Тут мудрасць прадзедаў сівых дапамагае жыць

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама і рэдакцыі  бялыніцкай райгазеты “Зара над Друццю” Бялыніцкая зямля шчодрая на прыгажосць прыроды, працавітых і мужных людзей. Гісторыя гэтага краю звязана з многімі цікавымі падзеямі. Як вынік — мастацкія творы, народныя паданні, месцы, дзе прайшлі бітвы за Айчыну, старажытныя помнікі і шмат чаго іншага, што можна аднесці да цудаў гэтага рэгіёна.

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама і рэдакцыі  бялыніцкай райгазеты “Зара над Друццю”

Бялыніцкая зямля шчодрая на прыгажосць прыроды, працавітых і мужных людзей. Гісторыя гэтага краю звязана з многімі цікавымі падзеямі. Як вынік — мастацкія творы, народныя паданні, месцы, дзе прайшлі бітвы за Айчыну, старажытныя помнікі і шмат чаго іншага, што можна аднесці да цудаў гэтага рэгіёна.

БЯЛЫНІЧЫ

Сярод прыроды беларускай
Бруіць Друці
блакітны камень,
А ля рачулкі гэтай вузкай —
Мястэчка з белымі начамі.
Усё здаецца, як звычайна:
Звычайны свет,
звычайны вецер.
Ды толькі для мяне тут ранак
Найдаражэйшы,
чым у свеце.
Бялынічы, Бялынічы —
Любімая зямля,
І ясным днём, і поўначчу
Прытулак маю я.
Тут мудрасць
прадзедаў сівых
Дапамагае жыць.
Калыска светлых мар маіх,
Ну як вас не любіць?!
Бялынічы! Вы сэрца песня —
Кажу я шчыра, без падману,
Тут прыгажэй, званчэй і лепей
Зальецца птушка на світанні.
Тут мова лесу зразумела,
Шум верасу, заранкі ззянне.
Тут першы гук і крок нясмелы,
І першае ў жыцці каханне.

Святлана ЛАПО

Бялыніцкая ікона Маці Божай

— Гэта адна з цудатворных ікон Беларусі, — расказвае айцец Сергій. — Калісьці, у 1240 годзе, каб зберагчы святыні Кіеўска-Пячэрскай лаўры ад татара-мангольскіх захопнікаў, манахі везлі іконы далей ад Кіева. Аднойчы яны спыніліся на начлег у тутэйшых мясцінах. Адзін з манахаў ноччу прачнуўся ад моцнага свячэння, якое ішло ад іконы Маці Божай. Паводле падання, назва Бялынічы звязана з цудоўным святлом сярод ночы (Белы — нібы белыя ночы). Манахі з Кіева зразумелі, што гэта благаславенне Маці Божай і ікона павінна застацца ў гэтых мясцінах.
— Там, дзе начавалі манахі, — працягвае айцец Сергій, — быў пабудаваны храм, дзе і стаяла ікона. З таго часу праваслаўныя веруючыя заўсёды ідуць да іконы Бялыніцкай Маці Божай, каб пакланіцца ёй і папрасіць дапамогі. Раней паломнікі, перад тым як наведаць Кіева-Пячэрскую лаўру, павінны былі пакланіцца Нябеснай Заступніцы з Бялынічаў.
Цудатворны бялыніцкі абраз для ўсходняй Беларусі вякамі быў такой жа вялікай святыняй, як і ікона Жыровіцкай Маці Божай для заходняга краю.

Запольскі крыж

Вы яго бачыце на здымку. Жыхары вёскі Заполле, дзе ляжыць камень, расказалі, што знаходзіўся ён у іншым месцы, ва ўрочышчы Крыжы. Стаяў на беразе рэчкі. Паводле легенды, так ў старажытнасці абазначалі мяжу паміж княствамі.
— Хутчэй за ўсё гэта перароблены крыж, — гаворыць суправаджаючы нас ў падарожжы па Бялыніцкім раёне намеснік рэдактара раённай газеты Міхаіл Карпечанка. — З’явіўся ён у тутэйшых мясцінах, калі хрысціянства пачало пашырацца на нашай зямлі. Змагаліся за сваё існаванне дзве рэлігіі, перамагло хрысціянства. Знайшліся разумныя людзі і сказалі: “Абчэшам камень, будзе крыж”. Людзі хадзілі да крыжа, маліліся.
На запольскім крыжы, калі прыгледзецца, ёсць нейкія знакі, але ніхто не змог іх прачытаць. Там выбіты нібыта акенцы, краты, тры рысы, быццам вада льецца...
Міхаіл сцвярджае, што навуковага абгрунтавання наконт запольскага крыжа пакуль што няма. Хаця вядомы спецыяліст Нацыянальнай акадэміі навук Людміла Дучыц мае шмат даследаванняў пра камяні Беларусі, але ў асноўным пра тыя, што знаходзяцца на поўначы краіны, гісторыяй гэтага каменя-крыжа пакуль не займалася.

Камень-лекар

Мы яго сфатаграфавалі каля вёскі Падзевічы. Вакол яго лес, побач — два крыжы. Тут пахаваны святары, што служылі ў царкве, руіны якой выступаюць з зямлі (будавалася ў XVII стагоддзі).
Сцвярджаецца, што гэты камень валодае гаючай сілай. У выбітай неглыбокай адтуліне збіраецца вада, якая ніколі не высыхае, нават у гарачыню. Ці то з паветра тая вада, ці то з крыніцы, што б’е з-пад каменя...
Трэба абмакнуць у вадзе палец рукі і памазаць ім бародаўку на целе. Яна затым знікне. Але вылечыцца можна толькі пасля трохразовага наведвання каменя-лекара.
Гавораць, што такіх камянёў з адтулінамі, якія лячылі, у наваколлі было дзевяць. Аднак знайшлі пакуль што адзін вось тут, пад Падзевічамі.

Каскад з сямі азёр

Возера Зазерскае, да якога мы прыехалі спякотным ліпеньскім днём, было аблеплена адпачываючымі. Гэта адно з прыгажэйшых сямі азёр, якія ўваходзяць у знакаміты Бялыніцкі каскад. Навукоўцы сцвярджаюць, што азёры з’явіліся ў ледніковы перыяд, яны звязаны паміж сабою падводнымі рэчкамі.
Праз лес, балоты — возера Вейна. Там не так даўно людзі знайшлі драўляныя палі, на якіх, відаць, будавалася жыллё. Палевае паселішча (на вадзе) — рэдкая з’ява ў Беларусі. Яшчэ адно заўважана на Нёмане. Першыя адкрыцці падобных пасяленняў старажытных людзей адкрыты пад Цюрыхам, што ў Швейцарыі.

Гаючая вада бабы Фядоры

Фядора Данілаўна Конюхава жыве ў вёсцы Пільшчыцы. Вестка аб тым, што яна валодае здольнасцю лячыць лю-дзей з дапамогай мясцовай вады і гліны, разнеслася далёка за межы Бялыніцкага раёна. Народная лекарка дапамагла пазбавіцца ад некаторых хвароб многім сваім землякам, жыхарам Расіі, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі, Польшчы.

Жывапіс мастака Бялыніцкага-Бірулі

Сам мастак — гонар Беларусі, яго жывапіс — душа рэспублікі.
Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля — народны мастак БССР і РСФСР, ганаровы акадэмік АН БССР, правадзейны член АН СССР, стварыў шэраг жывапісных твораў пра веліч і прыгажосць прыроды Расіі і Беларусі.
У памяшканні мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі, упрыгожанага карцінамі знакамітага земляка, пра яго творчасць расказалі нам дырэктар музея Надзея
Палонік і навуковы супрацоўнік Ніна Кірэенка. Нарадзіўся Вітольд Каятанавіч недалёка ад Бялынічаў, у мястэчку Крынка ў 1872 годзе. На першай сваёй выставе вучань маскоўскага вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства, атрымаўшы ганаровую Боткінскую прэмію з рук Паленава, стане шырока вядомым.

Гармата часоў Айчыннай вайны 1812 года

Той, хто знаёміўся з гісторыяй Бялыніцкага раёна, ведае, што ў час Айчыннай вайны 1812 года тут адбылося шмат ваенных падзей. Адна з іх — вызваленне бялыніцкай зямлі ад французаў атрадам палкоўніка Дзяніса Давыдава. Дарэчы, гэты адважны камандзір яшчэ і вядомы гусар-паэт. У гонар народнага героя ў райцэнтры названа адна з вуліц, а ў адным з куткоў гарадскога пасёлка ўстаноўлена гармата часоў далёкай вайны. Каля яе спыняюцца людзі, каб дакрануцца да гісторыі.
Вось і маленькі Міша Мельнікаў з машыны заўважыў цікавую гармату і папрасіў бацьку спыніцца. Юрый Мельнікаў жыве ў Мар’інай Горцы, ехаў дадому з Крычава са сваімі дзецьмі — сынам і дачкой Алёнай. “Будзе здымак на памяць, — зазначыў бялыніцкі госць. — З цягам часу раскажу сыну пра гераічную зямлю, дзе пабывалі”.

 Выбіраем разам

Дарагія чытачы!

Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Бялыніцкага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Ваш голас вельмі важны! 7 цудаў Бялыніцкага раёна  Ваша адзнака

Жывапіс мастака Бялыніцкага-Бірулі

Гармата часоў Айчыннай вайны 1812 года

Бялыніцкая ікона Маці Божай

Камень-лекар

Каскад з сямі азёр

Дзівосы бабы Фядоры

Камень-крыж

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter