Забарона на наведванне многiх лясоў знята, але яшчэ застаюцца раёны, дзе дзейнiчаюць абмежаваннi

Тут ягаднае месца

На рынках і ля абочын трас поўным ходам прадаюць лясныя дары, у прыватнасці чарніцы. У чэрвені, калі стаяла суш, нельга было наведваць лясы. Такое рашэнне прымалася ўладамі ў раёнах з-за пагрозы ўзнікнення лясных пажараў. Балазе ў вялікія выхадныя прайшлі ліўні, пажаранебяспечнае становішча адступіла — шлях да дароў лесу адкрыты.

Адпраўляючыся ў лес, з сабой заўсёды трэба мець зараджаны мабільны тэлефон, ваду, нож, запалкі і лекі, а таксама вывучыць карту мясцовасці.

Кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Угрын растлумачыў карэспандэнту «Р», што падчас засухі наведваць лясы можна было толькі ў асобных раёнах Віцебскай вобласці. Сёння ж доступ адкрыты практычна да ўсіх лясоў у краіне. Выключэнне — Брэсцкая вобласць, якую ліўні абдзялілі ападкамі. Аднак лясы Баранавіцкага, Маларыцкага і Столінскага раёнаў усё ж наведваць можна. Таксама застаецца пад забаронай наведванне лясоў Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.

З месцамі, дзе можна збіраць ягады, вызначыліся, а якія дары ў іх можна знайсці? Пра гэта расказаў кіраўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Віктар Парфёнаў:

— У лясах з'явіліся чарніцы, а суніцы, наадварот, адходзяць. Пасля дажджлівых выхадных у лясах пайшлі першыя грыбы — лісічкі і сыраежкі. Да канца месяца можна будзе «папаляваць» і на баравік. Прыкладна ў гэты ж час у лясах з'явяцца маліны.

Дарэчы, у гэтым годзе чарніц будзе «нягуста» з-за леташняга надвор'я, якое паўплывала на кветкавыя пупышкі гэтай расліны.

Сезон збору ягад і грыбоў толькі пачаўся, а выратавальнікі ўжо чатыры разы дапамагалі міліцыі шукаць людзей, якія заблудзілі ў лясах. Так, вечарам у сераду ў Мінскім раёне яны вывелі з лесу пару, якая заблудзіла. У той жа дзень знік у лесе жыхар вёскі Хвашно Віцебскай вобласці. У Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці таксама заблудзіла пара. Не змагла самастойна выйсці з лесу і правяла там амаль суткі 82-гадовая жанчына каля вёскі Беразіно Докшыцкага раёна.

Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС, у мінулым годзе ў міліцыю па краіне паступіла 407 заяў аб знікненні людзей менавіта ў лясах. Да гэтага часу не атрымалася знайсці 13 чалавек.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter