Тут жыў Жыгімонт?

У Навагрудку знайшлі элементы будынкаў XII—XVIII стагоддзяў

У час буйных раскопак у цэнтры Навагрудка археолагі знайшлі элементы будынкаў XII—XVIII стагоддзяў. Яны праводзіліся перад тым, як весці будаўнічыя работы сучаснай гасцініцы «Еўропа». Як і павінна быць для тэрыторыі ахоўнай зоны, усё праходзіла пад наглядам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН.

Спецыялісты знайшлі тут чатыры ярусы старажытных забудоў. Цікава, што яны былі пабудаваны практычна адна на адной і ў розныя стагоддзі. Пакуль можна прыблізна датаваць толькі два верхнія пласты, першы, верагодна, адносіцца да XVII—XVIII стагоддзяў. Ён мог быць карчмой, бо тут знайшлі шмат элементаў посуду з гліны і шкла.

Наступны пласт, дзе выяўлены вялікі драўляны зруб, хутчэй за ўсё, адносіцца да XVI—XVII стагоддзяў. Спецыялісты мяркуюць, што гэта быў жылы дом. Адна з нядаўніх знаходак — плітка Жыгімонта Аўгуста, якая адносіцца да XVI стагоддзя. Ёсць верагоднасць, што будынак калісьці мог належаць вялікакняжацкай сям’і.

Пасля раскопак элементы старажытнай забудовы будуць разабраны і закансерваваны. Гістарычныя экспанаты адправяць у Мінск на экспертызу, а потым яны будуць перададзены ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter