У маладзечанскім Палацы культуры навучаць танцам ад полькі да брэйк-данса і прапануюць відовішчы на любы густ

Тут нараджаецца творчасць

Маладзечна — адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, які не саступае па разнастайнасці культурнага жыцця сталіцы. І эпіцэнтр гэтага жыцця — Палац культуры, нават вонкавы выгляд якога гаворыць пра тое, што завецца ён палацам нездарма. Дзякуючы яму ў горадзе на 95 тысяч жыхароў праходзяць канцэрты зорак беларускай эстрады, знакамітых артыстаў і калектываў з Расіі і краін блізкага і далёкага замежжа, творчыя вечарыны вядомых людзей, тэатральныя паказы, шматлікія дабрачынныя акцыі і маштабныя тэлевізійныя праекты. І дзякуючы яму мясцовыя жыхары маюць магчымасць не толькі назіраць за яркімі культурнымі падзеямі, але і развіваць уласныя творчыя здольнасці.


У Палацы культуры ў Маладзечна працуе 35 аматарскіх калектываў, 12 з іх маюць званні “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, “народны” і “ўзорны”. Менавіта за арганізацыю іх дзейнасці, развіццё самадзейнай мастацкай творчасці, правядзенне звыш 100 мерапрыемстваў у межах Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” (гэтае званне Маладзечна горда насіла ў мінулым годзе) калектыў палаца быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Дарэчы, знамянальная падзея адбылася напярэдадні 15-годдзя гэтай установы культуры.

— Гэтая прэмія — прызнанне нашай працы не за адзін год, а за ўсе чатырнаццаць гадоў дзейнасці, — разважае намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай рабоце Палаца культуры Галіна Акулёнак. — Што і казаць, вельмі прыемна. Мы некалькі разоў прысутнічалі ў якасці гледачоў на ўручэнні спецыяльных прэмій Прэзідэнта і, вяртаючыся дадому, радаваліся за нашых калег, аналізавалі іх дзейнасць і думалі: раптам калі-небудзь таксама апынёмся на гэтай сцэне. І вось здарылася! Гэта высокая адзнака дзейнасці кожнага супрацоўніка нашага Палаца культуры. Бо, калі б не зладжаная праца ўсіх служб, не было б такога выніку. І кіруе гэтым усім ад самага пачатку будаўніцтва Палаца культуры і яго адкрыцця таленавіты прафесіянал і самаадданы дырэктар — Святлана Сарока.

Ад спектакляў да тэлешоу

Кожны год у супрацоўнікаў Палаца культуры адказны і напружаны, але мінулы быў асаблівы. Мала таго што ў краіне быў абвешчаны Год культуры, дык яшчэ Маладзечна абралі “Культурнай сталіцай Беларусі”. Галіна Уладзіміраўна прызналася, што калі ў пачатку мінулага года ўбачыла разам з калегамі план культурных мерапрыемстваў, схапілася за галаву: як усё паспець?! Але калектыў з усім справіўся, парадаваўшы жыхароў Маладзечна і гасцей горада і шоу, і канцэртамі, і маладзежнымі акцыямі, і зусім новымі праектамі.

На сцэне Летняга амфітэатра і ў сценах Палаца культуры ў межах праекта “Майстры мастацтваў — культурнай сталіцы Маладзечна” прагрымелі выступленні расійскага спевака і кампазітара Глеба Матвейчука, зоркі рускага шансона Міхаіла Шуфуцінскага, славутага шоу-балета Алы Духавай Todes. З поспехам прайшлі прадстаўленні Музычнага тэатра “Пецярбургская аперэта”, Маскоўскага акадэмічнага тэатра сатыры, канцэрты многіх беларускіх калектываў і артыстаў.

Упершыню ў Маладзечна былі праведзены адкрыты фестываль духоўнай музыкі “Музыка душы маёй”, уручэнне штогадовай маладзёжнай прэміі “Рэспект года — 2016”, конкурс “Сімвал маладога пакалення”, некалькі адкрытых пленэраў. Вынікам адкрытага пленэра мастакоў “Маладзечна АРТ — 2016”, у якім прынялі ўдзел мастакі з Беларусі, Расіі, Літвы, Арменіі, Ізраіля і Кітая, стала выданне каталога “Мастакі Маладзечанскага краю”. А пасля правядзення адкрытага пленэра скульптараў “Вернісаж камянёў” каля палаца з’явіўся сквер дэкаратыўна-паркавых скульптур.

Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей Маладзечна сталі здымкі ў горадзе некалькіх гучных тэлевізійных праектаў. Бо тое, што большасць беларусаў можа назіраць на экранах, маладзечанцы ўбачылі на ўласныя вочы. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Палаца культуры з беларускімі тэлекампаніямі тут прайшлі тэлепраекты “Песня года Беларусі” (АНТ), фестываль “Залаты шансон” (АНТ), запіс праектаў “Залатая калекцыя беларускай народнай песні” і “Нашы любімыя” (СТБ), першы рэспубліканскі фестываль аўтарскай песні “Подых струн” (“Беларусь 3”).


Драмгурток, гурток па фота...

Як правіла, нават у самых гучных канцэртах маладзечанскага Палаца культуры ўдзельнічаюць і яго калектывы. Сёння іх больш за тры дзясяткі. У іх знаходзяць сябе прадстаўнікі самых розных прафесій і ўзростаў.

Для тых, хто жадае ствараць рукамі, адчынены дзверы ў народны аматарскі калектыў “Вербачка”, народнае клубнае аб’яднанне “Майстар” і народную студыю выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Той. хто ўсё жыццё марыў пра сцэну, можа адчуць сябе акцёрам у народным тэатры “Метамарфозы” і тэатры мініяцюр “Брава!”. Тых, хто адчувае неабходнасць у гутарцы, у тым ліку на філасофскія і рэлігійныя тэмы, заўсёды чакаюць у духоўна-асветніцкім аб’яднанні “Светач” і маладзёжным клубе зносін і творчасці “Дыялог+”. Каму па душы спевы, той можа паспрабаваць сябе ў народным вакальным ансамблі “Менестрэлі”, узорных эстрадных студыях “Спяваем разам” і “Жывы гук”, студыі акадэмічных спеваў “Бельканта” або вакальнай групе Cantika.

А для тых, чые ногі так і хочуць кінуцца ў скокі, пры палацы працуюць узорны харэаграфічны ансамбль “Сонечныя праменьчыкі”, узорная студыя бальнага танца “Каскад”, узорны харэаграфічны ансамбль “ВіЗаВі”, студыя іспанскага танца фламенка FUEGO, ансамбль народнага танца “Карусель” і некалькі іншых.

Асаблівы гонар Палаца культуры горада Маладзечна — яркі і самабытны заслужаны аматарскі калектыў: ансамбль песні і танца “Спадчына”, які сёлета адзначыць 57-годдзе з дня заснавання. Ён захоўвае нацыянальную культуру і дорыць гледачам магчымасць дакрануцца да песенна-танцавальнага багацця Беларусі. За ўсю гісторыю калектыву ў ім прайшлі школу высокага майстэрства больш за тысячу ўдзельнікаў. Фото: mdk.by

Пакарыцелі фестываляў і глядацкіх сэрцаў

Калектывы Палаца культуры выступаюць не толькі на пляцоўках горада і раёна — іх добра ведаюць па ўсёй краіне і нават за мяжой. Артысты прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах, фестывалях, праектах. Нават удзельнікі народнага клубнага аб’яднання ветэранаў вайны і працы “Адпачынак”, сярод якіх ёсць таленавітыя спевакі, паэты, кампазітары і танцоры, нягледзячы на сталы ўзрост, не прапускаюць магчымасць паказаць клас у буйных праектах. Напрыклад, у пазамінулым годзе танцавальная група клубнага аб’яднання дайшла да паўфіналу тэлевізійнага шоу “Я магу!” тэлеканала СТБ.

— Вядома, мы радуемся любым поспехам нашых артыстаў, — прызнаецца Галіна Акулёнак. — Толькі летась нашы калектывы прынялі ўдзел у 47 конкурсах і фестывалях і занялі 61 прызавое месца. Асабліва прыемна, калі нашы калектывы прызнаюць не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні. Гэта значыць, усё, што робяць іх кіраўнікі, яны робяць правільна. Безумоўна, выязджаць за мяжу зараз няпроста. Але мы стараемся арганізоў-ваць такія выступленні сумеснымі намаганнямі — вялікую дапамогу і падтрымку аказваюць Маладзечанскі райвыканкам і бацькі нашых юных артыстаў. Бо ўсе разумеюць: нават удзел, не кажучы пра перамогу, у міжнародным конкурсе з’яўляецца вялікім стымулам для ўдзельнікаў студый, каб і далей не шкадаваць часу і сіл, прыходзіць некалькі разоў на тыдзень на рэпетыцыі і развіваць свае творчыя здольнасці.

Год культуры завершаны. Эстафета “Культурнай сталіцы Беларусі” перададзена Бабруйску. Спецыяльная прэмія Прэзідэнта атрымана... Але калектыў Палаца культуры Маладзечна і не думае аслабляць сваю дзейнасць. Планаў сёлета не менш, чым у мінулым годзе. Напрыклад, толькі ў лютым тут збіраюцца арганізаваць канцэрт саліста легендарнага гурта “Агата Крысці” Вадзіма Самойлава, паказ спектакля Тэатра эстрады Аркадзя Райкіна “Гатэль 18+”, правесці абласны этап Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, 15-годдзе студыі “Каскад” і многае іншае.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter