Тут біў у званы Сувораў

А яшчэ 68-гадовы фельдмаршал здзіўляў мясцовых жыхароў тым, што адкрываў купальны сезон у красавіку

А яшчэ 68-гадовы фельдмаршал здзіўляў мясцовых жыхароў тым, што адкрываў купальны сезон у красавіку

Кобрынцы лічаць, што цудаў у іх значна больш чым сем. “Сам горад пасля “Дажынак” ператварыўся ў цуд”, — кажуць некаторыя. Аквапарк, лядовы палац, шыкоўная набярэжная — такія ёсць не ў кожным райцэнтры. Але пра дажыначныя аб’екты мы раскажам вам у адным з бліжэйшых нумароў. А зараз прапануем паглядзець на Кобрын як на гістарычны цэнтр. Як на былы маёнтак Суворава, як на месца першай перамогі над французамі. Адразу папярэджваем: назва “Кобрын” не мае ніякага дачынення да змяі, якая надзімае каптур. У славян слова “кобра”—  складзеныя разам далоні, а слова “кобрыць” азначала нешта хаваць, утойваць... Праўда, у нашым матэрыяле ніякіх утойванняў вы не знойдзеце.

Спадчына каралевы Боны

Ураджэнка Італіі, жонка вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Старога — фігура супярэчлівая. Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта дзякуючы Боне Сфорцы літоўская шляхта даведалася, як карыстацца... відэльцам. Таксама яна нібыта ўзбагаціла беларускую мову словам “палац”. Але прыпісваюць каралеве і пэўныя грашкі. Родны сын падазраваў Бону ў тым, што яна атруціла дзвюх яго жонак. Адна з іх — Барбара Радзівіл, чыя здань, кажуць, і сёння блукае па нясвіжскім парку.
Як бы там ні было, але ніхто не адмаўляе наступнага факта: Бона Сфорца была вельмі энергічнай і дзелавой жанчынай. Яна ўмела рабіць грошы. Напрыклад, атрымаўшы ад мужа Кобрын у падарунак, яна пабудавала там адзін з першых на тэрыторыі Беларусі меліярацыйных каналаў. Балоцістая глеба не давала вялікага ўраджаю, што зніжала прыбыткі... Даўжыня канала Боны складае 34 кіламетры. Ён прыносіць карысць і па сённяшні дзень. А яшчэ па загаду каралевы ў яе валоданнях пачалі праводзіць рэгулярныя рэвізіі, дзякуючы чаму мы маем дастаткова інфармацыі пра жыццё Кобрына ў ХVІ стагоддзі.

Страусы на Палессі

У вёсцы Казішча — гэта ўсяго 20 кіламетраў ад Кобрына — у 2003 годзе была заснавана першая ў Беларусі страусіная ферма. Зараз там на 10 гектарах жыве каля чатырохсот афрыканскіх птушак. Да нашых умоў яны прызвычаіліся надзіва проста — страусы не баяцца ні спякоты, ні холаду (нават 20-градусныя маразы іх не засмучаюць). Што тычыцца ежы, то і тут няма асаблівых пытанняў. Страусы з задавальненнем ядуць і зерне, і гародніну, і іншыя кармы. Пры гэтым вельмі хутка набіраюць вагу. Праз год кураня можа важыць сто кіло! Дарослыя асобіны (страусы жывуць да 70 гадоў) дасягаюць 230 сантыметраў у вышыню і 150 кілаграмаў вагі.

Падарунак фельдмаршалу

Імператрыца Кацярына ІІ зрабіла шчодры падарунак графу Сувораву-Рымнікскаму за тое, чаго яму да гэтай пары не могуць дараваць некаторыя жыхары Беларусі і Польшчы. Менавіта Суворава адправілі на падаўленне паўстання 1794 года, якім кіраваў Тадэвуш Касцюшка. Фельдмаршал разграміў канфедэратаў, а сваю першую перамогу атрымаў ля вёскі Дзівін, што пад Кобрынам (там нават захаваўся дуб, пад якім нібыта адпачываў граф).
У сваім маёнтку ў Кобрыне Сувораў жыў у 1797 і 1800 гадах. Да нашага часу захаваўся дом, у якім жыў Аляксандр Васільевіч. Пасля Другой сусветнай вайны ён уяўляў сабой непрыгляднае відовішча з прасеўшымі сценамі і трухлявым дахам. Савецкая ўлада не любіла амаль усё, што было звязана з царскай Расіяй. Але Сувораў стаў выключэннем. У 1946 годзе было вырашана стварыць музей палкаводца ў Кобрыне. Яго першым дырэктарам стаў Аляксей Мартынаў. Гэтага чалавека кобрынцы і па сённяшні дзень узгадваюць з цеплынёй і павагай. Ён дасканала ведаў гісторыю свайго края, сабраў шмат экспанатаў для музея.
Сёння экспазіцыі музея налічваюць больш за дзве тысячы экспанатаў. Тут можна не толькі даведацца пра жыццё Суворава і пабачыць тэатральную імпрэзу на гэтую тэму, але і пазнаёміцца з гісторыяй Кобрыншчыны ад самага каменнага веку.

Свята-Спаскі манастыр: кобрынскі адказ Гальшанам

Свята-Спаскі манастыр — найстаражытнейшы ў рэгіёне. Згодна з гістарычнымі звесткамі ён быў заснаваны напрыканцы ХV стагоддзя апошнім з кобрынскіх князёў — Іванам Сямёнавічам. Пасля падпісання Берасцейскай уніі праваслаўны манастыр стаў уніяцкім, пазней яго вярнулі праваслаўным. У ХІХ стагоддзі згодна з царскім загадам тут было адкрыта духоўнае вучылішча. Аднак пасля пажару вучылішча перанеслі ў іншае месца. А падвалы манастыра аблюбавалі жабракі. Так было да прыходу польскай адміністрацыі, якая вырашыла размясціць у будынку павятовы суд. Старажылы распавядаюць, што падчас рамонту тут былі знойдзены рэшткі пахаванняў, якія нібыта належалі кобрынскім князям. У тоўшчы адной са сцен будаўнікі наткнуліся на нішу, у якой было замуравана некалькі чалавечых шкілетаў у наручніках. Гэта нават страшней, чым паданні Гальшанскага замка! Дарэчы, гісторык Аляксей Мартынаў апісаў адзін выпадак, калі ля Свята-Спаскага манастыра з’явіўся прывід. Яго ў 30-я гады бачылі два хлопцы, якія былі абсалютна цвярозымі і ніколі не мелі праблем з псіхікай. Нібыта ў ясны дзень закруцілася віхура, а ў яе варонцы з’явілася чалавечая фігура ў цёмным адзенні і з каптуром на галаве. І гэтая фігура плаўна апусцілася ў сажалку...
У савецкія часы манастыр аддалі міліцыі. Толькі ў гэтым годзе Кобрынскае РУУС пераехала ў новы будынак, а храм у рэшце рэшт адышоў царкве.

Другое жыццё старога ветрака

Вятрак у вёсцы Балаты зараз мала чым нагадвае вятрак. Крылы яго паадляталі, ды і ўвогуле стан аб’екта не самы лепшы. Аднак неўзабаве чакаюцца перамены. Вятрак выкупіла фермерская гаспадарка “Вілія-Агра”.
— Мы плануем адрамантаваць яго і перанесці ў нашу аграсядзібу “Студзінка”, — распавядае кіраўнік гаспадаркі Васіль Новік. — Там ужо стаіць старажытны хутар з прадметамі быту нашых продкаў. Таксама мы адкрылі заапарк, у якім жывуць алені, ослікі, поні і нават паўліны.
Па словах Васіля Новіка, у 20-я гады мінулага стагоддзя млын купіў ў кобрынскага майстра адзін прадпрымальны селянін — пасля таго, як з’ездзіў на заробкі ў Амерыку.

Парк, якому чвэрць тысячагоддзя

Падчас жыцця ў Кобрыне Аляксандр Сувораў даволі часта здзіўляў мясцовых жыхароў. Напрыклад, у 68 гадоў ён сам узбіраўся на званіцу Петрапаўлаўскай царквы, калі трэба было біць у званы. Яшчэ спяваў у царкоўным хоры. Прычым фельдмаршал, нягледзячы на невысокі рост і сціплы целасклад, меў, даволі моцны бас. Любіў Суроваў і гуляць па кобрынскім парку, які быў цэнтрам яго маёнтка і дзе стаяла яшчэ адна сядзіба. І хоць заснаваны парк быў па загаду Антонія Тызенгаўза, але носіць ён імя Суворава. Кажуць, тут захаваліся старажытныя ліпы, якія помняць палкаводца. Між тым Аляксандр Васільевіч прыходзіў у парк яшчэ і для таго, каб паплаваць у сажалцы. У кобрынцаў, калі яны бачылі гэта, дрыжыкі беглі па скуры — Сувораў адкрываў купальны сезон у красавіку. Дарэчы, зусім нядаўна парк адзначыў сваё 240-годдзе.

Навука для Напалеона

Толькі праз 21 дзень пасля пачатку рускай кампаніі напалеонаўскія войскі пацярпелі першае сур’ёзнае паражэнне. І здарылася гэта ў Кобрыне. Тут армія Тармасава акружыла і разбіла саксонскі гарнізон, які ваяваў на баку Францыі. Саксонцы згубілі каля дзвюх тысяч чалавек забітымі, яшчэ дзве з паловай тысячы трапілі ў палон. Рускія налічылі ў сябе толькі 77 забітых і 182 параненых. Страты кобрынцаў — 548 дамоў, што згарэлі падчас бою.
У гонар гэтай перамогі ў 1912 годзе быў закладзены помнік, які вы бачыце на фота. За сваю гісторыю манумент перажыў нямала метамарфоз. Так, кайзераўцы падчас Першай сусветнай вайны пераплавілі арла на гарматы. Пасля, пры польскай уладзе, на камені-пастаменце з’явіўся бюст Касцюшкі. І толькі ў 1951 годзе па ініцыятыве Аляксея Мартынава помніку вярнулі першапачатковы выгляд. Дарэчы, побач з ім узвышаецца Свята-Аляксандра Неўскі сабор — гэты храм збудавалі на месцы пахавання рускіх салдат, загінуўшых у вайну 1812 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter