За паўторнае парушэнне ПДР у некаторых выпадках будуць арыштоўваць. Якiя яшчэ навацыi ўнясуць у адмiнiстрацыйны кодэкс?

Тут правiлы руляць

Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі. Карэспандэнт «Р» даведалася пра змены, якія могуць найбольш зацікавіць нашых грамадзян. 


Нагадаем, што папраўкі заканадаўства ў бок лібералізацыі адказнасці за нязначныя правапарушэнні былі ініцыіраваны МУС. Так, на думку ДАІ, не адпавядаў сучасным рэаліям артыкул 18.18 КаАП, што праду­гледжваў адказнасць за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае пры сабе дакументаў: у кожнага інспектара ДПС ёсць база даных, па якой ён можа праверыць, ці валодае чалавек правамі кіроўцы, ці мае рэгістрацыю яго аўто або матацыкл. Дэпутаты з гэтым пагадзілі­ся: артыкул 18.18 выключаны з кодэкса.

Прапаноўвалася таксама не пазбаўляць вадзіцеляў правоў на кіраванне за паўторнае на працягу года перавышэнне хуткасці больш чым на 20 кіламетраў у гадзіну. Але такая ідэя водгуку не знайшла: вялікая хуткасць — адна з асноўных прычын ДТЗ.

За паўторнае на працягу года кіраванне аўтамабілем без вадзіцелькіх правоў раней штра­фавалі на суму ад 20 да 50 базавых велічынь. Цяпер з’явіліся варыянты: па рашэнні суда парушальнікаў могуць падвергнуць адміністрацыйнаму арышту.

— Некаторыя людзі штраф не аплачваюць, і немагчыма яго спагнаць: маёмасці не маюць, аўтамабіль зарэгістраваны на іншага чалавека — так і атрымліваецца, што яны пазбягаюць адказнасці, — растлумачылі ва УДАІ МУС узнікненне новай санкцыі.

Сярод навацый таксама адмена 5-дзённага тэрміну для аплаты штрафу, выпісанага па спрошчанай схеме. Цяпер для добраахвотнай выплаты, якую можна здзейсніць праз АРІП, даецца 30 дзён. Толькі трэба памятаць, што тым, хто не справіўся заплаціць і за месяц, налічаць дадатковы павышаючы каэфіцыент: яшчэ дзве базавыя велічыні.

Паколькі штраф можна аплаціць праз АРІП, а даведку аб гэтым несці ў ДАІ не трэба, талон да правоў кіроўцы адбіраць больш не будуць.

Стала магчымай рассылка так зва­ных «лістоў шчасця», або па­ста­ноў аб прыцягненні да ад­мі­ністрацыйнай адказнасці, праз інтэрнэт. На думку супрацоўнікаў УДАІ МУС, гэта сэканоміць час і скароціць паштовыя выдаткі.

nevmer@mail.ru 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter