Тут позірк сэрца бачыць цуды...

Сярод багатай спадчыны Панямоння — старадаўнія творы дойлідства Воранаўскага краю. Тутэйшыя мястэчкі і вёскі, як нішто іншае, захавалі подых гісторыі, адчуўшы які не можаш не палюбіць гэтай зямлі. Нездарма тут у свой час чэрпалі натхненне такія таленты, як Адам Міцкевіч і Напалеон Орда. Зямля гэта, багатая легендамі, і сёння натхняе на творчасць.

Сярод багатай спадчыны Панямоння — старадаўнія творы дойлідства Воранаўскага краю. Тутэйшыя мястэчкі і вёскі, як нішто іншае, захавалі подых гісторыі, адчуўшы які не можаш не палюбіць гэтай зямлі. Нездарма тут у свой час чэрпалі натхненне такія таленты, як Адам Міцкевіч і Напалеон Орда. Зямля гэта, багатая легендамі, і сёння натхняе на творчасць.

Вандалін Шукевіч — краязнаўца і навуковец з Начы

Вандалін Шукевіч. Імя гэтага чалавека стаіць у шэрагу  вядомых дзеячаў на ніве беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Час, у які выпала жыць і працаваць Вандаліну Шукевічу, вызначаўся сацыяльна-палітычнай складанасцю, насычанасцю гістарычнымі падзеямі, грамадскай актыўнасцю. Радавы маёнтак Нача, дзе 10 снежня 1852 года ён з’явіўся на свет і ў снежні 1919 года быў пахаваны ў радавой капліцы, даў Беларусі чалавека з надзвычай шырокім колам інтарэсаў. Ён быў краязнаўцам і навукоўцам, яго працы садзейнічалі развіццю нацыянальнай археалогіі і прапагандзе гісторыі Беларусі ў масавым друку.  Шукевіч захапляўся археалогіяй. З 1883 года, калі пачаў актыўна займацца гэтай справай, Вандалін раскапаў толькі ў Лідскім павеце 120 каменных магіл і 170 пахаванняў. Ён першым даследаваў курганы, каменныя магілы. Акрамя таго, адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку. І па сённяшні дзень выклікаюць цікавасць яго працы “Каменныя курганы ў Лідскім павеце”, “Нарысы дагістарычнай археалогіі”. Сёння Вандалін Шукевіч вядомы навукоўцам перш за ўсё як археолаг, але ён яшчэ з’яўляецца і аўтарам гісторыка-эканамічных нарысаў, фальклорна-этнаграфічных публікацый.

Цудоўны чалавек, які творыць цуд

Справу, якой займаецца жыхарка Воранава Святлана Семашкевіч, можна назваць цудам. Яна вышыла бісерам звыш 200 абразоў і тым самым данесла да людзей іх духоўны свет. Святлана Семашкевіч — чулая маці траіх дачок і ўвогуле цудоўны чалавек.

Мудрэц Хафец Хаiм

Нездарма шмат гадоў назад у яўрэйскім асяроддзі з’явілася выслоўе: “Кожны паважаючы сябе яўрэй абавязаны хаця б аднойчы ў сваім жыцці наведаць Іерусалім і Радунь!”
Увогуле Радунь мае доўгую і цікавую гicторыю, якая сведчыць аб тым, што мястэчка было асяроддзем яўрэйскай цывілізацыі і яўрэйскай культуры. З гэтым месцам звязана імя Хафеца Хаіма (Ісраэль Меір Ха-Кохен) — знакавай фігуры ў вачах яўрэяў усяго свету, узору для захаплення, найвышэйшай павагі і пакланення. Хафец Хаім меў неаспрэчны аўтарытэт як непераўзыдзены знаўца Торы, Талмуда і Танаха. Нягледзячы на сваю “зоркавасць”,  ён вызначаўся непатрабавальнасцю да бытавых умоў і да ўзроўню ўласнага дабрабыту, разам з тым быў шчодра надзелены рысамі сапраўднага інтэлігента. Надзвычай  важным у апошняй трэці XIX стагоддзя і да нашых дзён для “кожнага паважаючага сябе яўрэя” была магчымасць убачыць у Радуні драўляны дом, у якім жыў знакаміты іудзейскі філосаф, мараліст, пісьменнік і выкладчык, будынак мясцовай іешывы і сінагогі. Вялікім шчасцем для іудзейскіх паломнікаў пры жыцці Хафеца Хаіма, зямны шлях якога закончыўся ў  1934 годзе, была магчымасць пабачыць яго самога і тым болей паслухаць чалавека, які стаяў на чале “Савета мудрацоў Торы” і да канца сваіх дзён  заставаўся настаўнікам і апекуном многіх тысяч вучняў.

Пад пакровам Мацi Божай Тракельскай

Напэўна, кожны жыхар Воранаўшчыны, ды і  не толькі тутэйшых мясцін, назаве цудам  абраз з лікам Найсвяцейшай Маці ў Тракелях. Святыня была  прывезена ў парафію з Вільні ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя і размешчана на галоўным алтары касцёла.   У 1656 годзе падчас польска-шведскай вайны парафіяльны касцёл у Тракелях быў дашчэнту спалены, але ў попеле вернікі знайшлі абраз Божай Maцi, які быў цудоўным чынам некрануты агнём. Парафіяльная хроніка пацвярджае факт вылечвання сляпога чалавека адразу ж пасля таго, як быў знойдзены гэты абраз, а пазней вылечылася ад паралічу ног дванаццацігадовая  дзяўчынка.
У 1738 годзе святыня ізноў згарэла, але абраз стыхія не кранула. Ён уцалеў да нашага часу.  Спрадвеку Найсвяцейшая Маці ў Тракелях мае выключнае ўшанаванне. Раней на абразе былі намаляваны толькі лікі Маці Божай, Дзіцяткі Езуса і святога Казіміра, іх галовы не былі ўпрыгожаны каронамі. Але ў знак падзякі за шматлікія цуды ў 1782 годзе абраз быў рэстаўрыраваны, на яго былі накладзены воты — металічныя пасярэбраныя сукенкі і кароны. З цягам часу яны страцілі свой першапачатковы выгляд, таму былі зняты з абраза, рэстаўрыраваны і пазалочаны, адпраўлены ў Ватыкан для асвячэння. І вось сёлета Святы Айцец Бенедыкт XVI адарыў цудоўны абраз Тракельскай Божай Маці прывілеем: ускласці на яго папскія кароны. Каранацыя стала надзвычай значнай падзеяй для вернікаў.

“Замачак” на беразе Жыжмы

У 1611—1613 гадах на левым беразе ракі Жыжма, у вёсцы Гайцюнішкі, быў узведзены дом-крэпасць. Цагляны партатыўны “замачак” быў створаны па праекце будаўніка і начальніка каралеўскіх збудаванняў у Вільні Пятра Нонхарта разам з інжынерам-фартыфікатарам ван Дадэнам, галандцамі па паходжанні. Пазней “замачак” належаў Храптовічам, Корфам, Штрэтарам, Путкамерам, Остэн-Сакенам. Уладальнікам маёнтка быў таксама Эдвард Рымша. Дом-крэпасць, як належыць, акружаны ровам з вадой.
Манументальны магутны будынак — унікальны помнік гатычна-рэнесансавай архітэктуры. Навукоўцы адзначаюць яе французска-нідэрландскі характар суровага і некалькі грубаватага абарончага выгляду. Дарэчы, гэтае ўнікальнае збудаванне абарончага дойлідства захавалася амаль у першапачатковым выглядзе.

На старажытным шляху ў Вільню

Гэты гістарычны куток на старажытным шляху ў Вільна, дзе размясціўся  цудоўны Больценіцкі палацава-паркавы ансамбль, не застаецца без увагі турыстаў. Дарэчы, першапачатковы  выгляд сядзібы, закладзенай напрыканцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя, вядомы па знакамітаму малюнку Напалеона Орды. А парк з’яўляецца  ўзорам садова-ландшафтнага мастацтва той эпохі. Экзотаў тут больш за 60 відаў і форм. Сярод іх, напрыклад, унікальныя для Беларусі два асобнікі клёна вастралістага далоненадрэзнага.
 На самым высокім месцы парку ў пачатку ХХ стагоддзя  быў пабудаваны сядзiбны дом з чырвонай цэглы ў стылі неаготыкі, які належаў Станіславу Путкамеру, сыну Марылі Верашчака. У інтэр’еры палаца ад колішняга ўбранства засталіся печы і аздобленыя пазалочанай ляпнінай сцены, але захавалі гэтыя непаўторныя мясціны да нашага часу найвялікшы скарб — гістарычную  памяць.
  У тутэйшым маёнтку па запрашэнню Марылі Верашчака гасцяваў Адам Міцкевіч. Сустрэчы з ёй, вандроўкі па тутэйшым цудоўным  парку натхнілі яго на напісанне славутай паэмы “Гражына”, шэрагу іншых вершаў.
Зараз адміністрацыя Воранаўскага раёна вядзе размову з кіраўніцтвам Алітускага (Літва), Несцераўскага (Калінінградская вобласць Расіі) раёнаў,  акругі Піш (Польша) аб магчымым сумесным будаўніцтве Больценіцкага культурна-турыстычнага цэнтра як аднаго з памятных месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Адама  Міцкевіча на Беларусі.

Знак з нябёсаў

Добрым знакам звыш палічылі людзі незвычайную знаходку ў вёсцы Забалаць. У сакавіку 2009 года, якраз напярэдадні Вялікадня, мясцовы трактарыст, які працаваў на будаўніцтве кацельні, адкапаў экскаватарам  чатыры званы. Яны былі адлітыя амаль два стагоддзі назад:  у 1817, 1823 і 1837 гадах (на адным даты не было). Такім чынам, ажыла  мясцовая  легенда аб тым, што недзе ў Забалаці  ў зямлі схавана святыня.
Генрых Яблонскі, дэкан Радунскі, ксёндз Забалацкага касцёла Святой Тройцы, дакументальна даказаў прыналежнасць гэтай гістарычнай каштоўнасці мясцовай святыні. Як сведчыць інвентарны перапіс 1862 года, званы былі падораны касцёлу, які знаходзіўся ў вёсцы Варонічы, мясцовым вяльможам Хостыкам Нікодэмам Нарбутам. Аб гэтым, дарэчы, сведчыць і надпіс на адным з іх. Але ў 30-х гадах ХХ стагоддзя касцёл згарэў, а званы людзі паспелі схаваць. Рэліквію захоўвала зямля некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль не здарылася, якраз у Год роднай зямлі, яе цудоўнае вяртанне людзям.
Пакуль што яшчэ не знойдзены самы вялікі са званоў “Людвіг”, які атрымаў назву ад свайго прызначэння — “звон людовы”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter