Тут ёсць да каго прыхiлiцца

АДДЗЯЛЕННЕ кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ў вёсцы Дулебы — выратавальны куточак для яго пастаяльцаў

Сюды трапляюць людзі самых розных лёсаў: хтосьці ніколі не меў сям’і, а на схіле дзён знайшоў тут прытулак і сяброў, хтосьці меў мнагадзетную сям’ю, а на зыходзе жыцця пахаваў сваіх дзяцей і не змог жыць у сценах роднай хаціны ў адзіноце са сваім болем...

Працуе ўстанова з пачатку 2009 года і разлічана на 40 месцаў. За гэты час тут атрымалі дапамогу больш за 100 чалавек. Многія з’ўляюцца пастаяннымі жыхарамі аддзялення таму, што ім няма куды ісці, няма да каго прыхіліцца.

— Паглядзіце, якая я была маладая, прыгожая, — гаворыць мне Ніна Канстанцінаўна Прохарава. — Гэты мой фотаздымак вісеў некалі на Дошцы гонару торфабрыкетнага завода, дзе я працавала матарысткай. Дзякуй кіраўніцтву нашага прадпрыемства, асабліва дырэктару Уладзіміру Абрамовічу, — не забываюць мяне, віншуюць са святамі, і да прыгожай віншавальнай паштоўкі заўсёды матэрыяльны падарунак дадуць.

А потым яна ўспомніла сваіх сыноў, і на вачах з’явіліся слёзы: «На гэтым здымку — малодшы мой сынок Пашка, ужо 13 гадкоў як няма яго. Усіх траіх сваіх сыночкаў пахавала... Дзякуй Богу, унук у мяне добры, Валодзя, прыязджае да мяне, не пакідае. Вось нават тэлевізар у пакой прывёз, паставіў, каб ведала, што ў свеце робіцца».

Між тым у аддзяленні клапоцяцца не толькі пра спакой, здароўе і харчаванне сваіх жыхароў, нямала ўвагі надаюць і арганізацыі вольнага часу. Так, два разы ў месяц работнікі раённай кінавідэасеткі прывозяць сюды для прагляду новыя кінастужкі; дзейнічае майстэрня, дзе стаяць швейныя машынкі (гэта толькі часцінка ад значнай спонсарскай дапамогі, якую аказвае Бярэзінскаму ТЦСАН дабрачынная нямецкая арганізацыя «Дапамога для Беларусі» з горада Ахім), ёсць пруткі, ніткі, кожны жадаючы можа бавіць свой час за любімай справай.

— Тут мой любімы куток, — усміхаецца Марыя Іванаўна Дубовік. — Вось папрасілі звязаць шкарпэткі. Я ўжо многім — і вяскоўцам, і суседзям па пакоях — па заказу навязала шмат чаго: каму на сваю патрэбу, каму на падарункі.

Гаворыць і нават не перастае бразгаць пруткамі. Яе лёс таксама не песціў, у аддзяленне жанчына трапіла з вёскі Вяшэўка, калі яе хата згарэла...

Самая старэйшая жыхарка ўстановы — Алена Мартынаўна Дзюк, ёй споўнілася 96 гадоў. У аддзяленні яна ўжо дзве зімы адзімавала, а на лета Мартынаўну забірае да сябе пляменнік Віктар. Самой дзяцей лёс не дараваў, ды і замуж схадзіць не давялося. Усё жыццё прарабіла ў калгасе паляводам, жыла ў вёсцы Лешніца...

Пажоўклае лісце моўчкі зграбае ў кучы Міхаіл Іванавіч Сядак. Такая працатэрапія яму толькі ў радасць. Інвалід дзяцінства, ён трапіў у аддзяленне з першых дзён яго адкрыцця, калі пайшла з жыцця яго матуля... Асеннія лісты шапацелі пад граблямі, здавалася, усе падобныя па форме і колеры, аднак няма сярод іх аднолькавых. Так і лёсы людскія.

Невялікі калектыў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН узначальвае Надзея Ісаева. Тут разумеюць, наколькі важна дапамагчы састарэлым людзям і інвалідам не толькі змірыцца са старасцю, прыняць яе, але і знайсці ў ёй дабро, стараюцца, каб для кожнага, наколькі гэта магчыма, яна стала спакойнай.

На здымках: у музеі аддзялення вельмі падабаецца Івану Іванавічу КІСЯЛЮ, Любові Іванаўне САМЕЦ і Соф’і Іванаўне ВІНЦАРЭВІЧ; асенняе лісце Міхаіла Іванавіча СЕДАКА; у медпункт да Ірыны Валянцінаўны ЛАЎРЫНОВІЧ звяртаюцца часта.

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter