Як жывецца расійскім студэнтам у Беларусі

Тут, як у Еўропе

Лічыць сахалінец Максім Асідулаў, які паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Лічыць сахалінец Максім Асідулаў, які паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт


Некалі за сталічнай адукацыяй Міхайла Ламаносаў адправіўся з рыбным абозам за тысячу вёрст практычна пешшу. Цяпер дыплом такіх ахвяр не патрабуе — самалёт даставіць у любы пункт зямнога шара. Атрымаўшы рэдакцыйнае заданне высветліць, як жывецца расійскім студэнтам у Беларусі, наш карэспандэнт адшукала студэнта, які прыехаў у Мінск літаральна з “краю свету”.

Два гады Максім Асідулаў жыве ў Мінску. Студэнт трэцяга курса эканамічнага факультэта БДУ. Прывык ужо да мінскага рытму, але на канікулы ад’язджае: бацькі чакаюць на Сахаліне:

— Адвучуся і буду кіраванцам-міжнароднікам. Гэта цяпер запатрабаваны напрамак. Мы вучымся спецыяльнасці на прыкладах работы розных паспяховых кампаній — расійскіх, беларускіх, заходніх. Спецыяльнасць універсальная, спатрэбіцца ў любой сферы дзейнасці. Да прыкладу, нядаўна я праходзіў практыку ў фірме па продажы софту.

— Востраў Сахалін — гэта рыба і морапрадукты. Ты як будучы эканаміст, напэўна, пралічыў рэнтабельнасць такога бізнесу, да прыкладу, з Беларуссю?

— Безумоўна, я думаю над тым, як можна арганізаваць лагістыку паміж дзвюма краінамі. На самалёце, з перасадкай, палёт — дзевяць гадзін. Трэба ўяўляць сітуацыю ў Паўднёва-Сахалінску, вывучаць мясцовыя патрэбы ў беларускіх таварах. Думаю, што беларусам патрэбна рыба, ікра. Тут усё гэта, мякка кажучы, не тое. Я ад’ядаюся свежымі морапрадуктамі, толькі калі прыязджаю дадому.

Чаму з мноства ВНУ Максім выбраў менавіта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт? Немалую ролю ў гэтым адыгралі сябры бацькоў хлопца, прафесійныя спартсмены, якія яшчэ раней пераехалі ў Мінск. Іх аповеды пра Беларусь запалі сям’і Максіма ў душу. Многія яго аднакласнікі паступілі ў ВНУ Хабараўска, ён вырашыў ажыццявіць сваю даўнюю мару — пажыць у Еўропе:

— Спачатку думаў паступаць у Маскву або Піцер. Але калі з’ездзіў пару разоў у Мінск, то вырашыў, што ў ім і застануся. Тут і якасць адукацыі на ўзроўні, і мітусні куды менш. Да таго ж пра БДУ, лепшую беларускую ВНУ, ведаюць і на Далёкім Усходзе.

Тут, калі я скажу аднакурснікам, што ездзіў у Польшчу або Чэхію, то гэта нікога не здзівіць. А на Сахаліне такі ваяж — падзея, для нас Еўропа — сапраўднае далёкае замежжа!

Але калі я пажыў удалечыні ад дома, стаў па-сапраўднаму цаніць свой Далёкі Усход: горы, акіян, цудоўную прыроду. Раней мне ўсё падавалася звычайным.

Пра БДУ, лепшую беларускую ВНУ, ведаюць і на Далёкім Усходзе

Дарэчы, ён ва ўніверсітэце адзіны сахалінец. І калі СахДУ дамовіўся з БДУ аб супрацоўніцтве, то Максіму прапанавалі ганаровую ролю прадстаўніка вострава. Студэнту такая “дыпламатычная” місія спадабалася!

— Ну а Беларусь цябе чым “зачапіла”?

— Спакойныя людзі, прыгожая архітэктура. Прыемна проста прагуляцца па мінскіх вулачках, пасядзець у кафэ, у клуб схадзіць з сябрамі. Мне падабаецца, што студэнцкая вёска, у якой я жыву, — гэта сучасны комплекс, а не абшарпаны інтэрнат.

У вольны час Максім іграе ў нядаўна створанай музычнай групе. А яшчэ ён спартсмен-лёгкаатлет. І цяпер імкнецца падтрымліваць сябе ў форме, наведваецца ў спартыўную залу.

Студэнту хочацца пазнаць усю Беларусь. Пакуль з абласных цэнтраў бачыў толькі Магілёў і Гомель. Запэўнівае, што як толькі прадставіцца магчымасць, то абавязкова паедзе ў Брэст, Гродна:

— Тады я з поўным правам змагу сцвярджаць, што бачыў Саюзную дзяржаву ад Сахаліна да Брэста.


Дарэчы


Штогод у беларускія ВНУ паступае каля дзвюх тысяч расійскіх студэнтаў. З іх амаль палова — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Святлана Дзевяткова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter