В Национальном художественном музее экспонируется портретная живопись Юрия Пискуна

Твары родных людзей

Юрый Піскун вядомы ў першую чаргу як даследчык старажытнабеларускага мастацтва і знаўца беларускага народнага і гістарычнага касцюма. Ён стварыў унікальныя ўборы для такіх знакамітых калектываў, як «Песняры», Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі, харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Але не менш таленавітыя і яго жывапісныя работы. Палотны, якія прэзентуюць усе этапы творчасці мастака (з канца 1970-х гадоў да нашых дзён), зараз экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выстаўка «Твары родных людзей. Жывапіс Юрыя Піскуна» прымеркавана да 65-годдзя мастака і 40-годдзя яго творчай дзейнасці.

Назва выставы невыпадковая. Як тлумачаць арганізатары, яна адлюстроўвае камерны характар экспазіцыі, дзе асноўнае месца займае партрэтны жывапіс, і адказвае творчым памкненням мастака. Яшчэ калі працаваў над дыпломнай работай, Юрый Піскун паставіў сабе за мэту «пісаць толькі тое, што ён добра ведае і любіць», — сваю родную вёску Ратуцічы, яе жыхароў, родных, блізкіх людзей… У сваіх партрэтах мастак імкнецца раскрыць унутраны свет чалавека, яго роздумы і клопаты, яго ўнікальную асобу. Цікава, што часта аўтар малюе знаёмых яму асоб не ў сучасным адзенні, а ў гістарычных строях, дызайн якіх распрацоўвае самастойна. Так праяўляецца Юрый Піскун як жывапісец і мастак па касцюме.

Пазнаёміцца з унікальнымі работамі Юрыя Аляксандравіча можна да 4 студзеня 2021 года.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter