Заўтра завяршаецца добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу — 2018”

Тут будзе гай шумець

У гэтым годзе мерапрыемства, арганізатарам якога традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, прысвечана аднаўленню пашкоджаных у выніку нашэсця насякомых-шкоднікаў лясоў. Трэба сказаць, што фронт работ тут больш чым шырокі, бо малюсенькі жучок — прышэлец з Польшчы і Украіны — за лічаныя месяцы літаральна з’еў сасновыя насаджэнні на плошчы каля 16 тысяч гектараў. У той ці іншай ступені яго пагібельная прысутнасць фіксавалася практычна ва ўсіх лясгасах краіны.

Фота Аляксандра Стадуба

Зрэшты, як і меркавалася, недахопу ў неабыякавых памагатых работнікі лясной сферы не адчулі. Акцыя “Тыдзень лесу” сёлета праходзіць ужо ў 11-ы раз, і з кожным годам удзел у мерапрыемстве прымае ўсё большая колькасць беларусаў. Напрыклад, калі ў 2016 годзе ініцыятыву Мінлясгаса падтрымала 81 тысяча чалавек, то ў 2017-м — ужо 82,5 тысячы. А цяперашні сезон абяцае стаць яшчэ больш шматлюдным. Валанцёры прыязджалі на маючыя патрэбу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі цэлымі сем’ямі і працоўнымі калектывамі. Плячом да пляча на пасадках дрэў, уборцы лесу ад захламленасці, навядзенні парадку ў месцах масавага адпачынку з рыдлёўкамі, граблямі і, вядома ж, знакамітымі мячамі Колесава працавалі школьнікі, завадчане, прадстаўнікі бізнесу і грамадскіх аб’яднанняў, работнікі кантралюючых ведамстваў, дэпутаты...

Фота Валерыя Харчанка


Традыцыйна “Тыдзень лесу” адкрывае кіраўнік профільнага ведамства. На гэты раз міністр лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа садзіў дрэвы на тэрыторыі Лагойскага раёна.

Працы хапіла ўсім. “Лесаводы падрыхтавалі больш за 1300 аб’ектаў. Плануецца высадзіць больш за 18 мільёнаў дрэў”, — ёмка акрэсліў асноўныя мэты мерапрыемства міністр лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа падчас адкрыцця акцыі ў Лагойскім лясгасе. Наогул з дапамогай пасадачнага матэрыялу ўсяго за тыдзень трэба было азеляніць 3700 га тэрыторый. Усе жадаючыя забяспечваліся неабходным інвентаром.




Гэты год аб’яўлены Годам малой радзімы. Цяперашні “Тыдзень лесу” таксама да яго прымеркаваны. Кожны раз акцыя праходзіць пад новым лозунгам. У гэтым годзе Міністэрствам лясной гаспадаркі было прынята рашэнне далучыцца да глабальнай экалагічнай кампаніі, абвешчанай у Беларусі па ініцыятыве Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і правесці “Тыдзень лесу” пад слоганам “Вялікая ўборка малой радзімы”.


muravsky@sb.by

Фота БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter