6 стран, 2000 участников и яркая программа для гостей: юбилейный фестиваль «Александрия собирает друзей» обещает много интересного

Тут зацвiце папараць-кветка

Рэспубліканскае свята, прысвечанае Купаллю, па традыцыі пройдзе ў маляўнічым месцы на беразе Дняпра на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей у аграгарадку Александрыя. Сярод удзельнікаў юбілейнага дзясятага фестывалю «Александрыя збірае сяброў» больш за 2 тысячы артыстаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожны рэгіён краіны прывёз сюды свой самы вядомы фестывальны праект. Свята ў Александрыі паступова набывае рысы міжнароднага. Акрамя нашых артыстаў, сёлета ў ім удзельнічаюць таксама калектывы з Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы. Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць звыш 80 тысяч гасцей.



Карэспандэнт «Р» пабывала ў Александрыі і паглядзела, як аграгарадок рыхтуецца да фестывалю.



Апошнія некалькі дзён Александрыя жыве ў рэжыме нон-стоп. На фестывальнай тэрыторыі, а гэта цэлых 28 гектараў, праца кіпіць з раніцы і да вечара. Удзельнікі выстаўляюць гандлёвыя палаткі, мантажнікі-альпіністы збіраюць канструкцыі галоўнай сцэны, непадалёк нацягваюць цыркавыя шатры, на беразе Дняпра раскладваюць купальскае вогнішча...

У гэтым годзе святкаванне Купалля ў Александрыі пройдзе дзясяты раз.
— Галоўнай тэмай свята стала малая радзіма, — кажа намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, які сочыць за працэсам падрыхтоўкі. — На пляцоўцы «Александрыйскi кiрмаш» кожны рэгіён краіны прадставіць свой фестывальны каларыт. Нацыянальным каларытам гасцей свята «Купалле» парадуюць таксама ўдзельнікі з Курска, Цверы, Ніжняга Ноўгарада, Разані, Івана-Франкоўска, Цярнопаля і Херсона. Мы разлічваем на вялікую цікавасць гледачоў. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло.

Фестывальная тэрыторыя складае цэлых 28 гектараў.

Цэнтральнай падзеяй свята стане грандыёзны гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» на галоўнай пляцоўцы.

Мантажнікі-альпіністы збіраюць канструкцыі галоўнай сцэны.

На свяце сапраўды будзе на што паглядзець. У гандлёвай экспазіцыі задзейнічана больш за 150 суб’ектаў гаспадарання. Агульная працягласць гандлёвых радоў перавышае 1,2 кіламетра. Колькасць пасадачных месцаў у гэтым годзе павялічылі да 2,5 тысячы. Гасцям прадстаўлены шырокі асартымент харчовых тавараў. Наведвальнікам прапануюць мноства разнастайных страў беларускай, рускай і ўкраінскай кухні. Частаваць будуць дранікамі, халадніком, рускімі блінамі і іншымі смачнасцямі.

Цікавай абяцае стаць пляцоўка з цыркавымі выступленнямі, гульнямі і атракцыёнамі.
На тэматычных пляцоўках «Яселка з ласункамi», «Вулiца гандлёвая» і «Каравайная сялiба» можна пакаштаваць марожанае, папкорн, салодкую вату і разнастайную выпечку. Аматары квасу змогуць атрымаць асалоду ад гэтага напою на тэматычным свяце. Асобным сюрпрызам стане спецыяльна распрацаваны да юбілейнага мерапрыемства хлебны квас «Александрыя».

У гандлёвай экспазіцыі задзейнічана больш за 150 суб’ектаў гаспадарання.
Не засталіся ў баку і мясцовыя жыхары. Кожны гаспадар ацэньвае стан свайго домаўладання і пры неабходнасці прыводзіць у парадак. Жыхары Александрыі прызнаюцца, што вельмі чакаюць Купалле, бо любяць святочную атмасферу, у якую пагружаецца іх гарадок на гэтыя дні. Некаторыя нават падрыхтавалі ў сваіх дамах асобны пакой для гасцей. Для многіх тутэйшых сем’яў фестываль стаў выдатнай падставай сабрацца разам.

Праца кіпіць з раніцы і да позняга вечара.
Што да забаўляльнай праграмы, то ўсе госці змогуць прыняць удзел у майстар-класах, тэматычных квестах, спартыўных спаборніцтвах, гульнях і конкурсах. На «Александрыйскай гасцiне» майстры пацешаць саломапляценнем, керамікай, кавальскім рамяством, разьбой па дрэве, ткацтвам, шапавальствам. Госці змогуць навучыцца рабіць сувеніры і цацкі сваімі рукамі. Цікавай абяцае стаць пляцоўка «Свята цырка ў Александрыі» з цыркавымі выступленнямі, гульнямі і атракцыёнамі. Тут пройдзе дабрачыннае прадстаўленне, якое наведаюць дзеці-інваліды. Установяць фотазоны, для маленькіх гасцей — дзіцячыя атракцыёны.

Цэнтральнай падзеяй свята стане грандыёзны гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» на галоўнай пляцоўцы. У ім прымуць удзел Леў Лешчанка і Ціна Караль. Фіналам першага дня стануць маляўнічае піратэхнічнае шоу і начная дыскатэка з удзелам папулярных груп і дыджэяў.

Жыхары Александрыі прызнаюцца, што вельмі любяць Купалле за святочную атмасферу.
У нядзелю свята працягнецца на тых жа лакацыях. Аб 11-й гадзіне на галоўнай канцэртнай пляцоўцы адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджванне работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці. А 14-й гадзіне на сцэне выступіць заслужаны калектыў «Сябры». Прыхільнікі правільнага харчавання і актыўнага спосабу жыцця змогуць наведаць адмысловыя майстар-класы, якія пачнуцца аб 11-й гадзіне на пляцоўцы народнай творчасці. Там навучаць масажу, мылаварэнню, мыццю ў лазні, рэлакс-тэрапіі і вегетарыянскаму харчаванню.

Для зручнасці наведвальнікаў на свяце ўстанавілі інфармацыйныя тумбы, працуюць камеры захоўвання, пункт абмену валюты і бясплатны вай-фай. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў да месца свята прадугледжана зручная транспартная лагістыка. Прызначаны дадатковыя цягнікі рэгіянальных ліній і аўтобусныя рэйсы. Усе маршруты звязаны з пачаткам і заканчэннем мерапрыемстваў. Для тых, хто прыехаў на ўласным транспарце, уладкавалі паркоўкі на аўтадарозе Орша—Шклоў—Магілёў (Р-76), у вёсцы Межнік і гарадскім пасёлку Копысь. Для перавозкі гасцей свята ад парковачных месцаў і да Александрыі курсіруюць аўтобусы.

gorbatenko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter