваць тэхнікі ткацтва, пакуль жывыя іх носьбіты, сабраць этнаграфічныя рэчы. Для гэтага прыйшлося аб’ехаць нямала вёсак і хутароў, — распавядае Яўген.

Так, яшчэ будучы студэнтам медуніверсітэта, ён рабіў важную справу для сваёй малой радзімы.

— З прыходам у цэнтр Жэні пачалася рэканструкцыя сельскай вопраткі. Метадам спроб і памылак год за годам ішла крапатлівая праца калектыву нашай установы над праектам калекцыі адзення “Ад мінулага да сучаснага”. Яе арыгінальнасць заключаецца менавіта ў адраджэнні ткацкага рамясла не толькі праз вывучэнне навуковай літаратуры, але і шляхам пераймання вопыту ў яго носьбіта, — тлумачыць кіраўнік праекта Ірына Дыдышка.

Зараз у арыгінальнай калекцыі народнага адзення цэнтра 12 камплектаў вопраткі. Каб увабраць аўтэнтычнасць, супрацоўнікі цэнтра аб’ехалі не толькі ўвесь Лідскі раён, але і суседнія. Шкада, многіх ткачых, якія ад сэрца з імі падзяліліся сваімі навыкамі, ужо не засталося ў жывых.


Спазнаўшы сакрэт старадаўніх тэхналогій, Яўген Маркевіч можа выткаць практычна ўсё, нават вельмі складаныя ўзоры, якія былі падуладныя ў свой час майстэрскім ткачыхам. У яго распараджэнні тры станкі, такім чынам, у любую вольную хвіліну ён можа тварыць сваё палатно.

Выходзіць, што ткацтвам Яўген займаецца ўжо паўжыцця. У сваім маладым узросце для малой радзімы ён зрабіў важную справу: адрадзіў рамяство продкаў, выткаўшы сотні аўтэнтычных ручнікоў, дзясяткі посцілак, а па палатне хлопец нават устанавіў сапраўдны рэкорд — 18 метраў у дзень! Вырабы, выкананыя з душой, радуюць людзей у Беларусі і за яе межамі. Цікавы факт: калі ў папскую рэзідэнцыю ў Ватыкане перадавалі мошчы манашак, расстраляных пад Навагрудкам у гады вайны, то кораб з прахам абгарнулі ў ручнік, які выткаў лідскі хлопец. Цяпер, калі аўтэнтычныя, у тым ліку тканыя, рэчы набываюць папулярнасць, да лідскага майстра звяртаюцца з індывідуальнымі заказамі не рэдка. Але Яўген па-ранейшаму працуе не дзеля славы і грошай. Ён дае ўрокі ткацтва ў цэнтры, рады, калі сваім прыкладам зацікаўлівае маладых. А шматлікія турысты, якія тут бываюць, дзіву даюцца: малады чалавек і такое тонкае рамяство! Яшчэ больш госці дзівяцца, калі даведваюцца, што ён прафесійны ўрач.

— Я люблю Ліду, лідчан і рады, што мы можам паказаць землякам і гасцям спрадвечнае рамяство. Так склалася, што некалькі пакаленняў ткацтвам не цікавіліся, таму яно ледзь не знікла. А саматканая рэч нясе асаблівую цеплыню рук і душы майстра. Я зрабіў усё, што ад мяне залежыць, каб не перарвалася нітачка, што злучае з продкамі, — кажа Яўген і ад душы дорыць многія свае вырабы людзям.

semenova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...