Бары, клубы, дыскатэкі: у дні школьных канікул міліцыя ўзмоцнена патрулюе забаўляльныя ўстановы ў начны час

Тут нешта не вытанцоўваецца

Апынуўшыся ў начным клубе, падлетак аўтаматычна атрымлівае доступ да алкагольных напояў. Між тым усе, хто знаходзіцца ўнутры, павінны быць паўналетнімі — для таго і існуе пашпартны кантроль на ўваходзе. Але ахоўнікі часам «ідуць насустрач» і заплюшчваюць вочы на «пяшчотны» ўзрост кліентаў. Пазіцыя адміністрацыі ўстановы бывае неадназначнай: хтосьці звальняе нядобрасумленных сек'юрыці, а іншыя абураюцца, маўляў, сачыць за дзецьмі — задача бацькоў. Разам з участковым інспектарам па справах непаўналетніх карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася ў начны рэйд па Мінску.

Пасля 23 гадзін падлеткаў на вуліцы быць не павінна.
Фота Дзяніса МАЛЫШЦА

Дзень быў будзённы, таму сустрэць шмат падлеткаў без суправаджэння дарослых пасля 23 гадзін я не разлічвала. Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Ленінскага РУУС Мінска Васіль Кахновіч прытрымліваецца іншага меркавання:

— Канікулы ж... Дзяцей у няўрочны час поўна нават у будзённыя дні. Некаторыя бацькі летам на дачу з'язджаюць, пакідаюць іх адных. Але часцей на «подзвігі» ў начны час цягне падлеткаў з няпоўных сем'яў. Увогуле, пара ў нас цяпер самая гарачая.

Перш за ўсё адпраўляемся ў начны клуб на вуліцы Кастрычніцкай. Нядаўна Васіль Кахновіч выявіў тут нецвярозага падлетка. А як справы ідуць зараз? Праверыўшы дакументы ў кліентаў, пераконваемся: усе паўналетнія. З тых часоў каманда аховы тут змянілася, як і тактыка падлеткаў, якія жадаюць трапіць у клуб. Па словах ахоўніка, які стаяў на ўваходзе, замест пашпарта старэйшага брата ці сястры, як гэта рабілі гадоў дзесяць таму, цяпер спрабуюць прад'явіць фота пашпарта на тэлефоне:

— Яны яго ў спецыяльных праграмах падпраўляюць: мяняюць дату нараджэння ці фота. З намі такое не праходзіць. Просім паказаць дакумент «ужывую».

— Дарэмна вы сукенку апранулі, можа, пабегаць давядзецца, — звяртаецца да мяне Васіль Кахновіч па дарозе ў наступны клуб. — У некаторых падлеткаў пры адным позірку на інспектара прачынаецца Усэйн Болт. Яны такія хуткасці развіваюць, што не дагоніш.

Заходзім у кафэ на той жа вуліцы Кастрычніцкай. Унутры мнагалюдна. Інспектар скрупулёзна правярае дакументы ў кожнага, хто выклікае падазрэнні. Адзін з іх — Цімафей. Яму праз паўгода споўніцца 18. П'е звычайны чай. Але час позні — пара закругляцца. Васіль Кахновіч тэлефануе маме Цімафея, і юнак з'язджае дадому. Мама падзякавала супрацоўніку міліцыі за пільнасць.

— Больш непаўналетніх няма, — падсумоўвае інспектар.

— Тую дзяўчынку таксама праверылі?

— Гэта хлопчык...

Наступны ў спісе — бар цераз дарогу.

— Запраўляюцца за вуглом у позе гарністаў танным півам з супермаркета, а потым да нас спрабуюць прайсці, — бурчыць ахоўнік. Сваю працу робіць спраўна: непаўналетніх унутры не аказалася.

Васіль Кахновіч у інспекцыі па справах непаўналетніх ужо больш за 20 гадоў. У самога трое дзяцей.

— Алкагалізм памаладзеў, — адказвае на пытанне, як змянілася моладзь за гэтыя гады. — Многія бацькі ўвесь час на працы, каб у дзіцяці ўсё было: тэлефон апошняй мадэлі, арыгінальныя красоўкі... А дзецям жа ў першую чаргу патрэбна ўвага.

Стрэлкі гадзінніка тым часам паказваюць поўнач. Уваходзім у чарговую ўстанову і пачынаем праверку пашпартоў. З калонак даносіцца песня Філіпа Кіркорава «Колер настрою сіні» — здаецца, гімн тутэйшай установы.

— Толькі б малалетак не знайшлі, — чую, шэпча афіцыянтка.

— Шаснаццаць ёсць? — інспектар пільна глядзіць на хлопца, які «забыў» дакументы дома.

— Ёсць, — нервова стукае пальцамі па шклянцы з алкагольным кактэйлем.

— А дзень нараджэння калі? — пытанне на дабіванне.

На п'яную галаву хлопец дрэнна разумее. Аказалася, 16 гадоў яму споўніцца толькі ў верасні. Далей падзеі развіваюцца па звыклым сцэнарыі: просьба «Толькі не тэлефануйце бацькам» — і катэгарычнае «не» ў адказ. Званок бацькам і выклік ва ўчастак. Падлетка возьмуць на карандаш. Бацькі на першы раз абышліся папярэджаннем. Паўторнае парушэнне абернецца для іх штрафам да 5 базавых велічынь. Падлеткаў, якія паводзяць сябе вельмі дзёрзка, вязуць на агляд. У наркалагічным дыспансеры на вуліцы Перадавой з пятніцы па нядзелю кліентаў — не праціснуцца. Падлеткі на аглядзе — частыя госці.

Афіцыянтка, якая прадала хлопцу алкаголь, працуе тут толькі другі месяц і не ведала, што трэба глядзець не толькі на год нараджэння, але і на месяц.

— На зале працую адна. Наведвальнікаў шмат. Не паспела ва ўсіх праверыць пашпарты. Сама вінаватая... — згаджаецца з парушэннем афіцыянтка.

На яе складаюць пратакол. На першы раз дадуць па мінімуме. Яшчэ адно аналагічнае парушэнне на працягу года — і адказваць прыйдзецца не толькі афіцыянтцы, але і адміністратару клуба. Ахоўніка, які пусціў у клуб непаўналетняга, хутчэй за ўсё, звольняць.

Папулярныя сёння «флэты» і «ўпіскі» — тэма асобная. Падлеткі праз сацсеткі спісваюцца адзін з адным, высвятляючы, у каго «хата» свабодная ад «продкаў». Усім кагалам рушаць туды. Нядаўна ў адной з кватэр інспектар выявіў 16 чалавек, сярод іх 9 непаўналетніх. Траім не было і 16. Усе п'яныя. Некалькі тыдняў супрацоўнікі міліцыі высвятлялі, хто і каго ўцягваў у распіванне спіртных напояў. Справа скончылася стосам адміністрацыйных пратаколаў і індывідуальнай прафілактычнай работай.

...На гадзінніку ўжо 3.30. Я адпраўляюся дадому, хопіць з мяне на сёння. А інспектар будзе дзяжурыць да раніцы. У некаторыя клубы завітае па другім разе.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter