Турыстычны маршрут – па «Новай зямлі»

УЖО сёння коласаўскія мемарыяльныя сядзібы «Акінчыцы», «Альбуць» і «Смольня» збіраюць гасцей на рэспубліканскае свята паэзіі «О, Беларусь, ты сэрца і душа». Тут арганізаваны выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы, выставы маладых мастакоў Стаўбцоўшчыны, прэзентацыі новых кніг сучасных пісьменнікаў. У вёсцы Мікалаеўшчына адбудзецца грандыёзны канцэрт у гонар беларускага песняра. Сюды запрошаны Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», музычная капэла «Санорус», лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Ганна Благава і акцёры айчынных тэатраў. А 3 верасня, у дзень нараджэння песняра, дзеячы культуры і мастацтва, сучасныя паэты і пісьменнікі нашай краіны прынясуць кветкі да помніка Якубу Коласу ў сталіцы.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, распачаліся на Стаўбцоўшчыне

УЖО сёння коласаўскія мемарыяльныя сядзібы «Акінчыцы», «Альбуць» і «Смольня» збіраюць гасцей на рэспубліканскае свята паэзіі «О, Беларусь, ты сэрца і душа». Тут арганізаваны выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы, выставы маладых мастакоў Стаўбцоўшчыны, прэзентацыі новых кніг сучасных пісьменнікаў. У вёсцы Мікалаеўшчына адбудзецца грандыёзны канцэрт у гонар беларускага песняра. Сюды запрошаны Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», музычная капэла «Санорус», лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Ганна Благава і акцёры айчынных тэатраў. А 3 верасня, у дзень нараджэння песняра, дзеячы культуры і мастацтва, сучасныя паэты і пісьменнікі нашай краіны прынясуць кветкі да помніка Якубу Коласу ў сталіцы.

За гэты юбілейны год гісторыка-культурныя аб’екты, якія так ці інакш звязаны з жыццём і творчасцю паэта, прыкметна змяніліся. Мясцовая ўлада Стаўбцоўшчыны і арганізацыі раёна аказалі дапамогу ў правядзенні рамонту чатырох мемарыяльных сядзіб Якуба Коласа. Цяпер іх знешні выгляд значна аднавіўся. Адрэстаўраваны і знакамітыя драўляныя скульптуры кампазіцыі «Шляхі Коласа», пазбавіліся выбоін і пад’язныя дарогі да сядзібаў. Намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Шэсцель паведаміў напярэдадні святкавання юбілею на прэс-канферэнцыі, што дзякуючы фінансавай дапамозе Мінаблвыканкама зроблены таксама касметычны рамонт у школе вёскі Мікалаеўшчына, якая носіць імя Коласа. А на сайце школы адкрыты віртуальны музей, дзе можна пазнаёміцца з прадстаўленымі экспанатамі.

— Разам з кіраўніцтвам Стаўбцоўскага райвыканкама мы будзем шукаць тыя праекты, якія абавязкова прыцягнуць і жыхароў Беларусі, і замежных турыстаў да гэтых прывабных мясцін, — заявіў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі. — Тым больш што гэтыя турыстычныя маршруты можна нават уключыць у комплексныя, пры наведванні Міра, Нясвіжа. Мы таксама вернемся і да ідэі стварэння агульнага маршрута «Дарогамі Міцкевічаў», пачынаючы ад Адама і завяршаючы Канстанцінам. За аснову можна нават смела браць «Новую зямлю» Якуба Коласа, каб арганізаваць па гэтым творы рэальныя праекты.

І сапраўды, творы нашага знакамітага земляка распаўсюджаны па-за межамі Бацькаўшчыны. Папулярызацыяй творчасці паэта актыўна займаецца і Дзяржаўны музей Коласа, які ў гэтым годзе быў адноўлены.

— Ужо дзесяць год, як у нас заключана дамова с музеем Рыльскага ў Кіеве. Зараз там працуе наша выстава. Сёлета на каласавіны, 2 лістапада, мы заключым пагадненне з Літаратурным музеем Курска, дзе праводзіцца шырокая прапаганда творчасці нашага песняра, — паведаміла «БН» дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — У Пецярбургу плануецца выстава «Мілы кут маіх дзядоў». Некаторыя выставы перададзены ў гарады Арменіі, Балгарыі, Латвіі і Польшчы. Мы жадаем, каб слова Коласа гучала і за мяжою, дзе падрастае новае пакаленне нашых суайчыннікаў. У Беларусі грамадства вельмі зацікаўлена жыццём і творчасцю паэта, грунтоўная праца праводзіцца сярод школьнікаў. У гэтым годзе шмат увагі атрымаў праект «130 прысвячэнняў Якубу Коласу». На сёння да нас паступілі каля сотні заяў ад грамадзян рознага ўзросту. Ёсць нават канкурсанты з Латвіі.

Творчыя працы можна дасылаць на паштовую скрыню музея да 1 лістапада. Гэта могуць быць літаратурныя творы (вершаваныя, празаічныя, драматычныя) аб’ёмам да аднаго друкаванага ліста (40 тысяч знакаў з прабеламі). Ацэньваць творцаў будуць прафесійныя пісьменнікі, крытыкі, навукоўцы, коласаведы. Лепшых аўтараў запросяць у музей, дзе яны атрымаюць узнагароды,  а іх працы апублікуюць у зборніку, выхад якога запланаваны на пачатак 2013 года.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter